На Аршаншчыне ўлады, спалохаўшыся байкоту вяскоўцаў, прыгналі сапсаваны грэйдар


Жыхары вёскі Стаўры прыстрашылі начальства, што будуць байкатаваць выбары, калі не адрамантуюць дарогі. Улады адрэагавалі, накіраваўшы ў паселішча няспраўную тэхніку.

Вяскоўцы ўжо доўгі час намагаюцца прыцягнуць увагу раённага начальства да праблемаў паселішча. У вёсцы адсутнічае вулічнае асвятленне, па дарозе да нядаўняга часу, як падкрэсліваюць жыхары Стаўраў, можна было праехаць хіба толькі на танку, уся ваколіца зарастае бур’яном, а абкасіць сельсавет не рупіцца, без належнага нагляду застаюцца шмат якія старыя людзі і г.д. {movie}Жыхары Стаўраў: Байкот, бо за каго галасаваць?|right|6331{/movie}

«Нас нават за людзей не прымаюць, нікому вёска не патрэбная – толькі бульдозерам у кучу згарнуць», – скардзіцца адна з кабетаў.

Каб прыцягнуць увагу да сваіх праблемаў, вяскоўцы звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, напісаўшы, што не возьмуць удзелу ў выбарах, пакуль шэраг праблемаў не будзе развязаны.

Яны атрымалі адказ з Адміністрацыі прэзідэнта – пакуль толькі пра тое, што іхная заява прынятая. Дачакаліся яны і першай рэакцыі ўладаў – быў прыгнаны грэйдар, каб выраўняць дарогу, які, на жаль, не скончыў працы, бо сапсаваўся. Аднак большасць праблемаў забытай уладамі вёскі надалей застаецца неразвязанаю.

«Калі нашыя ўмовы будуць выкананыя, мы абавязкова возьмем удзел у галасаванні, – кажа стараста вёскі Ігар Грышанаў. – Але гаворка ідзе пра тое, за каго галасаваць? Бо тут пасядзеў у райвыканкаме, а яго – у Савет Рэспублікі, хоць ён сюды ніколі не прыязджаў і нават не ведае, дзе нашая вёска знаходзіцца».

Стараста падкрэсліў, што цяперашні дэпутат і чарговы афіцыйны кандыдат у дэпутаты толькі займаюць свае пасады, зусім не цікавячыся праблемамі вяскоўцаў.

«Выбіраюць дэпутатаў, а яны тут ніколі не бываюць», – наракаў на адсутнасць увагі з боку дэпутатаў адзін са старэйшых жыхароў вёскі.

belsat.eu

Стужка навінаў