Аляксей Ціханенкаў: Мне спалілі аўтамабіль, каб я адмовіўся ад дэпутацтва


Кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі лічыць, што зламыснікі, якія ўкінулі ў ягонае аўта паходню з каністраю бензіну, хацелі прымусіць яго адмовіцца ад ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Кіраўнік гаражнага будаўнічага спажывецкага кааператыву Аляксей Ціханенкаў з Воршы зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты ад АГП па 26-й выбарчай акрузе. Як зазначыў сам кандыдат, ягонае магчымае дэпутацтва перашкаджае найперш двум грамадзянам – беспрацоўнаму Ігару Казакову і пенсіянерцы Святлане Рудэнцы. {movie}Ціханенкаў: Спалілі машыну, каб мяне запалохаць|right|6316{/movie}

Паводле Ціханенкава, гэтыя людзі распачалі з ім вайну, бо баяцца, што кіраўнік кааператыву, будучы дэпутатам, перашкодзіць ім займацца “ценявым” бізнесам – будаваць гаражы, запісваючы іх на падстаўных асобаў, а пазней прадаваць.

Ціханенкаў падкрэсліў, што пасля таго, як Казакоў і Рудэнка даведаліся, што ён балатуецца ў парламент, то пачалі яму пагражаць – маўляў, “дэпутатам яму ніколі не быць, а ўся справа дрэнна скончыцца”. Акрамя гэтага, Казакоў сам-насам з Ціханенкавым намякаў, што на галаву кіраўніка кааператыву можа зваліцца цэгла або малаток.

Дзеля ціску на Ціханенкава, які адмовіўся падпісваць патрэбныя ім для продажу гаража дакументы, Казакоў і Рудэнка пачалі распаўсюджваць пра яго ілжывую інфармацыю – нібыта ён праводзіць мітынгі без дазволу і распаўсюджвае нелегальныя ўлёткі.

Некалькі разоў Казакоў і Рудэнка выклікалі ў кватэру Ціханенкава міліцыю, заяўляючы, што там ідзе бойка, хоць нічога падобнага міліцыя там не пабачыла. Аднойчы такая справа сапраўды закончылася бойкаю – Казакоў кінуўся на Ціханенкава і ўдарыў яго па галаве. Завялі адміністратыўную справу, у якой Казакова нарэшце прызналі вінаватым і прымусілі заплаціць штраф.

Уначы з 7 на 8 верасня невядомыя разбілі шыбы ў джыпе, які належыць Ціханенкаву. Зламыснікі ўкінулі ў салон паходню з вялікаю ёмістасцю бензіну. Ціханенкаў сам патушыў агонь, але аўтамабіль моцна пацярпеў.

Кандыдат у дэпутаты заўважыў, што Казакоў, напярэдадні спаткаўшы яго на вуліцы, прашыпеў: “Глядзі, ці дажывеш да старасці?!”

Пакуль праводзіцца праверка, справа не распачатая, але сам кандыдат у дэпутаты лічыць, што яго хацелі запалохаць і прымусіць зняць кандыдатуру з выбарчай гонкі.

belsat.eu

Стужка навінаў