«100% беларускага і сучаснага». З'явілася новая вопратка з «Берагіняй»


Вытворца беларускага адзення «Honar» прадставіў адмысловую лінію вопраткі. Серыя мужчынскіх кашуляў была створаная пры выкарыстанні ўнікальнага шрыфту «Берагіня», створанага філосафам Міхаілам Баярыным. Арыгінальнае адзенне прэзентавалі музыкі з рок-гурта «TerraKod» на штогадовым амерыканска-беларускім фестывалі «Амбасовішча».

«З’яўленне падобнай лініі – цалкам лагічная з’ява, бо ўсё болей людзей сёння шукаюць вопратку ў нацыянальным ключы, але з нейкай адметнасцю, – скаментаваў кіраўнік фірмы «Honar» Павел Доўнар. – Каб пашырыць гарызонты для ідэяў мы зрабілі такі наглядны прыклад – апранулі сучасных рокераў у мадэрновыя беларускія кашулі з новым беларускім шрыфтом. У выніку маем прадукт, які быў інспіраваны, створаны і рэкламуецца беларусамі. 100% беларускага і сучаснага».

Шрыфт «Берагіня» яўляе сабой стылізацыю літараў кірылічнага і лацінскага алфавіту пад узоры беларускага арнаменту.

[vc_single_image image=”342479″ img_size=”large”]

«Калі некая з’ява становіцца трэндам, то на яе целе адразу з’яўляецца вялікая колькасць прапановаў – і добрых, і так сабе, – патлумачыў вакаліст гурта «TerraKod» Байсан выбар адзення маркі «Honar». – Нам хацелася падтрымаць якасны падыход да вопраткі, таму мы «прайшліся па базары», паглядзелі, якая прапанова ёсць і спыніліся на той, якая адпавядала нашаму разуменню слова «якасць». Я, як мужчына, да выбару вопраткі падыходжу практычна – яе не трэба шмат, але яна мусіць быць крутой у сваёй лаканічнасці. Таму з «Honarам» у нас усё сышлося».

Брэнд «Honar» стварае моднае адзенне, якое адрозніваецца ад аўтэнтычнай беларускай вопраткі. Існуе пад лозунгам «Honar pavinien być» і пры стварэнні вопраткі карыстаецца выключна ручной працай. «TerraKod» – фолк-метал гурт з Берасця, што грае цяжкую гітарную музыку з нязменнай дудою.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў