Беларуская асацыяцыя журналістаў 10 снежня агучыла вынікі творчага конкурсу «Вольнае слова». На разгляд журы былі пададзеныя больш за 300 працаў.
1 месца ў інфармацыйным жанры атрымаў «Рэпартаж з рукамі за спіною» журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай. Рэпартаж быў пра тры дні, якія Кацярына правяла на Акрэсціна. Цяпер Андрэева адбывае пакаранне ў Гомельскай калоніі.
2 месца ў інфармацыйным жанры атрымаў стрым Паўла Свярдлова з «Еўрарадыё», які ён правёў з акцыі прыхільнікаў палітыкі Лукашэнкі. 3 месца ў інфармацыйным жанры атрымаў «Прэс-клуб Беларусь» і Юлія Слуцкая за інтэрв’ю з Марынай Золатавай.
1 месца ў намінацыі «Аналітыка» атрымаў цыкл рэпартажаў Стася Івашкевіча пра фальсіфікацыі на выбарах 2020 года.
У жанры мастацкай публіцыстыкі 1 месца – таксама матэрыялы «Белсата», цыкл «Мне яшчэ пашанцавала».
Мультымедыя праект «Мне яшчэ пашанцавала» спалучае ў сабе тэкставыя і візуальныя мовы аповеду. Калі нашыя героі не маглі знайсці слоў, яны малявалі свае ўспаміны.
Героі праекту – пацярпелыя ад гвалту пасля выбараў 2020 года. Іх гісторыі розныя. Але амаль кожны ў пэўны момант размовы казаў нечаканае: мне яшчэ пашанцавала. Пашанцавала, бо кагосьці збівалі мацней. Пашанцавала, бо змог уцячы з краіны. Пашанцавала… застацца жывым.
Каманда Белсату дакументавала гісторыі па ўсёй Беларусі і Польшчы восенню 2020 года. На той момант частка нашых герояў праходзілі лячэнне або з’ехалі за мяжу. З пацярпелых прадстаўнікі ўлады рабілі і працягваюць рабіць абвінавачаных.
Праект існуе на 6 мовах: беларускай, расейскай, ангельскай, польскай, украінскай і славацкай. Апошнюю мову ў праект дадалі дзякуючы высілкам беларусаў у Славакіі.
«Для каманды праекту прэмія «Вольнага слова» – вельмі каштоўная ўзнагарода. Гэта значыць што наш праект важны для беларусаў», – адзначаюць журналісты «Белсату».
3 месца ў мастацкай публіцыстыцы ў Ганны Галёты за відэа рэпартаж «Як Ніна Багінская тлумачыць паводзіны сілавікоў».
І 2 месца ў намінацыі «Журналісцкае расследаванне» (першае – у расследавання TUT.BY пра «нуль праміле» у Рамана Бандарэнкі) на конкурсе «Вольнае слова» – у матэрыяла Вольгі Ратміравай пра карупцыю ў медыцыне.
Больш за дзесяць гадоў Беларуская асацыяцыя журналістаў называе лепшыя працы калег па пяці намінацыях конкурсу: «Інфармацыя», «Аналітыка», «Мастацкая публіцыстыка», «Журналісцкае расследаванне» і «Дэбют». Сёлета журы агучыла пераможцаў ва ўсіх пяці намінацыях з ліку канкурсантаў, якія даслалі свае творчыя працы за 2020 год.
АА belsat.eu