news
Разбор
Беларусам прапануюць легалізацыю ў Польшчы за вялікія грошы. ЦБС падазрае махлярства, фірма адказала
Атрымалі каментар «падазраваных» і завочную бітву юрыстаў аб спрэчных выпадках легалізацыі.
10.11.202320:12

Кампанія прапануе дапамогу ў атрыманні міжнароднай абароны нават у выпадку, калі шанцы на пазітыўнае рашэнне здаюцца невысокімі, а цану сваіх паслугаў (якая можа дасягаць тысяч долараў) не раскрывае да першай платнай кансультацыі. «Белсат» атрымаў каментар гэтай кампаніі, якая не бачыць у такім падыходзе прыкметаў махлярства. На дадатак выйшла завочная «бітва юрыстаў» аб двух спрэчных выпадках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ветэрынарны пашпарт жывёлы, пашпарты Беларусі, польскі падарожны дакумент і карты побыту Польшчы і Украіны.
Фота: Белсат

«Цэнтр беларускай салідарнасці» нядаўна паскардзіўся на кампанію, якая прапануе беларусам сумнеўныя паслугі па легалізацыі ў Польшчы: абяцае дапамагчы з атрыманнем міжнароднай абароны аж за 6000 злотых (амаль паўтары тысячы долараў), хоць такую дапамогу можна атрымаць бясплатна ў тым жа ЦБС, і нават заяўляе, што «дапамагала ў легалізацыі юрыстам ЦБС», хоць тыя даўно маюць польскае грамадзянства. ЦБС параіў «абыходзіць некампетэнтных асобаў, якія спрабуюць выцягнуць прыбытак з вашай няпростай сітуацыі».

Як даведаўся «Белсат» са сваіх крыніцаў, гаворка пра супольнасць з абмежаванай адказнасцю (sp. z o.o.) «Work Legalization UE». Мы праверылі – пэўныя аспекты дзейнасці кампаніі сапраўды могуць выклікаць падазрэнні. На пытанні пра гэтыя падазрэнні адказаў прадстаўнік кампаніі, былы міліцыянт і палітычны ўцякач Міхаіл Куцко, які раней сапраўды аказваў дапамогу беларускім палітычным уцекачам. Ён запэўнівае, што падазрэнні дарэмныя.

Ці можна, атрымаўшы літоўскую візу, здабыць міжнародную абарону ад Польшчы без доказаў пагрозы пераследу ў Беларусі?

У тэлефоннай размове з журналістам «Белсату», які цікавіўся паслугамі кампаніі ад імя патэнцыйнага кліенту, у «Work Legalization UE» пагадзіліся ўзяцца за сумнеўную справу. Мы расказалі такую гісторыю: грамадзянка Беларусі з працоўнай візай ад Літвы хоча атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы, не маючы ніякіх абгрунтаванняў таго, што ў Беларусі ёй пагражае небяспека.

Прадстаўніца кампаніі прапанавала запісацца на платную кансультацыю за 246 злотых (каля 60 долараў), а канчатковую цану паслугаў адмовіліся назваць нават прыблізна. Паабяцала, што ў дамове будзе прапісанае вяртанне грошай, калі ў легалізацыі адмовяць па віне кампаніі, і адзначыла, што ў кампаніі «гарантуюць на 100 %» станоўчае рашэнне, бо раней не атрымлівалі ніводнай адмовы.

Праблема ў апісаным намі выпадку была б не толькі ў тым, што чалавек не мае абгрунтаванняў пагрозы небяспекі, а і ў тым, што гэтую справу цалкам могуць перадаць на разгляд Літве. Але Куцко кажа, што гэтыя праблемы не значаць гарантаванай адмовы ў дадатковай абароне.

На адным з відэа ў сацсетках кампанія заяўляе, што права на абарону ў Польшчы нібыта мае любы грамадзянін Беларусі, нават той, які «не мае ніякіх адносінаў да палітыкі». У законах Польшчы такога няма. Адпаведная пастанова (PDF) у артыкуле 13 кажа даваць статус уцекача ў выпадку «абгрунтаванага страху» (uzasadnionej obawy) перад пераследам у краіне паходжання з прычынаў расы, рэлігіі, нацыянальнасці і палітычных перакананняў. Дадатковую абарону ў артыкуле 15 кажуць даваць, калі няма падставаў да надання статусу ўцекача, але ў родным краі ёсць пагроза смяротнага пакарання, катаванняў і бесчалавечнага стаўлення, пагроза жыццю і здароўю ў выніку шырокага ўжывання гвалту супраць грамадзянскага насельніцтва ва ўзброеным канфлікце. У артыкуле 20 асобна прапісана, што ў дадатковай абароне могуць адмовіць, калі няма рэальнай рызыкі прычынення сур’ёзнай шкоды.

Парады
Перадайце беларусам у Польшчы: гэты бот адкажа на галоўныя пытанні пра легалізацыю, медыцыну, транспарт
2022.07.02 15:12

Міхаіл Куцко жа спасылаецца на афіцыйнае меркаванне (opinię) аддзелу інфармацыі аб краінах паходжання Упраўлення справаў замежнікаў (WIKP UDSC), не апублікаванае ў адкрытым доступе. Куцко паказаў «Белсату» нядаўняе пазітыўнае рашэнне аб наданні дадатковай абароны, у якім цытаванае тое меркаванне, у прыватнасці, радок аб тым, што антыпольская рыторыка Аляксандра Лукашэнкі можа стаць прычынай падвышанай увагі беларускіх уладаў да грамадзянаў Беларусі, якія вяртаюцца з Польшчы. У той справе заяўнік не прадставіў доказаў пагрозы, але выснова была станоўчая, бо сам факт знаходжання ў Польшчы можа быць пагрозай па вяртанні ў Беларусь.

Пра Літву жа згадалі таму, што, згодна з Дублінскім пагадненнем (рэгуляцыя 604/2013, артыкул 12), калі чалавеку выдала візу Літва, то менавіта Літва, а не Польшча, мусіць разглядаць заяўку аб міжнароднай абароне. Куцко ж звяртае ўвагу на тое, што ў Польшчы могуць, але не абавязаныя спасылацца на Дублінскае пагадненне – цалкам могуць не аддаваць справу на разгляд краіне, якая выдала візу. Паводле Куцко, кампанія мае кліентаў, справы якіх Польшча ў такім выпадку не перадавала іншым краінам.

Калі законных падставаў для легалізацыі няма і не можа быць, то кампанія, кажа Куцко, за такія справы не бярэцца, але ў апісаным выпадку падставы ёсць.

Легалізацыяй займаецца былая будаўнічая кампанія, якая сама падказвае, чаму яна падазроная?

На сайце «Work Legalization UE» ў раздзеле «Пра нас» менавіта пра саму кампанію і кваліфікацыю ейных супрацоўнікаў няма звестак, таксама іх няма і на старонках кампаніі ў сацсетках. На ўсіх фота і відэа кампаніі фігуруе толькі адзін чалавек – Яўгеній Якімчык. Ён расказвае пра юрыдычныя аспекты легалізацыі, выступае на відэа і фота з людзьмі, якія скарысталіся паслугамі кампаніі. Ён жа – у ліку сузаснавальнікаў кампаніі.

У адкрытых звестках «Белсат» не пабачыў прыкметаў адпаведнай юрыдычнай адукацыі ў Якімчыка – той у сацсетках расказваў толькі, што адвучыўся ў гарадзенскім Каледжы бізнесу і права, а да пераезду ў Польшчу быў індывідуальным прадпрымальнікам. На адным з сайтаў захавалася абвестка, у якой чалавек з такім імем і падобнай знешнасцю прапануе паслугі мантажніка вокнаў.

Куцко падкрэслівае, што Якімчык – не адзіны чалавек у фірме. У кампаніі, кажа Куцко, ёсць два юрысты, якія могуць аказваць у Польшчы прававыя паслугі (маюць права на doradztwo prawne), і два асістэнты гэтых юрыстаў, а Якімчык – «рэкламны твар», юрыстам сябе не называе. Маўляў, на месцы Якімчыка ў сацсетках мог быць і дворнік, а юрыдычныя паслугі ў кампаніі аказваюць тыя, хто мае на тое права.

У адным з відэа ў сацсетках кампаніі Якімчык расказвае, як распазнаць махляра ў справе легалізацыі: «Такія фірмы, як правіла, займаюцца ўсім запар: легалізацыяй, працаўладкаваннем, бухгалтэрыяй, нерухомасцю, страхоўкамі і шматлікім іншым». Ягоная фірма якраз падыходзіць пад гэтае апісанне.

«Work Legalization UE» прапануе дапамогу ў атрыманні грамадзянства Польшчы, карты паляка, віду на жыхарства, міжнароднай абароны, падатковага нумару (PESEL), польскага аналагу прапіскі (meldunku), заключэння працоўнай дамовы, адкрыцця кампаніі і атрымання польскага аналагу статусу індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама ў выпісцы ўсіх відаў запрашэнняў, у замене пасведчання кіроўцы і нават у пошуку арэнднага жытла. Акрамя таго, са звестак польскага судовага рэестру (KRS) вынікае, што кампанія спачатку – пры рэгістрацыі ў 2021 годзе – не называла юрыдычныя паслугі відам сваёй дзейнасці, а называла ў відах дзейнасці будаўнічыя працы, пакупку і продаж нерухомасці, працу з электрычнымі інсталяцыямі і рамонтам аўтамабіляў і іншае.

Куцко тлумачыць: спачатку сярод відаў дзейнасці было таксама і працаўладкаванне часовых працаўнікоў-замежнікаў (pozostała działalność związana z udostępnianiem pracowników), на тое і была спачатку накіраваная дзейнасць. Польскія законы не забаранялі кампаніі змяніць напрамак дзейнасці – і яго легальна змянілі, што адлюстравана ў KRS.

Ці можна ездзіць у Беларусь, атрымаўшы ў Польшчы дадатковую абарону?

На прынамсі двух відэа Якімчык заяўляе, што беларускіх грамадзянаў не пазбавяць дадатковай абароны за паездкі ў Беларусь. Гэта спрэчная заява: як раней расказвалі «Белсату» кіраўнік юрыдычнай фірмы «Legal status» Алесь Міхалевіч і юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская, паездкі ў Беларусь якраз могуць трактаваць як нагоду для пазбаўлення абароны. У адрозненне ад міжнароднай абароны, гуманітарнай візы ці віду на жыхарства на падставе такой візы, хутчэй за ўсё, не пазбавяць за паездку ў Беларусь.

Разбор
Ці адбярэ Польшча гуманітарную візу або гуманітарны ВНЖ, калі я паеду ў Беларусь?
2023.10.11 08:02

Ды сапраўды, «могуць» не значыць «абавязаныя». Законы аб міжнароднай абароне дазваляюць пазбаўляць статусу ўцекача і дадатковай абароны, калі адпаведны дзяржаўны орган вырашае, што замежнік зноў добраахвотна прыняў абарону дзяржавы, грамадзянінам якой ён ёсць. А што значыць «прыняць абарону дзяржавы»?

Пазіцыя, якую агучвае Якімчык, такая: што не забаронена, тое дазволена, а паездкі ў Беларусь наўпрост не забароненыя; дадатковай абароны могуць пазбавіць пры знікненні абставінаў, на падставе якіх была выдадзеная дадатковая абарона, а пагрозы рэпрэсіяў у Беларусі не зніклі.

Іншае пытанне – ці варта ездзіць у Беларусь, калі там ёсць пагроза. Напрыклад, кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак паслядоўна настойвае: не рызыкуйце, бо заехаўшы ў Беларусь, можаце «заехаць на пяць гадоў».

Ці ёсць пацярпелыя ад гэтай кампаніі?

У каментарах да аднаго з пастоў кампаніі карыстальнік піша: «Каця, раскажы, на колькі цябе абула гэтая кантора». Каця не адказвае. «Белсат» звярнуўся да гэтага карыстальніка з просьбай расказаць пра здарэнне падрабязней, на момант публікацыі адказу не было.

Іншы карыстальнік у каментарах скардзіцца: «Пакідаеш заяву, ператэлефаноўваюць, навязваюць платную кансультацыю і не кажуць цану, каб хоць разумець, ці варта займацца гэтым».

Падобна, пытанне аб цэнах на паслугі ўзнікала не раз. У адным з пастоў Якімчык абураецца: «А чаму я не мушу браць за сваю працу грашовую ўзнагароду?». Кажа: «Я вас не прымушаю замаўляць у мяне паслугі!». Піша, што ў іншых фірмах не дадуць 100 % гарантыі станоўчага рашэння, а цэны «абумоўленыя прафесіяналізмам супрацоўнікаў». Каб даведацца цану, заклікае запісвацца на кансультацыю – як высветлілася, платную, за 246 злотых.

Куцко не бачыць у гэтым нічога падазронага: маўляў, у лекара ж можна атрымаць бясплатную кансультацыю, можна платную. У час кансультацыяў, падкрэслівае ён, высвятляюць, якая ў чалавека сітуацыя і ці мае чалавек абгрунтаванні, і ў залежнасці ад гэтага выстаўляюць цану, якая можа дасягаць нават 12 300 злотых (гэта амаль тры тысячы долараў). А ў пэўных выпадках прававую дапамогу могуць аказаць і бясплатна.

Суразмоўца настойвае: бізнес не парушае законаў Польшчы, за ўсе аплаты даюць чэкі, якія выдаюць пад камерамі назірання. І кампанія два гады займаецца легалізацыяй не толькі беларусаў – Куцко кажа, калі б рабілі штосьці незаконна, даўно прыцягнулі б да адказнасці.

Што да заявы ЦБС аб тым, што хтосьці з прадстаўнікоў кампаніі хваліўся «легалізацыяй юрыстаў ЦБС», Куцко кажа: аб такім не чуў, хіба некалі займаліся легалізацыяй кіраўніцы юрыдычнага аддзелу аднаго з фондаў дэмакратычных сілаў, а адкуль узялася заява пра юрыстаў ЦБС, не ведае.

Алесь Наваборскі belsat.eu