«Беларускамоўным дзецям маглі дыягнаставаць затрымку псіхічнага развіцця». Іна Кулей – аб працы лагапедам і эміграцыю


Іна Кулей – вядомая беларуская грамадская дзяячка, некалі – каардынатарка Праграмы Каліноўскага, жонка Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на прэзідэнцтва Беларусі на выбарах 2006 года, а акрамя ўсяго іншага – лагапед-дэфектолаг. Цяпер жыве ў Варшаве, дзе ў верасні адкрыла свой лагапедычны кабінет. Пагутарылі са спадарыняй Інай пра беларускую лагапедыю, розніцу паміж пастаноўкай правільнага маўлення па-расейску і па-беларуску, праграму Каліноўскага і беларускую адукацыю за мяжой, а таксама пра жыццё ў выгнанні ды дзе браць аптымізм і веру ў лепшую будучыню Беларусі.

Іна Кулей у сваім лагапедычным кабінеце. Варшава, Польшча. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Калі з’явіліся беларускамоўныя пацыенты, дапаможнікі на роднай мове давялося ствараць самой»

– Спадарыня Іна, у верасні вы абвесцілі, што адкрылі ў Варшаве свой лагапедычны кабінет і распачынаеце прыём пцыентаў. Раней вы працавалі онлайн. Распавядзіце, калі ласка, як прыйшла ідэя выйсці ў офлайн і адкрыць свой кабінет?

– Дэфекталогія – мая першая спецыяльнасць. Я працавала па ёй некаторы час адразу пасля выпуску з педагагічнага ўніверсітэту тады імя Максіма Горкага, сёння – Максіма Танка. Дасягнула ўзроўню вышэйшай катэгорыі. Потым маю ўвагу адцягнула грамадская дзейнасць. Я заснавала грамадскую арганізацыю «Берасцейскі абласны цэнтр грамадскіх ініцыятываў «Вежа», а пазней Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» у Менску. Лагапедычную справу я таксама не кідала, але займалася больш прыватна, з сябрамі.

У 2017 годзе, калі памёр мой тата, мама, якая жыла ў Берасці, засталася зусім адна. Я – адзіная дачка, больш у яе нікога не было. Я зразумела, што ёй вельмі самотна, цяжка, і мы з мужам вырашылі пераехаць бліжэй да яе. Свае справы ў Менску я перадала іншай асобе, а сама пачала шукаць, чым займацца ў Берасці. Прозвішча было на слыху, мяне ўспрымалі як нелаяльную да ўлады, а значыць, небяспечную асобу. Урэшце ўладкавалася ў прыватны медычны цэнтр і так вярнулася да лагапедыі. Праца ў медычным цэнтры патрабавала сур’ёзнай падрыхтоўкі, таму я прайшла яшчэ навучанне, атрымала дадатковыя кваліфікацыі, перачытвала па начох новыя даследаванні па сваёй спецыяльнасці. Калі ж з’явіліся першыя беларускамоўныя пацыенты, якія хацелі паправіць сваё маўленне менавіта на беларускай мове, стала зразумела, што няма дапаможных матэрыялаў, методыкі, то давялося і іх ствараць самастойна.

Калі пачалася пандэмія, я стала працаваць онлайн і працягнула такую працу пасля пераезду ў Варшаву. Адначасова па сарафанным радыё да мяне звярталіся новыя кліенты. Я ўбачыла запатрабаванасць, а таксама, што праца і пастаноўка гукаў у некаторых пацыентаў патрабуе часу, і гэта не так проста зрабіць у онлайне. Тады і прыйшла думка пра кабінет. Адчыніўся ён у верасні, і я магу сказаць, што першы месяц працы атрымаўся ўдалым. Да мяне прыйшлі займацца і дарослыя, і дзеці, і я вельмі шчаслівая, што праца пайшла.

«Расейскамоўныя лагапеды імкнуцца выправіць у дзіцяці беларускія гукі»

– Вы працуеце на расейскай і беларускай мовах?

– Так. На польскай ці іншай мове, якія я ведаю, я працаваць не магу, бо каб карэктаваць маўленне, трэба вельмі глыбока ведаць мову, быць яе носьбітам у ідэале.

Іна Кулей у сваім лагапедычным кабінеце. Варшава, Польшча. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Ці ёсць розніца ў пастаноўцы гукаў на расейскай мове і на беларускай? Чым адрозніваюцца праблемы ў маўленні расейскамоўных і беларускамоўных?

– Калі ў дзіцяці беларускамоўная сям’я, а атачэнне – расейскамоўнае, то такое дзіця можа не разумець шмат якія словы, якія не адпавядаюць у перакладзе беларускай мове. Калі сказаць такому дзіцяці «нарисуй карандашами рисунок», то ён не зразумее, бо гэта гучыць вельмі адрозна ад «намалюй алоўкамі малюнак». Было шмат выпадкаў, і я сама ўдзельнічала ў камісіях, калі такім беларускамоўным дзецям памылкова дыягназавалі затрымку псіхічнага развіцця. На самай справе гэта абсалютна развітыя нармальныя дзеці, проста яны не разумеюць свайго суразмоўцу, бо размаўляюць на іншай мове.

Па-другое, ёсць гукі, абсалютна адрозныя ў расейскай і беларускай мовах. Напрыклад, [ч] і [р] у беларускай мове толькі цвёрдыя. Яшчэ ёсць [дз] і [дж] – у расейскай мове іх няма. Ну і таксама нашае глыбокае беларускае [г]. Таму калі бацькі размаўляюць па-беларуску, у дзіцяці гэта адразу адчувальна. І расейскамоўныя лагапеды ўсё гэта імкнуцца выправіць.

– Часта расейскамоўныя, калі пераходзяць на беларускую, вымаўляюць [ч] занадта мякка, не могуць вымавіць беларускі выбухны [г]. Ці можна гэта выправіць у дарослым узросце?

– Так, канечне, навучыцца вымаўляць правільна можна ў любым узросце. Малым дзецям спачатку паказваеш, магчыма, з дапамогай інструментаў, як трэба, а потым гэта даводзіцца да аўтаматызму. Трэба шмат разоў паўтараць, важна, каб бацькі дапамагалі, асяроддзе, і тады дзіця вучыцца вымаўляць. Калі гэта дарослы чалавек, падключаецца матывацыя, асэнсаваны падыход, ён ведае, навошта ён вучыцца. У мяне шмат дарослых пацыентаў, якія навучыліся казаць [р] і ў 35 гадоў, і пазней. Не трэба лічыць, што калі штосьці не было папраўлена ў дзяцінстве, то ўжо ўсё. Маўленне можа быць скарэктаванае ў любым узросце.

Час ад часу я чую журналістаў, палітыкаў ці экспертаў, якія маюць праблемы з гукавымаўленнем – можа быць «каша ў роце», гаворка можа быць немадуляванай, манатоннай ці з пад’ёмамі голасу. Яны не звяртаюць на гэта ўвагі, і гэта добра, што ў іх няма комплексу, але гэта можна паправіць і зрабіць гаворку чыстай і прыгожай, што і дапамагаюць зрабіць фаніятары і лагапеды.

«Беларускамоўных дзяцей у мяне больш, чым расейскамоўных»

– Ці шмат да вас прыводзяць беларускамоўных дзяцей, каб паставіць менавіта беларускае вымаўленне?

– Я вельмі шчаслівая, што беларускамоўных кліентаў у мяне значна больш. Напэўна, па-першае, таму, што я – беларускамоўны лагапед, якіх агулам вельмі мала, бо на расейскай мове працаваць лягчэй – ёсць метадычныя матэрыялы, падручнікі. На беларускай мове такога, на жаль, няма, і працую над тым, каб такія дапаможнікі выйшлі.

Іна Кулей у сваім лагапедычным кабінеце. Варшава, Польшча. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Па-другое, у маім атачэнні цяпер увогуле беларускамоўных больш, і мне гэта вельмі прыемна. Я часта бачу, як беларускую мову імкнуцца захоўваць і перадаваць дзецям сем’і, якія ўжо даўно жывуць за мяжой. Якраз сёння я кансультавала такую малую пацыентку, у якой тата размаўляе па-эстонску, а мама – па-беларуску. З дзяўчынкай у сям’і кожны размаўляе на сваёй мове. І яна тату адказвае па-эстонску, а маме – па-беларуску. А жывуць яны ў Нямеччыне. У яе ёсць адчувальны акцэнт, але яна дакладна размаўляе і разумее па-беларуску. Медалі трэба даваць такім мамам і татам, якія ў такіх умовах расцяць беларускамоўных дзяцей, захоўваюць нашую аўтэнтычнасць, наш гістарычны код, які хоць і расцярушаны па ўсім свеце сёння, але ён ёсць.

Развіццё беларускай дэфекталогіі ў Беларусі – прыватная ініцыятыва

– Вы кажаце, што працуеце над дапаможнымі матэрыяламі для беларускамоўных лагапедаў. Атрымліваецца, што за ўсе гэтыя гады ў Беларусі не было распрацавана такіх падручнікаў?

– Гэта заўсёды было прыватнай ініцыятывай. Абсалютна выпадкова я неяк сустрэла ў гарадзенскім універсітэце ў адной выпускніцы падручнікі для дыягностыкі дзіцяці на беларускай мове. Дзяўчына распавяла мне, што іх самастойна зрабіла іхная выкладчыца, у невялікай колькасці, магчыма, нават проста на капіявальным апараце. Лагапедычных матэрыялаў на беларускай мове вельмі мала, шырокай магчымасці набыць іх, на жаль, няма. Цяпер я бачу, што гэтая патрэба наспявае, з’яўляюцца лагапеды, якія з расейскай гатовыя перайсці на беларускую – надоечы я сустрэла такую жанчыну  ў садочку-школе «Я дома» ў Варшаве, дзе валанцёрыла некаторы час.

– Але гэта ўсё распрацоўваецца і пашыраецца за мяжой, а не ў Беларусі….

– Нічога страшнага. Усё, што назапашваецца, усё давязем дадому. Шмат народаў былі ў падобных сітуацыях. Не мы першыя. Я цяпер чытаю пра іншыя народы, іхны досвед эміграцыі, вяртання. І я разумею, што калі нашыя эксперты кажуць, што 45 % беларусаў не вернуцца, гэта прыспешаныя высновы, бо сітуацыя можа змяніцца ў любы момант. Калі людзі адчуюць не толькі ўнутраную покліч кшталту любові да радзімы, але яшчэ інтарэс эканамічны, магчымасці для самаразвіцця, убачаць перспектывы на роднай зямлі, будучыню для сваіх дзяцей, я думаю, гэтая лічба павялічыцца. Таму тым, хто сёння трапіў у рэлакацыю – а я не называю тое, што мы перажываем, эміграцыяй, бо лічу, што гэта часовая рэч, усім сэрцам раю азірацца, набірацца досведу, браць найлепшае, рабіць пакрысе тое, што можа быць карысным для сённяшняй і будучай Беларусі – гэта ўсё прыдасца.

«Роля Праграмы Каліноўскага для Беларусі будзе асэнсаваная пазней»

– Свой пераезд вы таксама ўспрымаеце як часовую рэлакацыю? Ці можаце вы сказаць, што знайшлі сябе ў Польшчы, або жывяце з чаканнем вяртання?

– Гэта вельмі цяжкае пытанне, калі пра гэта думаеш, хочацца плакаць. Мы знайшлі сябе тут, нам тут добра жыць, гэта не чужы край, таму што мы працавалі шмат гадоў з Польшчай. Я добра ведаю польскую мову. Тут жывуць нашыя дзеці і маленькія ўнучкі, якія таксама не могуць прыехаць на радзіму. Таму нельга сказаць, што штосьці дрэнна склалася і мы не адчуваем тут сябе запатрабаванымі людзьмі. Гэта не зусім чужына. Але радзіма ёсць радзіма, і калі ты адарваны ад роднай зямлі, гэта ўсё ж балюча.

Іна Кулей у сваім лагапедычным кабінеце. Варшава, Польшча. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Вы ўзгадваеце пра колішнюю супрацу з Польшчай. Шмат гадоў вы каардынавалі Праграму Каліноўскага. Што вы можаце пра яе сказаць сёння? Ці сыграла яна сваю ролю, якую ад яе чакалі, для Беларусі?

– Я думаю, што Праграма Каліноўскага будзе асэнсаваная пазней. Таму што на сённяшні момант мы не можам сказаць, што яна прынесла Беларусі менавіта ўнутры Беларусі. Мы спрабавалі зрабіць праграму «Тваё заўтра» для выпускнікоў замежных універсітэтаў, у тым ліку каліноўцаў, ладзілі некалькі кірмашоў, дзе працадаўцы маглі пазнаёміцца з выпускнікамі. Сёння, на жаль, гэта ўсё ў Беларусі непатрэбна. Але калісьці яно будзе запатрабаваным, і нашыя выпускнікі будуць вельмі каштоўнымі працаўнікамі. Паглядзіце, напрыклад, на не самую дэмакратычную краіну Казахстан. Там ёсць дзяржаўная праграма, па якой менавіта дзяржава скіроўвае выпускнікоў школаў паступаць у замежныя ВНУ, каб там набрацца досведу і прывезці сучасныя веды ў розных галінах. Яны фінансуюць гэтага маладога чалавека і чакаюць яго на радзіме, даюць яму найлепшыя ўмовы, каб ён прывёз новыя веды. Так мы мусім зрабіць і ў Беларусі.

Калі ж казаць пра кожнага ўдзельніка праграмы асобна, то, канечне, яна дала ім вельмі шмат. Бо яны мелі магчымасць вучыцца ў зусім іншай сістэме адукацыі, а не ў нашай савецкай, якая апошнім часам яшчэ і дэградуе і становіцца ўвогуле ні да чаго не прыдатнай. Мы сёння ведаем шмат паспяховых каліноўцаў у розных краінах – гэта дактары навук, спецыялісты ў эканоміцы, людзі, якія адкрылі прадпрыемствы, журналісты, палітыкі.

Што такое Школа грамадскіх лідараў і для каго яна?

– Спадарыня Іна, вы цяпер каардынуеце Школу грамадскіх лідараў у Вольным беларускім універсітэце. Ці можаце распавесці, для каго гэтая праграма, якая ў яе мэта?

– Паколькі я шмат гадоў грамадскі лідар, а таксама скончыла паліталогію і з’яўляюся магістрам паліталогіі ЕГУ і працавала ў гэтай галіне, то я адчуваю і ведаю патрэбы беларускага грамадскага сектару. У 2020 годзе шмат людзей выйшлі паводле паклікання. Яны адчувалі, што Беларусь адстае ад свету, не давяралі ўладзе Лукашэнкі, хацелі пераменаў, пайшлі на вуліцы, каб паказаць нязгоду з тым, што было ў Беларусі. Але яны не былі падрыхтаваныя да таго, што гэта можа быць не разавая акцыя, а працяглы працэс, у якім трэба трымацца разам, вучыцца вырашаць праблемы, рабіць нейкую справу і пакрокава набліжаць перамогу. І яны разгубіліся, бо ў іх абсалютна не было досведу таго, што такое – трэці сектар, як ён вырашае праблемы грамадства, як быць лідарам, як паклікаць за сабой людзей, бо не толькі палітычнае, але і грамадскае лідарства вельмі важнае, каб дзяржава была паўнавартаснай.

Школа грамадскіх лідараў якраз узнікла з патрэбаў маладых людзей і тых, хто сёння далучыўся да грамадскага сектару. Гэты курс распрацаваны польскай Школай лідараў – арганізацыяй з вельмі сур’ёзным 25-гадовым досведам, але ён быў адаптаваны нашымі выкладчыкамі пад нашыя патрэбы. Гэты курс вучыць, хто ёсць лідар, як ён можа ўплываць на людзей, як стварыць каманду, як вырашаць праблемы грамадства і як пакласці на паперу сваю праблему і атрымаць на гэта фінансаванне. Гэта першапачатковая праграма для тых, хто яшчэ неглыбока ў грамадскім сектары, а толькі пачынае асэнсоўваць, што ён можа быць лідарам і што ён мае вакол сябе людзей.

Іна Кулей у сваім лагапедычным кабінеце. Варшава, Польшча. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вольны ўніверсітэт цяпер плануе зрабіць сур’ёзную акадэмічную праграму па грамадзянскай адукацыі накшталт праграмаў, якія існуюць у сусветных універсітэтах.

«Беларускія ўніверсітэты за мяжой – саджанцы, якія мы потым перанясем на радзіму»

– Апошнім часам усё больш гаворыцца пра стварэнне паўнавартаснай сістэмы беларускай адукацыі за мяжой. Што вы думаеце пра гэта, пра тыя спробы, якія робяцца? Ці не закрывае ЕГУ патрэбу ў беларускай адукацыі за мяжой, ці трэба нам больш беларускіх універсітэтаў у эміграцыі?

– Я б не назвала ЕГУ цалкам беларускім універсітэтам. Хоць я яго выпускніца, і я вельмі задаволеная, што там вучылася. Узровень адукацыі там высокі. Але ён не быў цалкам беларускім раней і на сённяшні дзень, на жаль, ім не з’яўляецца. Я б сказала, што ЕГУ баіцца быць беларускім. Беларускае на сённяшні дзень у самой Беларусі асацыюецца з экстрэмісцкім, таму ЕГУ не займае выразна нацыянальную пазіцыю, каб не згубіць патэнцыйных студэнтаў з Беларусі. Таму беларускае там моцна ўзважанае, неглыбокае.

Беларускія ўніверсітэты за мяжой, як і ўвогуле ўсе беларускія праекты, – гэта саджанцы, якія мы потым перанясем на нашую беларускую глебу. Універсітэтаў можа быць шмат, а канкурэнцыя, рынак будуць дыктаваць, наколькі яны запатрабаваныя.

– Спадарыня Іна, чым сёння займаецца за мяжой ваш муж – спадар Аляксандр Мілінкевіч?

– Ён канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэту – гэта такая адміністратарская пасада. Універсітэт паўстаў 5 гадоў таму, але актыўна пачаў працаваць 3 гады таму і цяпер набірае моц, супрацоўнічае са шматлікімі сусветнымі ўніверсітэтамі. Адначасова Аляксандр застаецца палітычна-грамадскім лідарам, з’яўляецца дарадцам Святланы Ціханоўскай па рэалізацыі еўрапейскага выбару Беларусі, кантактуе з палітыкамі, з грамадскімі дзеячамі ў Беларусі, у Польшчы ды іншых краінах. Але асноўная ягоная дзейнасць – гэта ўніверсітэт, які працуе над эфектыўнай сістэмай алічбаванай адукацыі, якую потым можна будзе перанесці ў Беларусь.

«Часам пад’язджаем да Тэрэспалю, каб падыхаць паветрам радзімы»

– Спадарыня Іна, а як вы бавіце час цяпер па-за працай? Ці моцна ваш побыт у Польшчы адрозніваецца ад таго ладу жыцця, што быў у Беларусі?

– Адрозніваецца тым, што ў Варшаве апошнім часам я сустракаю больш беларусаў, чым бачыла перад ад’ездам у Беларусі. Тут вельмі шмат сяброў, кантактаў, імпрэзаў, таму жыццё вельмі разнастайнае. Мы любім хадзіць на спектаклі да купалаўцаў, слухаць класічную музыку. Любім гуляць па Варшаве, па парках ці за горад некуды з’ездзіць. Заўсёды бярэм з сабой старэйшую ўнучку, бо малодшая яшчэ занадта маленькая. З унучкамі агулам бавіць час – асалода. Яны імкліва растуць, і трэба лавіць гэтыя моманты, калі яны маленькія.

– Магчыма, ёсць штосьці, што засталося ў Беларусі, чаго вельмі не хапае цяпер у Варшаве?

– Па-першае, гэта родныя могілкі, куды ты цяпер не можаш прынесці нават кветкі, знічы і просіш гэта рабіць сяброў, бо блізкіх сваякоў у Беларусі ўжо няма.

Іна Кулей у сваім лагапедычным кабінеце. Варшава, Польшча. 28 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У Беларусі засталіся дамы на возеры ў Берштах пад Горадняй, дзе мы вельмі любілі бавіць час. Сяброў мы бачым, бо яны могуць прыехаць ці таксама ўжо жывуць тут. Самой радзімы не хапае, яе паху. Часам пад’язджаеш да Тэрэспалю, каб падыхаць паветрам радзімы.

– Ці маглі вы раней уявіць, што давядзецца ўцякаць з радзімы, бо былі ж і 2006, 2010 гады, і рэпрэсіі, але такой масавай эміграцыі не было, неяк мы ў большасці працягвалі жыць на радзіме…

– Я магла ўявіць, бо ў нас была такая ж сітуацыя з дзецьмі. У 2006 годзе ўлады ўдарылі не па нас, а па нашых сынах. На Ігара была заведзеная крымінальная справа, цалкам сфальсіфікаваная, нібыта ён прынёс у ваенкамат несапраўдную даведку, чаго не было і блізка, бо ён у гэты час ужо вучыўся ў Польшчы ва ўніверсітэце. На Вітаўта таксама завялі справу, спачатку яго выклікалі як сведку, але мы разумелі, што са сведкі ён можа хутка стаць абвінавачаным, і адвакаты раілі з’язджаць. 8 гадоў яны не маглі прыехаць у Беларусь. Мы прыязджалі сюды, прывозілі бабулю і дзядулю, бавілі тут кожныя Каляды, бо не мелі магчымасці сустрэць дзяцей на радзіме. Таму мы ведалі, што гэта такое, калі дзеці бягуць за машынай, і цяпер мы гэта адчуваем самі.

«Працэс нашай перамогі ідзе. Сёння ў нас ёсць рэчы, якіх не існавала раней у беларускай гісторыі»

– Перажыўшы спадзяванні і расчараванні 2006, 2010 гадоў, ці верылі вы ў 2020 годзе ў перамогу?

– У 2020 годзе спачатку не было майго кандыдата. Але калі людзі пачалі выходзіць на вуліцы, гэта вельмі захапіла эмацыйна. Я не галасавала за канкрэтнага кандыдата, але выходзіла на маршы і была проста ў захапленні. Здавалася, што насамрэч мы можам такім чынам перамагчы. Але ўнутрана я была падрыхтаваная да любых наступстваў, бо гэта было не ў першы раз. Тым не менш, працэс перамогі ідзе, мы не адкаціліся назад. Мы сёння маем такія дасягненні, якіх раней і блізка не было ў Беларусі і не існавала ў нашай гісторыі. Найперш, звязаныя з Кабінетам Святланы Ціханоўскай і ёй самой. Гэта варта падтрымліваць і захаваць. Калі Святлана пачала змяняцца, стала беларускай, я зразумела, што гэта цалкам тая кандыдатка, якую я гатовая падтрымліваць, таму што я ёй веру.

– Вы глядзіце на будучыню аптымістычна. Падзяліцеся рэцэптам, як захоўваць такі настрой у вымушанай эміграцыі? Бо так шмат беларусаў у адчаі, не вераць ні ў што, у тым ліку ў вяртанне. Дзе браць аптымізм?

– Адзін ад аднаго. Сустракайцеся з людзьмі, апантанымі нейкай справай, – мастакамі, пісьменнікамі, акторамі, спевакамі. З паплечнікамі і аднадумцамі, проста так пасядзець за кубачкам гарбаты альбо келіхам віна. Ездзіце разам у падарожжы. Рабіце самі хаця б маленькую беларускую справу, якая прынясе асалоду вам і іншым. Адзін з маіх улюбёных пісьменнікаў Эрых Марыя Рэмарк у адным са сваіх апавяданняў пісаў пра эмігранта, які працаваў доктарам у анкалагічным шпіталі. Да яго прыйшоў сябра, таксама эмігрант, каб паскардзіцца, што яго з’ела настальгія, яму вельмі цяжка. Доктар яму параіў – прыйдзі папрацуй у мяне пару дзён і ты па-іншаму паглядзіш на гэты свет. Я раю не толькі дапамагаць тым, хто больш цярпіць, але і сустракацца з тымі, хто больш паспяховы, бо гэта напаўняе аптымізмам.

Звязацца са спадарыняй Інай Кулей і запісацца да яе на лагапедычную кансультацыю можна праз старонкі Lagaped_pa_belarusku ў «Інстаграме» і «Фэйсбуку», а таксама праз тэлефон: 796987385.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў