Кіраўнікі ЗША, Італіі, Францыі, Брытаніі і Нямеччыны ў супольнай заяве падтрымалі Ізраіль


Лідары Францыі, Нямеччыны, Італіі, Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў Амерыкі апублікавалі супольную заяву адносна вайны паміж сектарам Газа і Ізраілем.

Акцыя салідарнасці з Ізраілем у Берліне.
Фота: Leonhard Lenz / Wikimedia

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мэлёні, прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выказалі «цвёрдае і супольнае падтрыманне Дзяржаве Ізраіль», а таксама «адназначнае асуджэнне «Хамасу» і яго жахлівых тэрарыстычных актаў».

«Тэрарыстычныя дзеянні «Хамасу» не маюць ні апраўдання, ні легітымнасці і павінны быць усеагульна асуджаныя. Тэрору ніколі не можа быць апраўдання. У апошнія дні свет з жахам назіраў, як тэрарысты «Хамасу» выразалі семʼі ў іхных дамах, вынішчылі больш як 200 маладых людзей, якія атрымлівалі асалоду ад музычнага фестывалю, і выкралі пажылых жанчын, дзяцей і цэлыя семʼі, якія цяпер утрымліваюцца як закладнікі», – гаворыцца ў заяве.

Лідары краінаў падтрымалі Ізраіль у яго намаганнях для абароны і перасцераглі яго ворагаў ад імкнення «выкарыстаць гэтыя напады для атрымання выгады».

Інтэрв’ю
«Пачакайце, нешта нада мной бабахнула…» Беларусы распавялі, якая атмасфера пануе ў ізраільскіх гарадах
2023.10.09 19:24

Лідары заходніх краінаў прызналі законныя спадзяванні і правы палестынскага народу, але дадалі: «Хамас» не рэпрэзентуе гэтых імкненняў і не прапаноўвае палестынскаму народу нічога, акрамя яшчэ большага тэрору і кровапраліцця».

Тэрарысты групоўкі «Хамас» з сектару Газа 7 кастрычніка пачалі маштабны напад на Ізраіль, у выніку краіна перайшла ў стан вайны. Загінулі не менш за тысячу чалавек, сотні былі цяжка параненыя, але наўрад ці гэта канчатковыя лічбы: Ізраіль абвясціў аб аднаўленні кантролю над усімі паселішчамі каля Газы, аднак баі працягваюцца.

Каментар
Ці будзе вялікая вайна на Блізкім Усходзе? Хто і навошта дапамагаў у нападзе на Ізраіль
2023.10.09 21:56

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў