Як стала вядома «Белсату», палітычны зняволены Анджэй Пачобут атрымаў ужо трэці ліст ад былога палітвязня, а цяпер пралукашэнкаўскага палітолага Юрыя Васкрасенскага.
Юрый Васкрасенскі ў лістах запэўнівае Анджэя Пачобута, хто хоць той не хоча пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, Васкрасенскі ўсё роўна будзе дамагацца вызвалення Пачобута.
Пачобут на гэта адказвае, што не ўпаўнаважваў нікога такім чынам дзейнічаць у ягонай справе, у тым ліку Васкрасенскага.
Палітвязень Анджэй Пачобут, журналіст і грамадскі дзеяч, сябра праўлення незалежнага Саюзу палякаў Беларусі, ужо паўгода застаецца за кратамі праз гэтак званую справу палякаў.
Ранкам 25 сакавіка ў кватэру да Анджэя Пачобута прыйшлі сілавікі. Учынілі ператрус, самога журналіста затрымалі і даставілі ў Менск, у СІЗА на Валадарскага. Яго вінавацяць у «распальванні рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), гэтак жа як і старшыню Саюзу палякаў Анджэліку Борыс ды іншых асобаў. У канцы жніўня Пачобуту працягнулі ўтрыманне пад вартай на тры месяцы.
На пачатку чэрвеня выявілася, што трох з пяці арыштаваных актывістаў Саюзу палякаў Беларусі гвалтоўна вывезлі ў Польшчу. Вызваленне ўзамен на дэпартацыю прапаноўвалі таксама Анджэліцы Борыс і Анджэю Пачобуту, аднак яны адмовіліся.
Юрый Васкрасенскі фармальна яшчэ знаходзіцца пад хатнім арыштам. Гэта не перашкодзіла яму наведаць Эканамічны форум у Польшчы, дзе адзін дзень быў цалкам прысвечаны беларускім справам.
Таксама тройчы прапаноўвалі прасіць памілавання палітзняволенай Наталлі Хершэ, яна адмовіла тры разы, бо не лічыць сябе вінаватай.
АА belsat.eu