Па Ізраілі нанеслі масаваны ўдар ракетамі з сектару Газа


Удзень 10 траўня з тэрыторыі сектару Газа дзясяткамі ракетаў быў абстраляны поўдзень і цэнтр Ізраілю. Гэта адказ тэрарыстычных арганізацяў на ліквідацыю трох камандзіраў вайсковага крыла «Палестынскага ісламскага джыхаду», паведамляе мясцовае выданне.

Абстрэл Ізраілю 10 траўня 2023 года. Крыніца: news.israelinfo.co.il

Сірэна СПА прагучала ў некалькіх гарадах, у тым ліку ў цэнтры краіны – у ваколіцах Тэль-Авіву. Паведамляецца, што ўсе ракеты былі перахопленыя сістэмаю СПА «Жалезны купал». У Ашкелёне прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі заявілі, што высвятляюць наступствы абстрэлу.

Паводле папярэдніх звестак, пяць чалавек былі шпіталізаваныя, трое з іх – з траўмай, двое атрымалі раненні па дарозе ў бамбасховішча.

Ракета пацэліла ў будынак дзіцячага садка на поўдні Ізраілю, там ніхто не пацярпеў. Сама меней дзве ракеты былі выпушчаныя па Тэль-Авіве. Камандаванне Арміі абароны Ізраілю пацвердзіла, што ракеты былі выпушчаныя з сектару Газа ў бок Тэль-Авіву.

Раней ізраільскае войска абвясціла аб аперацыі «Шчыт і страла», у якой было задзейнічана больш за 40 вайсковых самалётаў. Аперацыя была накіраваная супраць баевікоў «Ісламскага джыхаду», якія, паводле Арміі абароны Ізраілю, датычныя да нядаўніх абстрэлаў краіны. Канфлікт абвастрыўся, бо ў ізраільскай турме памёр адзін з высокапастаўленых прадстаўнікоў палестынскай групоўкі.

Як паведамляе тэлекампанія «Аль-Джазійра», усяго ахвярамі серыі ўдараў па сектары Газа сталі 17 чалавек. З пачатку года ў выніку ізраільска-палестынскага канфлікту загінулі больш за сто палестынцаў, каля двух дзясяткаў ізраільцянаў і замежнікаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў