Дыверсія? Дзяржаўная прапаганда прызнала падзенне ўзроўню жыцця і заняпад аграгарадкоў

Падзенне ўзроўню жыцця адбылося не дзе-небудзь, а ў святым для дзейнай улады месцы – аграгарадку Навіцкавічы на Берасцейшчыне. На гэта паскардзіліся мясцовыя жыхары, якія звярнуліся на дзяржаўнае тэлебачанне. Яны расказалі пра тое, што ў аграгарадку закрыліся аддзяленне банку і пошта, што ёсць пытанні па працы ФАПа, а зараз чарга дайшла да закрыцця крамы і кавярні.

Пошта ў аграгарадку Навіцкавічы Камянецкага раёну.
Скрыншот: ТРК Брест / YouTube

Ад аграгарадка Навіцкавічы да польскай мяжы рукой падаць, населены пункт размясціўся ў маляўнічым месцы за некалькі кіламетраў ад Белавежскай пушчы. І што ж здарылася ў райскім кутку?

Сюжэт пра аграгарадок Навіцкавічы Камянецкага раёна выйшаў на БТ-4 – гэта тэлерадыёкампанія «Брэст» – 5 красавіка. У ім тлумачыцца, што нагодай для разбіральніцтва стаў зварот на гарачую лінію мясцовых жыхароў. «Раней у Навіцкавічах жылося камфортна, але зараз, адзначаюць з прыкрасцю яго жыхары, усё змянілася», – кажуць журналісты дзяржтэлебачання.

«Што гэта за аграгарадок такі», – абураюцца ў сюжэце мясцовыя жыхары, расказваючы, як зачынялася ўсё адно за другім, а зараз дайшла чарга да апошняй прыкметы так званага «гарадка» – кавярні, дзе людзі куплялі прадукты харчавання. «Для мяне гэта катастрофа, я працую без выходных у гаспадарцы, у мяне дзеці, мне трэба купляць прадукты кожны дзень», – расказвае мясцовая жыхарка.

А найбліжэйшая крама за дзесяць кіламетраў – у Камянцы.

У вёсцы, якая прыгожа называецца аграгарадком, жывуць 335 чалавек, сярод якіх 76 пенсіянераў, 12 інвалідаў і 6 шматдзетных сем’яў.

Цікава, што старшыня сельскага выканкама Васіль Севенюк лічыць, што ў аграгарадку «не ўсё так сумна». Напрыклад паслугі пошты «прадстаўляе мабільны супрацоўнік, які адрасна выконвае дастаўку адпраўленняў і выплату пенсіяў».

Што да прычын закрыцця крамы, то справа ў звальненні прадаўца. Мясцовыя ўлады шукаюць замену, але жадаючых ісці працаваць за 800 рублёў (за 245 долараў) няма. Прычын некалькі – да працы трэба яшчэ дабрацца, а яшчэ на прадаўца, як правіла, вешаюць нястачу. У выніку ў выбудаванай сістэме прадавец можа адпрацаваць і ў мінус. Абяцанне выдзеліць жыллё таксама пакуль не спрацавала. Як гаворыцца: дурных няма.

У Беларусі паняцце аграгарадок зʼявілася ў 2005 годзе ў рамках праграмы па адраджэнні вёскі. Афіцыйны статус аграгарадкі атрымалі ў 2007 годзе, калі быў прыняты закон «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь».

Першапачаткова, паводле задумы ўладаў, аграгарадок павінен быў адрознівацца ад вёсак і іншых пасёлкаў значна лепшым узроўнем добраўпарадкаванасці і наяўнасцю інфраструктуры, максімальна набліжанай да гарадской.

Крама ў аграгарадку Навіцкавічы Камянецкага раёну.
Скрыншот: ТРК БРЕСТ / YouTube 

Тагачасны кіраўнік Берасцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар прапанаваў нават за аграгарадкі паставіць помнік Аляксандру Лукашэнку. Але праз пятнаццаць гадоў у рэжыму здарыўся чарговы правал – людзі сталі зʼязджаць з аграгарадкоў, а ў іх – зачыняцца большая частка інфраструктура. Пра гэтую праблему Лукашэнка сам узгадваў у сваім звароце да парламенту і народу.

Прыклад Навіцкавічаў паказальны для ўсёй краіны – такіх населеных пунктаў сотні. Скажу больш – за трыццаць гадоў кіравання Лукашэнкі, ён і яго сістэма, фактычна знішчыла беларускія вёскі. Можна смела паехаць па Беларусі, наведаць дзясяткі мясцін і ўвогуле не сустрэць у іх людзей.

У Навіцкавічах я быў у 1992 годзе, калі яны яшчэ не мелі статусу аграгарадка, над ёй не было моцнага гаспадарніка, усё было ў руках мясцовых жыхароў, якія былі гаспадарамі на зямлі. Тады ўжо ў вёсцы была бібліятэка і клуб, куды на дыскатэкі па выходных прыязджалі з усёй акругі.

Я памятаю, што ў большасці семʼяў у Навіцкавічах была даволі сурʼёзная гаспадарка – коні, каровы, свінні, авечкі, я ўжо не кажу пра курэй і гусей. Цяпер гэтага і блізка няма, варта прыехаць у практычна любую беларускую вёску, і вы ўбачыце, што людзі перасталі трымаць жывёлу, гэта складана, дорага і невыгодна.

Аграгарадок Навіцкавічы Камянецкага раёну.
Скрыншот: ТРК Брест / YouTube

Што ж улады могуць прапанаваць жыхарам сельскай мясцовасці, каб тыя не зʼяджалі? Ну мабыць жыллё (да яго якасці таксама вялікія пытанні), ну заробак у 200-400 долараў, за які трэба працаваць з раніцы да вечара. Таму людзі не бачаць перспектываў, альбо зʼяджаюць, альбо співаюцца.

Палітвязень Віктар Пархімчык адбываў «хімію» у вёсцы Сушкі, якая таксама як і Навіцкавічы, знаходзіцца ў Камянецкім раёне, і вось, што ён расказаў у эфіры ток-шоу «План:Б»:

«Мяне здзівіла, што працы ў калгасе адбываліся на коннай цязе, я думаў у свеце ўжо такога няма. Ваду піць было немагчыма, бо яна была забруджаная. Былі праблемы з дысцыплінай, людзі выходзілі на працу ў нецвярозым стане і з імі не маглі нічога зрабіць, бо калі іх зволіць, то іншых не змогуць знайсці, там усе такія, там такая культура. Тыя хто не пʼе на працы, там доўга не затрымліваецца. Там проста безнадзёга».

Пʼянства на беларускай вёсцы становіцца сурʼёзнай праблемай, перспектыў ніякіх нябачна, няма развіцця, інвестыцый, чалавек не зацікаўлены ў выніку сваёй працы, натуральна падае ўзровень жыцця. А ў ўлады перніка ўжо няма, засталася адна пуга. Таму мала надзеі, што жыццё як у аграгарадках, так і ў гарадах Беларусі стане лепей.

Аб’ектыў
Аграгарадок Копысь у заняпадзе?
2023.12.02 20:19

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў