Лондан увёў санкцыі супраць Абрамовіча і яшчэ шасці алігархаў з Расеі


Вялікая Брытанія абвясціла пра санкцыі супраць сямі расейскіх алігархаў, разам з уладальнікам лонданскага футбольнага клубу «Чэлсі» Раманам Абрамовічам. Пра гэта паведамляе брытанскі ўрад.

Раман Абрамовіч.
Фота: chelseafc.com

Міністр замежных справаў Ліз Трас 10 сакавіка аб’явіла пра поўнае замарожванне актываў ды забарону на паездкі сямі самых багатых і ўплывовых расейскіх алігархаў, чые бізнес-імперыі, багацце ды сувязі шчыльна звязаны з Крамлём.

У межах намаганняў Лондану ў справе ізаляцыі Пуціна ды ягонага атачэння гэтым алігархам, чый сукупны ўласны капітал складае каля 15 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў (каля 20 мільярдаў долараў), замарозяць актывы ў Вялікай Брытаніі, ім забароняць заязджаць у краіну, а грамадзянам і кампаніям Аб’яднанага Каралеўства забароняць мець з імі сувязі.

Апроч Абрамовіча, у санкцыйны спіс трапілі Алег Дзерыпаска («En+ Group»), Ігар Сечын («Роснефть»), Андрэй Косцін (ВТБ), Аляксей Мілер («Газпром»), Мікалай Токараў («Транснефть»), Дзмітрый Лебедзеў («Банк Россия»).

«Сённяшнія санкцыі яшчэ раз паказваюць, што алігархам і клептакратам не месца ні ў нашай эканоміцы, ні ў грамадстве. Маючы шчыльныя сувязі з Пуціным, яны суўдзельнікі ягонай агрэсіі. На іхных руках кроў украінскага народу», – заявіла міністр замежных справаў Ліз Траc.

Пры гэтым футбольнаму клубу «Чэлсі» выдалі адмысловую ліцэнзію, якая дазваляе працягваць звязаную з футболам дзейнасць.

Аналітыка
Дэфолт – не самае страшнае. Наколькі глыбока на дно расейская эканоміка пацягне за сабой беларускую
2022.03.10 09:00

ПС belsat.eu

Стужка навінаў