У Беларусі пачаліся вучэнні «Саюзная рашучасць». На баявое дзяжурства заступіў расейскі «Трыумф»


Баявыя разлікі зенітнага ракетнага комплексу С-400 Усходняй ваеннай акругі заступілі на палігоне ў Берасцейскай вобласці на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне падчас праверкі сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы, паведамляе Мінабароны РФ.

Вайскоўцы адпрацавалі разгортванне баявой тэхнікі на пазіцыях і прыступілі да выканання задачаў па кантраляванні паветранай прасторы.

Мінабароны ўдакладняе, што асабовы склад падраздзяленняў здзейсніў марш працягласцю больш за дзевяць тысяч км з пункту дыслакацыі ў Хабараўскам краі.

Расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць -2022» – гэта другі этап так званай праверкі сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы. Вучэнні адбываюцца на тэрыторыі Беларусі і працягнуцца да 20 лютага. Іхная мэта – «спыненне і адбіццё вонкавай агрэсіі падчас вядзення абарончай аперацыі, а таксама супрацьдзеянне тэрарызму і абарона інтарэсаў Саюзнай дзяржавы».

Паводле легенды вучэнняў, змагацца паміж сабой будуць два асноўныя супернікі. З аднаго боку – «Рэспубліка Палессе» і «Паўночная Федэрацыя». З іншага – заходняя кааліцыя зацікаўленых дзяржаў: Нярыс, Паморыя, Клопія і падкантрольныя ім тэрарыстычныя арганізацыі. Вучэнні пройдуць на палігонах Даманаўскі, Гожскі, Абуз-Лясноўскі, Берасцейскі і Асіповіцкі. Будуць задзейнічаныя аэрадромы Баранавічы, Лунінец, Ліда і Мачулішчы.

Hавiны
Украіна правядзе свае ваенныя вучэнні адначасова з беларуска-расейскай «Саюзнай рашучасцю»
2022.02.08 18:59

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў