Фемсупольнасць Беларусі адправіла ліст рэктару ЕГУ – яго падпісалі больш за сто чалавек

ЕГУ не перастае быць у цэнтры ўвагі… Нагадаю для тых, хто прапусціў: дацэнт ЕГУ Сялецкі быў абвінавачаны ў сістэматычным гарасмэнце і булінгу ў дачыненні былых і цяперашніх студэнтак.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, Літва.
Фота: ehuofficial / Instagram

Выданне «КуКу» апублікавала некалькі гісторыяў дзяўчат, у тым ліку неананімных, якія сцвярджаюць, што зрабіліся ахвярамі Сяргея Сялецкага. Расследаваннем абвінавачванняў занялася этычная камісія. На дадатак да этычнай камісіі (неспецыяльнай ды ўнутранай?) загадам рэктара была створаная яшчэ адна камісія – «спецыяльная вонкавая».

Узбударажаная грамадскасць ужо два месяцы чакае рашэння ў кейсе. Рашэннем пакуль і не пахне – сайт ЕГУ паведамляе, што «станам на 12 кастрычніка 2023 года, рашэнне пра адхіленне падоўжанае да 9 лістапада 2023 года». Між тым на дварэ ўжо снежань, а воз усё яшчэ там – у невядомасці.

Меркаванні
Калі мастак яшчэ і выкладчык – пра выпадак адмены выставы мастака Сялецкага ў віленскім CreateCulture Space
2023.09.17 15:48

Фемінісцкая супольнасць Беларусі мацней за ўсіх трымае руку на пульсе і не гатовая спусціць праблему на тармазах. Адпаведны ліст быў накіраваны наўпрост на электронную скрыню рэктара Кшыштафа Рыбіньскага, а таксама некалькім медыям. Ліст падпісалі ўжо больш за сотню асобаў ды арганізацыяў. Прычынаў для клопату і недаверу хапае. Па-першае, у этычную камісію ўваходзяць некалькі чалавек, якія маюць сяброўскія стасункі з дацэнтам Сялецкім, а значыць, не могуць вынесці бесстаронняга рашэння. Па-другое, адзінай студэнтцы, якая афіцыйна падала скаргу на Сялецкага ў сувязі з цкаваннем, вынеслі папярэджанне. Адгадайце, хто вынес? Тая самая этычная камісія! Адгадайце, за што? Таму што яна «дыскрэдытуе рэпутацыю ЕГУ, спрыяе ўзнікненню недаверу і непавагі». Пра тое, як такія практыкі нагадваюць запалохванне ў лукашэнкаўскай Беларусі, дзе для ўласнай бяспекі лепш трываць ды маўчаць нібы рот зашыты, падрабязна ў сваёй калонцы на «КуКу» напісаў Віктар Малішэўскі. Ну і, па-трэцяе, мы ведаем яшчэ з далёкага 2014-га, як складана ў ЕГУ адстаяць свае правы і супрацьстаяць адміністрацыі, якая аддае перавагу прынцыпу «не выносіць смецця з хаты» і ствараць ўражанне беспраблемнай інстытуцыі, у якой ніколі не было ні карупцыі, ні гарасмэнту, ні злоўжывання ўладай.

Калі гісторыі пра гарасмэнт у ЕГУ пачынаюць публічна гучаць толькі цяпер, то гісторыі пра іншыя віды несправядлівасці там ужо напісаныя і зафіксаваныя. У 2014 годзе купка выкладчыкаў спрабавала абараніць свае працоўныя правы і стварыла прафсаюз «EHUnion». Тады яны, на жаль, пацярпелі няўдачу, і частка людзей была вымушаная сысці з універсітэту, а другая частка – моўчкі прыняць тое, з чым яны былі нязгодныя, проста жадаючы захаваць свае працоўныя месцы, магчымасць выкладаць, мець зносіны са студэнтамі або праводзіць даследаванні. Нямецкі гісторык Фелікс Акерман зафіксаваў тое, што адбывалася тады ў ЕГУ, у сваёй кнізе «Аўташкола па-віленску». Выдатнае з усіх бакоў чытво, вельмі рэкамендую. Кніга выйшла спачатку на нямецкай, а ў 2020 годзе быў апублікаваны яе пераклад на беларускую. Набыць кнігу можна ў Беларусі. Фелікс прымудрыўся спалучаць пазіцыі назіральніка і ўдзельніка, выкладчыка і гісторыка, немца і мігранта. У сваім тэксце ён узгадвае Вольгу Шпарагу, Таццяну Шчытцову, Альміру Усманаву ды іншых вядомых навукоўцаў, чыя дзейнасць у той ці іншы час была (ці застаецца) звязаная з ЕГУ.

Чаго просяць беларускія феміністкі ад ЕГУ? «Уважліва разгледзець пытанне аб звальненні дацэнта Сяргея Сялецкага з пасады ў ЕГУ», а таксама «распрацаваць палітыку барацьбы з уціскам, якая будзе эфектыўнай у ЕГУ». Уважлівы разгляд, а тым больш распрацоўванне эфектыўных палітык, мабыць, патрабуюць часу. Давайце пачакаем, а заадно пачытаем Фелікса Акермана з ягонымі гісторыямі пра ЕГУ, каб кантэкстуалізаваць тое, што адбываецца, і нагадаць сабе, у чым заключаецца «разрыў паміж мысленнем і рэчаіснасцю».

Віка Біран / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў