Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо заявіў, што ўкраінскі бок узарваў практычна ўсе памежныя масты і замініраваў дарогі на мяжы з Беларуссю. Пра гэта Лапо паведаміў у эфіры СТВ.
«Становішча на паўднёвым кірунку складанае. Высілкі ўкраінскага боку сканцэнтраваныя на нарошчванні прыкрыцця дзяржмяжы», – заявіў Анатоль Лапо.
Паводле яго, «на сённяшні дзень практычна ўсе памежныя масты ўзарваныя, і аўтамабільныя, і чыгуначныя, прымежныя дарогі поўнасцю замініраваныя», ажно да таго, што ўкраінскі бок «ставіць супрацьтанкавыя міны ў тры шэрагі на дарогах».
Таксама Лапо заявіў, што з украінскага боку на мяжу нібыта адпраўляюцца не памежныя, а тэрытарыяльныя сілы абароны. «Зазнаем на сабе ціск, цэляцца ў нашых памежнікаў, часам страляюць у паветра, вядзецца пастаянная паветраная выведка», – расказаў ён.
Адзначым, што інфармацыя аб мініраванні ўкраінскіх прымежных тэрыторыяў з’яўлялася і раней, а частка мастоў была ўзарваная яшчэ ў першыя дні вайны, каб перашкодзіць расейскай тэхніцы пранікаць на тэрыторыю Украіны з боку Беларусі.
Алена Рувіна belsat.eu