6 чэрвеня жыхары Лагойску раптоўна адчулі недахоп вады, а ўжо ранкам 7 чэрвеня яе не было амаль ва ўсіх кватэрах раённага цэнтру. У мясцовым водаканале чыноўнікі кажуць, што вада цяпер ёсць практычна ва ўсіх гараджанаў, але ўначы могуць быць адключэнні, і раяць зрабіць запас вады на раніцу.
Праз спякоту і адсутнасць дажджоў жыхары Лагойску засталіся без вады. З 7 чэрвеня з кранаў у кватэрах вада наагул не паступала. Мясцовыя ўлады тлумачаць, што водазабор быў спустошаны. Таму Вілейскі водаканал паглыбляў свідравіну і апускаў ніжэй помпу. Гэтыя падрабязнасці паведамілі карэспандэнту «Белсату», якія прадставіўся ў тэлефанаванні ў водаканал мясцовым жыхаром.
«З 8 чэрвеня практычна на ўсіх вуліцах цяпер паступае вада. Нават на тых вуліцах, якія аддаленыя, дзе складана з ціскам, з напорам. Таму вада павінна быць у цэнтры гораду. Не было толькі на Будаўнічай вуліцы. Адзінае, уначы сёння (9 чэрвеня) варта запасціся вадою, бо будуць рамонтныя працы, ваду адключаць. Спецыяльна ўначы робяць на водазаборы працы», – кажуць у водаканале.
Пакуль у кватэрах жыхароў не было вады, мясцовыя ўлады арганізавалі яе падвоз. Людзі маглі набраць у ёмістасці ваду на свае патрэбы.
Мясцовыя чыноўнікі паведамляюць, што 9 чэрвеня водазабеспячэнне ў Лагойску цалкам адноўленае. Але Telegram-канал «Логойск (не)официально» піша, што адключэнне водазабеспячэння працягнулі да 20-й гадзіны 9 чэрвеня.
Да гэтага часу на рэсурсе апублікаваны актуальны расклад падвозу вады лагайчанам.
Алена Аляксандрава belsat.eu