«Магу падымаць нашмат больш, чым хлопцы або трэнеры». Паразмаўлялі з супрацоўніцай украінскай паліцыі


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі – даволі закрытая структура. Яна і раней неахвотна ішла на кантакт з незалежнымі медыямі, а цяпер не ідзе зусім. Такая сітуацыя не ўва ўсіх краінах. Журналісты «Белсату» паразмаўлялі з прадстаўніцаю ўкраінскай паліцыі, якая з задавальненнем распавяла пра ўласны шлях у сілавыя структуры, працоўныя абавязкі, вайну і сваё незвычайнае хобі.

Завуць нашую гераіню Наталля Паласенка, яна лейтэнант кіеўскага палка паліцыі асаблівага прызначэння № 1. Жанчына гаворыць, што прафесія паліцыянткі была ейнай марай з самага дзяцінства. Таму яна паставіла перад сабою такую задачу, вывучылася і цяпер працуе.

Наталля Паласенка, лейтэнант кіеўскага палка паліцыі асаблівага прызначэння № 1.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Проста неяк вабіла – і, я, напэўна, яшчэ не ведала ўсіх нюансаў, але гэта з душы ішло, я хацела служыць, хацела дапамагаць, таму прыйшла ў паліцыю».

«Цяпер вельмі шмат правапарушэнняў, вельмі шмат выклікаў»

Паліцыя асаблівага прызначэння ва Украіне мае і свае адмысловыя абавязкі, відавочна, што ад іншых сілавікоў яна адрозніваецца пастаўленымі задачамі. Кіеўскі полк паліцыі асаблівага прызначэння № 1 займаецца пераважна аховай грамадскага парадку на мітынгах, канцэртах, спартовых падзеях ды іншых масавых імпрэзах у горадзе. Але ў сувязі з расейскім уварваннем ва Украіну задачаў у сілавікоў паболела, адпаведна і працоўны графік стаў больш шчыльны.

«Прачнулася ранкам, паснедала – і на працу на содні. Я содні адбыла, і мне далі адпачынак. Так амаль кожны дзень. Цяпер мы на службе вельмі часта, з выходнымі ўжо не так, бо трэба працаваць. Цяпер вельмі шмат правапарушэнняў, вельмі шмат выклікаў, на якія даводзіцца выязджаць. Грамадзяне цяпер моцна перажываюць за сябе і за тое, што адбываецца. Але я спадзяюся, што неўзабаве стане крыху спакайней».

«Я сябе знайшла ў зале»

Акрамя насычанай працы ў сілавых структурах, мае Наталля Паласенка і ўлюбёны занятак, які на першы погляд даволі незвычайны – жанчына прафесійна займаецца бодзібілдынгам.

«Я пачынала займацца проста для сябе. Раней я займалася баямі, але ў сувязі з траўмай сышла з гэтага спорту. Але для мяне асабіста гэта была вельмі вялікая страта, і ў выніку я сябе знайшла ў зале. Я проста пачала для сябе трэнавацца і з часам зразумела, што магу падымаць нашмат больш, чым хлопцы або трэнеры. У кожнага ёсць свае здатнасці: нехта хутка бегае, а я магу падымаць вельмі шмат. І я зразумела, што мне трэба развіваць сябе ў гэтым. Мне так камфортна, я пачуваюся цудоўна».

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Нягледзячы на тое, што з пачаткам вайны працы ў Наталлі паболела, яна стараецца развівацца ў бодзібілдынгу і плануе далей выступаць на спаборніцтвах.

«Гэта складана. Ужо колькі я займаюся, гадоў шэсць ці сем, не заўсёды выходзіць, бо патрэбныя адпаведныя рэжым і харчаванне. Цяпер значна менш задачаў, але я намагаюся і трэнуюся. Нягледзячы ні на што – я знаходжу час. Вельмі шмат фактараў, якія ўплываюць, але я буду старацца да апошняга, пакуль маю магчымасць».

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Людзям нашмат цяжэй, чым табе»

Відавочна, што пачатак вайны моцна паўплываў на жыццё супрацоўніцы паліцыі. Жанчына прызнаецца, што само расейскае ўварванне было для яе нечаканым, і калі яна прыехала па выкліку на працу, нейкі час не магла да канца ўсвядоміць гэтага факту. Толькі тады, калі паліцыянтка атрымала ў рукі зброю, яна асэнсавала новую рэчаіснасць. Наталля Паласенка гаворыць, што для яе самым складаным было акурат маральна звыкнуцца з тым, што ў краіне пачалася вайна.

«Перажываеш за сям’ю, якая далёка, і ты не можаш ёй дапамагчы, перажываеш за тое, куды ўпадзе снарад, – усё вельмі блізка выбухае, кожную хвіліну гучаць сірэны, але ты разумееш, што трэба ісці да канца, трэба трымацца. Бо калі сама сябе не возьмеш у рукі і не пачнеш нечага рабіць, нічога не атрымаецца. Бо ты ўжо да ўсяго прызвычайваешся, калі бачыш тыя рэаліі, што адбываюцца, калі бываеш у тых месцах і разумееш, што людзям нашмат цяжэй, чым табе. Колькі я аб’ездзіла гарадоў, колькі бачыла ўсяго і чула, то цяпер я разумею, што гэта вельмі страшна».

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Паводле Наталлі Паласенкі, цяпер жыццё ў Кіеве вяртаецца да звычайнага стану. Разам з тым жанчына вельмі ўдзячная тым людзям, якія цяпер змагаюцца на фронце і вызваляюць Украіну ад акупантаў, тым самым даючы магчымасць іншым украінцам вяртацца да мірнага жыцця. І, вядома, лейтэнант кіеўскага палка паліцыі асаблівага прызначэння № 1 верыць у перамогу Збройных сілаў Украіны.

Віцька Кавалак, Алесь Усцінаў, belsat.eu

 

Стужка навінаў