«У красавіку грымот – цёплы будзе год». Як па народных прыкметах вызначыць, якімі будуць лета і восень?


Вясна ў самым разгары – амаль сярэдзіна красавіка. Надвор’е, аднак, капрызнае – спякота хутка змяняецца аж на снег. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага – нават народныя прыкметы кажуць пра тое, што ў другім веснавым месяцы прырода яшчэ захоўвае сляды зімы: «Красавік чорны ў полі, а ў бары – белы». А яшчэ пра красавік нашыя продкі казалі, што гэты месяц да ўсяго года ключ. Якімі веснавымі прыкметамі здаўна карысталіся беларусы і як можна ўжо цяпер вызначыць, якім будзе лета? Чытайце ў нашым матэрыяле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вёска Варняны ў Астравецкім раёне, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Што ў красавіку ўзыдзе, у чэрвені – ліпені заквітнее»

Красавік, згодна з народнымі прыкметамі, падказвае, якімі будуць лета і далейшы год. Калі вясна была ранняя і ўжо ў красавіку дрэвы пачыналі пакрывацца маладымі лісткамі ды здаралася навальніца, такія «грымоты на зялёнае голле» успрымаліся ў народзе як паказнік добрага года і будучых поспехаў у гаспадарцы. Пра гэта кажа прыкмета: «У красавіку грымот – цёплым будзе год». Калі ж грымоты на голы лес – гэта, наадварот, да кепскага года.

Сухі красавік абяцаў, што такі ж будзе і чэрвень, аднак ліпень за ім павінен прыйсці дажджлівы.

Пчаляры ў красавіку прыглядаліся да вулляў: калі пчолы не вылецелі ў другім веснавым месяцы – чакай халадоў, слоты.

На прыроду здаўна арыентаваліся і земляробы: пачалі жабы крактаць – выходзь у поле, жаўрук зазвінеў – бяры саху ў рукі. Таксама было прынята выязджаць у поле пасля першага грому: следам за ім усталёўваліся цёплыя пагодлівыя дні.

А яшчэ казалі: што ў красавіку ўзыдзе, у чэрвені – ліпені заквітнее, паспее, а ў жніўні ў засекі і свірны схаваецца, у доўгую зіму дашчэнту падбярэцца.

Hавiны
Вясна заблукала: беларусы дзеляцца кадрамі красавіцкага снегу
2024.04.04 10:47

Народныя назіранні ёсць на кожную дату красавіка. Так, 9 красавіка глядзелі на вадаёмы і неба: лічыцца, што ў гэты дзень шчупак хвастом лёд разбівае, а кнігаўкі вяртаюцца з выраю.

10 красавіка вызначала, якім будзе ўраджай: калі ідзе дождж – то добрым.

«Бярэшчанне» – дзень, калі «слухалі бярозу»

11 красавіка – Бярэшчанне. У гэты дзень працавалі з бяростай ды «слухалі бярозу» – прыкладвалі вуха да дрэва і прыслухоўваліся да руху соку. У старыя часы лічылі, што менавіта з гэтага дня можна  піць і нарыхтоўваць бярозавік.

Залева ў гэты дзень прадказвала добры ўраджай. А яшчэ глядзелі на сарок – калі яны звілі свае гнёзды на дрэвах нізка, лета будзе грымотным.

12 красавіка – успамін Яна Лесвічніка. У гэты дзень раней пяклі лесвічкі – абрадавае печыва. Спачатку з цеста рабілі дзве жэрдачкі, клалі іх адна супраць другой, а затым ляпілі ашэсткі, якімі жэрдкі злучалі. Ашэсткаў у кожнай лесвічцы было дванаццаць – па колькасці месяцаў у годзе. Кожнаму чальцу сям’і – свая лесвічка, якую выпякалі, каб чалавек меў моцнае здароўе.

У некаторых мясцінах па тым печыве варажылі: якая прыступка болей за ўсё абгарэла, той месяц будзе самым няўдалым. Былі таксама такія прыкметы: калі гусі ляцяць нізка, то ў бліжэйшы час будзе мала дажджоў; калі ўжо зацвілі дзьмухаўцы, лета будзе кароткім, а восень ранняй і халоднай.

13 красавіка нашыя продкі ўшаноўвалі вогнішчы, успамінаючы з падзякай і любоўю сваіх продкаў, якія здолелі знайсці і абжыць месца свайго пражывання. На хлебную ніву або на грады выносілі з печы падпаленыя галавешкі, вуглі, разводзілі агонь, праз які гаспадар роду пранасіў сохі і бароны.

Былі такія прыкметы на гэты дзень: калі па сінім небе плывуць аблокі, то надвор’е будзе бязветраным; калі з раніцы стаіць туман, то ўвесь дзень будзе пахмурным.

«Прыйшоў Фядул – цёплы вецер падзьмуў»

Калі 14 красавіка выдавалася ясная ноч і прыбывала вада, то гэта быў знак таго, што ў жніво на хлебнай ніве будзе суха, а лугі будуць зялёныя ўлетку. Таксама глядзелі на неба ўначы – калі зор не было бачна, гэта быў знак таго, што да лета ўсталюецца добрае надвор’е.

У народзе гэты дзень называлі «Марʼя – запалі снягі». У памяці людзей ён звязаны з паводкамі, пасля чаго зʼяўлялася надзея на вялікую траву. Так і казалі: «Марʼя паводку пачынае». Яшчэ нашыя продкі лічылі, што ў гэты дзень нібыта прачынаўся дамавік, таму трэба было хлусіць уголас, каб заблытаць яго.

Аб’ектыў
У свеце пачалася анамальна спякотная вясна
2024.04.01 20:39

На 15 красавіка былі такія прыкметы: пачуць у гэты дзень крык крумкача – да дрэннага надворʼя; крычыць перапёлка – будзе добры ўраджай і добрая трава для выпасу жывёлаў.

16 красавіка глядзелі на рэкі – калі здараўся крыгаход, то не будзе ні клёву, ні лову. Паводле народных павер’яў, у гэты дзень прачынаўся вадзянік, які гаспадарыць над усімі рыбамі, і для ўдалага лову яго трэба было ўначы «пачаставаць», залагодзіць.

Калі 17 красавіка прыляталі жоравы, гэта азначала, што «год паварочваецца на лета». Калі дзень сухі і цёплы – гэта да добрага ўраджаю садавіны. Яшчэ гэты дзень завецца «Альховыя агледзіны». Глядзелі: калі на алешыне шмат «завушніц» – урадзіцца авёс, калі алешына распусціць ліст раней за бярозу – лета будзе мокрае.

18 красавіка нашыя продкі называлі Фядул-ветранік. З гэтага дня пачыналася вясновае цяпло, якое перамяжоўвалася з непагаддзю. Казалі: «Прыйшоў Фядул – цёплы вецер падзьмуў, вокны адчыніў, хату без дроў нацяпліў».

Была прыкмета: дзень цёплы і бязветраны, а ноччу становіцца халаднавата – чакай устойлівага добрага надворʼя; зʼявіліся казюркі – халодна ўжо не будзе. Старыя людзі верылі: пасля Фядула маразоў ужо не бывае. Лічылася, што з першым вясновым ветрам прылятаюць цвыркуны і рассяляюцца па гародах. Таксама з’яўляюцца матылі-крапіўніцы і багоўкі.

Якое надвор’е 20 красавіка – такое і 20 верасня

Ціхі дзень 19 красавіка абяцаў добры ўраджай яравых. Ён называўся «Яўціхі Ціхі ды Ярэма Пралётны». Добрай прыкметай была адсутнасць ветру. Казалі: «Калі Яўціхі ціхі – да ўраджаю ранняй збажыны, а калі Ярэма ветрам б’е – колас зб’е».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Буслы на паўразбураным Касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Зембін, Менская вобласць, Беларусь. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

20 красавіка – Акулінін дзень, у які раней пачыналі высаджваць грушы. Нашыя продкі лічылі, што менавіта ў гэты час прачыналіся русалкі і выходзілі на паверхню вадаёмаў. Каб залагодзіць гэтых істот, жанчыны выкладвалі на берагах прыгожыя палотны і сукенкі. Яшчэ лічылася, што якое надвор’е 20 красавіка, такое яно будзе і 20 верасня. Дождж 20 красавіка – да добрага ўраджаю каліны. Калі зорак шмат на небе ноччу – у лесе будзе шмат грыбоў і ягад.

Па 21 красавіка можна вызначыць лета – калі гэты дзень ясны, то лета будзе цёплае, калі пахмурны – лета будзе кепскае.

22 красавіка даўней лічылася часам адмыкання крыніц і ключоў. Спрадвеку ў гэты дзень сем’і хадзілі наведваць сваю крыніцу, каб пачысціць яе, адамкнуць, вызваліць ад галінак і леташняга лісця. Пачысціўшы, бралі ключавую ваду, мыліся і пілі яе на здароўе.

У гэты дзень былі прыкметы, звязаныя з вадой: калі яна ў крыніцах празрыстая, то жыццё будзе доўгім і шчаслівым; калі яна бурліць і пеніцца – чакайце хваробаў і непрыемнасцяў.

Калі 23 красавіка сонца было ў імзе, год абяцаў быць хлебародным.

24 красавіка мядзведзі пачынаюць выходзіць з бярлог.

25 красавіка – успамін святога апостала Марка паводле царкоўнага календара. У народзе ж казалі: «Дождж на Марка, дык зямля як шкварка». Калі ў гэты дзень ідзе дождж – у лясах будзе шмат грыбоў.

Пра 25 красавіка такія прыкметы: калі дзень ветраны, то лета будзе халодным, калі цёпла і суха – год будзе ўраджайным; калі ідзе дождж, то такое надворʼе будзе і ў пачатку траўня. Паляўнічыя ведалі, што да 25 красавіка дакладна выходзяць з бярлог мядзведзі. Таксама ў гэты час можна было ўжо паляваць на зайцоў.

Аб’ектыў
Што адбываецца з кліматам і надвор’ем у Беларусі?
2024.03.20 19:51

Калі дуб распусціўся, лета будзе цёплым

На 26 красавіка існавалі прыкметы, важныя для хлебаробаў: «Калі лясун зайцоў нагоніць – мышэй прагоніць». Калі сустракаліся белыя зайцы, якія не паспелі паліняць, то чакалі вяртання снегу ды халадоў.

28 красавіка – у старыя часы гэты дзень называлі Пудаў дзень, або дзень пчаляроў. Нашы продкі лічылі, што ўжо надышла пара даставаць пчол з пчалярнікаў ды свірнаў. Казалі: «На святога Пуда даставай пчол з-пад спуду».

Былі такія прыкметы: калі на Пуда птушкі гуляюцца – надворʼе будзе цёплым і сонечным; чырвоны ўсход сонца ў гэты дзень быў прадвеснікам моцных вятроў.

Таксама людзі прыкмячалі, што калі дуб распусціўся, то лета будзе цёплым; калі на небе шмат зор, то год абяцае быць ураджайным.

На 29 красавіка існавалі такія прыкметы: калі вецер дзьме з захаду, то будзе вільготнае надворʼе; калі на небе яркая вясёлка – надворʼе сапсуецца.

У апошні дзень красавіка пчаляры расстаўлялі вуллі на пчальніках і глядзелі: на які «хлеб» паляцела пчала першы раз з вулля, той і на зерне будзе багаты. Таксама верылі, што калі 30 красавіка сонца ўзыдзе ясна – будзе сухое лета, а калі праз хмары – дажджлівае.

Hавiны
2023 год стаў трэцім з самых цёплых за гісторыю назіранняў у Беларусі. У 2024 будзе рэкордная спёка
2024.01.09 13:20

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў