Ціханоўская спрабуе ўгаварыць дэпутатаў Літвы не ўжываць новыя абмежаванні да беларусаў


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала папраўку, якая прапануе ўвесці новыя падставы для анулявання відаў на жыхарства для беларусаў у Літве.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

«На дадзены момант гэта не новы закон, а толькі прапанова. Мы на сувязі з дэпутатамі Сейма – і паспрабуем іх пераканаць, што ў такім выглядзе папраўкі не павінны быць прынятыя», – сказала палітык.

Паводле яе, людзі, якія ўцяклі ад палітычнага пераследу, і так не могуць вярнуцца дадому, а тыя, хто могуць перасякаць мяжу, робяць гэта «не праз любоў да Лукашэнкі ці падтрымання вайсковай агрэсіі супраць Украіны, а з асабістых прычынаў».

Разумеючы перасцярогі літоўскіх палітыкаў, Святлана Ціханоўская заклікала «ізаляваць рэжым Лукашэнкі, а не беларусаў». Пры гэтым яна адзначыла, што сам рэжым «імкнецца пасварыць беларусаў і літоўцаў».

Таксама палітык звярнулася і да беларусаў, заклікаўшы іх не ездзіць у Беларусь, калі гэта пагражае небяспекай.

«Тым больш не перасякайце мяжу, калі вы ўладальнік гуманітарнай візы ці палітычнага прытулку. Бо гэта не толькі сігнал для рэжыму звярнуць на вас павышаную ўвагу, але і нагоду для дзяржаўных органаў Літвы ануляваць дазвол на часовае знаходжанне. Паколькі вы ўказалі падставай для яго выдачы немагчымасць вярнуцца ў сваю краіну», – сказала Ціханоўская.

У Сейм Літвы ўнесены законапраект, згодна з якім беларусы і расейцы могуць страціць від на жыхарства ў Літве, калі яны ездзяць на радзіму больш за адзін раз на месяц.

Акрамя таго, дэпутаты прапаноўваюць увесці для грамадзянаў РФ і Беларусі адказнасць за «публічнае ўхваленне злачынства расейскай агрэсіі», праз ануляванне ВНЖ. Пазбаўляць пасведчання на права жыхарства мяркуецца і за распаўсюд ілжывай інфармацыі, якая супярэчыць інтарэсам грамадства.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў