Ці можа штучны інтэлект напісаць «Тры чарапахі»? Мы праверылі, атрымалі чатыры варыянты


Нейрасеткі ўжо пару гадоў выкарыстоўваюць для стварэння музыкі. Але да нядаўняга часу яны маглі дапамагчы толькі з адной задачай адначасова: напісаць тэкст песні, стварыць мелодыю, зрабіць вакал… Нядаўна сэрвіс Suno.ai прапанаваў даволі якасную генерацыю песняў амаль з нуля, бясплатна і ў пару клікаў. Праверылі, як ён напіша «Тры чарапахі».

Мы ўжо эксперыментавалі з нейрасеткамі: атрымалі сцэнар п’есы пра Аляксандра Лукашэнку і анекдоты пра Беларусь. За першую палову 2023 года штучны інтэлект засвоіў беларускую мову, цяпер можа дапамагаць з перакладам на беларускую агромістай відэагульні.

У фільме «Я, робат» 2004 года галоўны герой пытае робата, які пачаў бачыць сны: «Ці зможа робат сачыніць сімфонію?» Робат у адказ пытае чалавека: «А ты зможаш?»

Праз сэрвіс Suno.ai мы не сачынілі сімфонію, але за лічаныя хвіліны ўдалося згенераваць некалькі версіяў «Трох чарапах». З дазволу аўтара песні Лявона Вольскага паказваем, што атрымалася.

Нейрасеткі больш-менш справіліся з беларускім вымаўленнем: не ўсе гукі вымаўляюць дасканала, блытаюць націскі, але ж даюць вынік, які гучыць вельмі падобна да «чалавечай» беларускай мовы.

Як гучыць гурт «N.R.M.», нейрасеткі відавочна не чулі. Калі вы раптам забылі, арыгінал гучыць так:

Або так ужывую на «Belsat Music Live»:

На просьбу зайграць «Тры чарапахі» ў стылі «N.R.M» згенеравалі поп-панк, больш падобны да таго, што гралі магілёўскія «Глюкі». Насамрэч жа, «N.R.M.» часоў альбому «Тры чарапахі» меў гучанне, бліжэйшае да жанру гранж. Нейрасетка змагла згенераваць «Тры чарапахі» ў стылі гранжу, ды не ў тым стылі,  што быў у «N.R.M.».

Справа ў тым, што нейрасеткі не ўмеюць ствараць нешта напраўду арыгінальнае. Іх трэба навучаць на наборы звестак. У выпадку музыкі – паказаць, як гучаць розныя песні ў розных жанрах. Тады нейрасеткі змогуць адсачыць асаблівасці жанраў і паўтарыць характэрныя рысы, «спець» як адзін музыка спяваў бы ў стылі іншага. Але прынамсі пакуль не зможа стварыць новых музычных жанраў ці напраўду арыгінальных мелодыяў.

Разбор
Вялікаму брату дазволілі калі-нікалі сачыць за табой. У ЕЗ ухвалілі закон аб штучным інтэлекце
2024.03.18 06:00

У сувязі з гэтым паўстае пытанне аўтарскіх правоў. Калі б штучны інтэлект стварыў нам песню ў стылі «N.R.M.», чыя б гэта была песня: нашая, аўтараў нейрасеткі ці аўтараў песень гурту «N.R.M.»? Адказу на гэтае пытанне юрысты пакуль не маюць. Ды мастакі, на чыіх карцінах трэнавалі нейрасеткавыя генератары выяваў, ужо абураліся і дамагліся стварэння інструменту, які абароніць творы ад даследавання нейрасеткамі.

Нейрасеткі тым часам могуць пісаць і тэксты песень. Праўда, Suno.ai, які запісаў нам кавэры на «Тры чарапахі», пакуль не надта добра валодае генерацыяй тэкстаў па-беларуску. На просьбу напісаць тэкст на зададзеную тэму ён напісаў напалову ўцямны тэкст, напалову абракадабру. Затое выпадкова «прыдумаў» цікавую метафару: «каціся, як бібліятэка», што пасуе да формы менскай Нацыянальнай бібліятэкі.

З беларускай мовай лепш спраўляецца тэкставы чат-бот са штучным інтэлектам «Microsoft Copilot». Спыталі ў яго, пра што песня «Тры чарапахі». Скапіявалі адказ у новае вакно і папрасілі згенераваць тэкст песні аб гэтым. Вось што атрымалі (захаваная «аўтарская» арфаграфія).

Куплет 1:

На спінах трох чарапахаў, што нясуць наш свет,

Мы бачым жыццё, што круціцца ў рытме рэтрэт.

З-пад зямлі да неба, дзе зоркі ясныя граюць,

Трымаюць яны Зямлю, каб мы маглі стаяць.

Прыпеў:

Ой, чарапахі, дзякуй вам,

Што несеце нас праз час і прастору.

На вашых спінах – наша доля,

Зямля круціцца, а мы жывем без змору.

Куплет 2:

Пад кожным крокам – гісторыя, што ляжыць глыбока,

Чарапахі несуць у спадчыну нам эпоху.

Ад камунальных бед да вялікіх перамог,

На іх спінах – наша жыццёвая дарога.

Прыпеў:

Ой, чарапахі, дзякуй вам,

Што несеце нас праз час і прастору.

На вашых спінах – наша доля,

Зямля круціцца, а мы жывем без змору.

Куплет 3:

І калі надыходзіць час згадаць, адкуль мы,

Чарапахі нам шэпчуць пра мінулае ціха.

Але не забываем мы, што Беларусь – наш дом,

На спінах трох чарапахаў – тут наша любоў.

Прыпеў:

Ой, чарапахі, дзякуй вам,

Што несеце нас праз час і прастору.

На вашых спінах – наша доля,

Зямля круціцца, а мы жывем без змору.

Выява згенераваная нейрасеткай
Выява згенераваная нейрасеткай. Панк-гурт чалавекападобных робатаў ва ўяўленні «Microsoft Copilot».
Выява: Dall-E / Bing.com

З нашых эксперыментаў вынікае: стваральнікі арыгінальнай музыкі і сапраўднай паэзіі пакуль могуць не хвалявацца, нейрасеткі не пакінуць іх без працы. Ды тыя, хто не піша арыгінальнай музыкі, а стварае паводле шаблону, мусяць пачынаць хвалявацца – як ужо хвалююцца так званыя інфлюенсеры з Instagram.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў