Менгарвыканкам адмяніў канцэрт расейскага гурта «Каста» пасля «вывучэння тэкстаў песень»


Расейскі гурт «Каста» пракаментаваў адмену свайго менскага канцэрту. У сваім Instagram гурт напісаў, што Упраўленне культуры Менскага гарвыканкаму анулявала гастрольнае пасведчанне на правядзенне канцэртаў.

«Сябры, за два дні да канцэрту «Касты» ў Менску Упраўленне культуры Менскага гарадскога выканаўчага камітэту, «вывучыўшы матэрыялы і тэксты песень», анулявала раней выдадзенае гастрольнае пасведчанне на права правядзення нашага канцэрту (у Беларусі без яго канцэрты не праводзяцца)», – напісалі музыкі.

Канцэрт гурта павінен быў адбыцца сёння, 9 красавіка, у менскім «Prime Hall».

Арганізатар паведамілі, што прыкладаюць усе намаганні, каб гэты канцэрт адбыўся ў будучыні, і паабяцалі цягам некалькіх дзён паведаміць, канцэрт пераносіцца ці адменены.

Нагадаем, што летась гурт запісаў рэзанансны кліп «Выходи гулять» пра дзеянні сілавікоў, у якім шмат хто ўбачыў адсылкі да падзеяў у Беларусі. Таксама ўдзельнікі гурта неаднаразова крытычна выказваліся пра сітуацыю ў краіне.

АД, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў