Тытунёвыя фабрыкі Алексіна і Тапузідыса вымушана спынілі працу


Тытунёвая фабрыка «Інтэр Табака», якая належыць пралукашэнкаўскаму алігарху Аляксею Алексіну, з пачатку лютага не працуе. «Тытунь-Інвест», які належыць іншаму алігарху Паўлу Тапузідысу, таксама не атрымаў ад Белдзяржхарчпраму квотаў на тытунёвыя вырабы, піша «Motolkohelp».

Беларускія цыгарэты. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле папярэдніх звестак, Белдзяржхарчпрам адмовіў ТАА «Інтэр Табака» ў выдзяленні дадатковых квотаў на вытворчасць тытунёвых вырабаў. У выніку тытунёвая фабрыка з пачатку лютага вымушана спыніла сваю працу. Фабрыка належыць праўладнаму алігарху Аляксею Алексіну. 

Акрамя таго, ёсць звесткі, што з праблемай выдачы квотаў сутыкнулася і іншая тытунёвая фабрыка яшчэ аднаго алігарха Паўла Тапузідыса «Тытунь-Інвест».

Калі папярэднія звесткі адпавядаюць рэчаіснасці, то выходзіць, што цяпер у Беларусі фактычна працуе толькі адна тытунёвая фабрыка – Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман».

ТАА «Інтэр Табака», як і «Тытунь-Інвест», трапіла пад санкцыі краінаў Еўропы і ЗША. Таксама вядома, што ў шостым пакеце санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які можа быць апублікаваны ўжо на гэтым тыдні, вялікі ўдар наносіцца па тытунёвай галіне.

У пачатку лютага стала вядома, што кампанія «British American Tobacco» мае намер сёлета завяршыць працэс перадачы свайго бізнесу ў Беларусі і Расеі. Як канкрэтна плануюць гэта зрабіць, не ўдакладняецца.

Белдзяржхарчпрам рэгулюе тытунёвы рынак. Дзяржаўная арганізацыя выдзяляе квоты тытунёвым фабрыкам. Прычым квотаў выдзялялася заўсёды нашмат больш, чым неабходна беларускаму рынку. Вядома, што беларускія тытунёвыя вырабы паступаюць на Захад, у Расею ў выглядзе кантрабанды.

Hавiны
Пад новыя санкцыі Еўразвязу могуць трапіць беларускія тытунь, нафта і калій
2022.05.11 20:40

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў