Новую рэдакцыю Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ўхвалілі яшчэ ў лістападзе 2021 году, аднак пра змест дакументу стала вядома толькі нядаўна, піша расейскае выданне «Коммерсант». Яна замяняе дактрыну 2001 году і рашэнне Вышэйшай Рады Саюзу Беларусі і Расеі 1998 году «Аб Канцэпцыі сумеснай абароннай палітыкі».
У параўнанні з дактрынай 2001 году, у новай пералічана нашмат больш фактараў, якія негатыўна ўплываюць на бяспеку дзвюх краінаў, лічаць журналісты «Коммерсанта».
У новай канцэпцыі наўпрост не сказана, што на тэрыторыі Беларусі можа быць размешчаная ядравая зброя, аднак і пра забарону на гэта таксама не гаворыцца.
Тэкст новай дактрыны размешчаны на сайце Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы ў раздзеле «Нарматыўна-прававыя акты».
У дакуменце на 19 старонак гаворыцца, што «ваенна-палітычная абстаноўка, якая складваецца вакол Саюзнай дзяржавы, характарызуецца ўзрастаннем негатыўных працэсаў у галіне глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, абумоўленых як геапалітычным суперніцтвам паміж вядучымі дзяржавамі свету, так і сутыкненнем інтарэсаў асобных дзяржаваў (кааліцыяй дзяржаваў)». Сярод негатыўных фактараў у дактрыне выдзяляюцца:
– спробы змянення каштоўнасных арыенціраў і мадэляў развіцця, дыскрэдытацыя культураў, рэлігіяў і цывілізацыяў, фальсіфікацыі гісторыі, якія спрыяюць парушэнню духоўна-маральных сувязяў роднасных народаў;
– супрацьдзеянне з боку некаторых міжнародных арганізацыяў, замежных дзяржаваў развіццю Саюзнай дзяржавы, АДКБ, а таксама іншых інтэграцыйных утварэнняў з удзелам Беларусі і Расеі;
– наяўнасць каля мяжы Саюзнай дзяржавы ачагоў ваенных канфліктаў;
– нарошчванне сілавога патэнцыялу НАТО на вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы;
– прымяненне ў ваенных канфліктах сілы ў спалучэнні з палітычнай, фінансава-эканамічнай, інфармацыйнай і іншымі формамі барацьбы.
У якасці асноўных мераў па забяспечванні ваеннай бяспекі ўдзельнікі Саюзнай дзяржавы разглядаюць у мірны час:
– выяўленне, ацэнку і прагназаванне ваеннай небяспекі і пагрозаў, а таксама абмен інфармацыяй пра фактары ваенна-палітычнай абстаноўкі, якія ўплываюць на ваенную бяспеку;
– фармаванне і ажыццяўленне ўзгодненай ваеннай палітыкі, будаванне і развіццё рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ);
– сумеснае выкарыстанне аб’ектаў ваеннай і транспартнай інфраструктураў у інтарэсах РГВ;
– фармаванне адзінай памежнай прасторы;
– падрыхтоўку органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовага кіравання, арганізацыяў і насельніцтва да рашэння задач тэрытарыяльнай і грамадзянскай абароны.
Для ваеннага часу прадугледжаны:
– комплекс мерапрыемстваў па ўзброенай абароне Саюзнай дзяржавы;
– сумесныя рашэнні па адбіццю нападу;
– задзейнічанне магчымасцяў міжнародных арганізацыяў для прымусу агрэсара да спынення ваенных дзеянняў.
Асобна ў дакуменце падкрэсліваецца, што «ядравая зброя РФ будзе заставацца важным фактарам перадухілення ўзнікнення ядравых ваенных канфліктаў і ваенных канфліктаў з прымяненнем звычайных сродкаў паражэння».
ГГ, belsat.eu