Краіны Балтыі запатрабавалі тлумачэнняў ад Менску ў межах АБСЕ. На адказ ёсць 48 гадзін


Літва, Латвія і Эстонія 9 лютага ініцыявалі механізм зніжэння рызык Венскага дакументу АБСЕ ў дачыненні Беларусі. Пра гэта паведаміў карэспандэнт радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк.

Такім чынам, у найбліжэйшыя 48 гадзін прадстаўнікі ўладаў Беларусі ў АБСЕ абавязаны даць краінам-сябрам арганізацыі дадатковыя тлумачэнні адносна вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі.

Потым на запрашэнне Менску прадстаўнікі краінаў-удзельніц АБСЕ могуць наведаць раёны правядзення вучэнняў і базавання расейскіх войскаў. У гісторыі АБСЕ яшчэ не было прэцэдэнтаў, калі падобныя добраахвотныя запрашэнні не рабіліся ў выпадку заклапочанасці іншых краінаў-удзельніц, піша аналітычны цэнтр «iSANS Беларусь».

«Аднак цяперашні крызіс у стасунках з Захадам і жаданне самога Лукашэнкі надалей эскалаваць сітуацыю на мяжы з краінамі Балтыі цалкам можа завяршыцца адмовай ад арганізацыі падобнай місіі. Падобныя дзеянні могуць быць расцэненыя як ускоснае пацвярджэнне падрыхтоўкі наступальнай вайсковай аперацыі з тэрыторыі Беларусі – як супраць краін НАТА, гэтак і супраць Украіны», – мяркуюць эксперты цэнтру.

Hавiны
Украіна правядзе свае ваенныя вучэнні адначасова з беларуска-расейскай «Саюзнай рашучасцю»
2022.02.08 18:59

Расейскія войскі прыбываюць у Беларусь са студзеня. Афіцыйна – дзеля вучэнняў, якія пройдуць з 10 па 20 лютага. Але на Захадзе і ва Украіне бачаць у іх пагрозу. Таксама заяўляецца, што колькасць удзельнікаў вучэнняў з расейскага боку можа дасягаць 30 тыс. вайскоўцаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў