Беларусь будзе абслугоўваць замежны дзяржаўны доўг на 75 % у «валютах дружалюбных дзяржаваў»


Беларусь у 2023 годзе выдаткуе на абслугоўванне замежнага дзяржаўнага доўгу каля Br 4 млрд, а 75 % гэтай сумы выплацяць у «валютах дружалюбных дзяржаваў». Пра гэта расказаў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

Намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.
Фота: БелТА

«Валютамі дружалюбных нам дзяржаваў» Дзмітрый Кійко назваў расейскі рубель і кітайскі юань:

«На 2023 год беспасярэдне ў выдатках бюджэту закладзеная сума каля 4 мільярдаў рублёў на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу. Каля 75 % ад гэтай сумы – гэта валюты дружалюбных нам дзяржаваў, да якіх у нас ёсць сёння свабодны доступ. Гэта расейскі рубель, кітайскі юань. Акрамя абслугоўвання дзяржаўнага доўгу, плануем ажыццяўляць пагашэнне плацяжоў, пагашэнне асноўнага доўгу».

Таксама Кійко дадаў: доўг у еўрааблігацыях на суму 800 мільёнаў долараў, які трэба пагасіць у лютым, улады Беларусі плануюць выплочваць у беларускіх рублях. Гэта тлумачыцца ім увядзеннем санкцыяў супраць беларускага Нацыянальнага банку – плацежным агентам ураду:

«Урад летась пастанавіў супольна з Нацыянальным банкам: з улікам такой сітуацыі выплаты будуць ажыццяўляць у беларускіх рублях. Прычым выплаты будуць ажыццяўляцца тым інвестарам, якія змогуць пацвердзіць, што менавіта яны ўладальнікі еўрааблігацыяў».

Наконт іншых крэдытаў – Расеі і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця – намеснік міністра растлумачыў, што ва ўрадзе «разумеюць, як з імі працаваць» і плануюць пагашаць плацяжы паводле тых графікаў, якія ў іх ёсць: «Тым не менш мы ўжо вядзём перамовы і будзем працягваць весці перамовы, каб гэтыя плацяжы ажыццяўляліся на камфортных для нас умовах. І нашыя калегі, і нашыя партнёры, у прынцыпе, нас чуюць. Мы тут канструктыўна працуем».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў