Дзень нараджэння за кратамі: журналісту Яўгену Меркісу – 37 гадоў


Палітзняволены журналіст, вядомы гісторык і краязнаўца з Гомля Яўген Меркіс адзначае свой дзень нараджэння ў шклоўскай калоніі. 8 лістапада яму споўнілася 37 гадоў. Гэта другі дзень народзінаў, які ён сустракае за кратамі.

Журналіст Яўген Меркіс. Аўтар фота: DGAP / Stephan Röhl. Крыніца: Яўген Меркіс / VK

Яўгена затрымалі пасля ператрусу ўдома 13 верасня 2022 года. Першапачаткова паведамлялася, што пераслед звязаны з заклікамі да санкцыяў. Пазней стала вядома, што яго абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці. Падчас утрымання ў СІЗА № 3 на Яўгена ціснулі: яму блакавалася ліставанне, яго змяшчалі на чатыры дні ў карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся.

Працэс над Яўгенам Меркісам пачаўся 11 траўня 2023 года ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Суддзя Аляксей Хлышчанкоў засудзіў журналіста на 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). Падрабязнасці справы дагэтуль невядомыя. Згодна звесткам прапагандысцкай газеты «Гомельская праўда», Яўген Меркіс адпраўляў тг-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі.

Hавiны
Былога журналіста Меркіса асудзілі на 4 гады
2023.05.30 17:32

Яўгена адправілі адбываць прысуд у папраўчую калонію № 17 г. Шклова. Там ён мае заставацца да сакавіка 2026 года.

Хто такі Яўген Меркіс

Інтэлектуал, паліглот, краязнаўца, гісторык і не толькі. Яўген Меркіс шмат гадоў займаўся развіццём свайго гораду: папулярызаваў беларускую мову і культуру, прасоўваў змены ва ўрбаністыцы рэгіёну, стварыў альтэрнатыўную мапу Гомля.

У дзяцінстве Яўген марыў быць кіроўцам тралейбуса, палеантолагам, археолагам і прэзідэнтам. У 90-я гады Яўген разам з маці з’ехаў у Нямеччыну, дзе яны пражылі чатыры гады. Пасля вяртання ў Беларусь маладзён праходзіў стажыяванне і курсы ў розных краінах, але нідзе сябе не бачыў, апроч як у Беларусі.

«Жыццё ў Нямеччыне ў дзяцінстве прымусіла рана задумацца: хто я, адкуль? Немец, рускі, беларус? Для чаго мы едзем у свет з радзімы, чаго шукаць? Адказы я, калі жыў у Нямеччыне і мне было 10 гадоў, шукаў ва ўспамінах Дзянікіна і іншых людзей, якім давялося жыць за межамі радзімы, якія знаходзіў у нямецкай бібліятэцы», – расказваў Яўген у інтэрв’ю «Нашай ніве».

Яўген пачаў размаўляць па-беларуску яшчэ ў школе, калі ўдзельнічаў у алімпіядах па гісторыі. Ён слухаў «Народны альбом», «Н.Р.М.» і «Краму», чытаў Караткевіча.

Любоў да гісторыі прывяла яго на гістфак БДУ. У гэты ж час Яўген прыйшоў да беларушчыны, засяродзіўся на краязнаўстве. Менавіта ў студэнцкія гады ён пачаў папулярызаваць гісторыю, мову і культуру роднага краю ды этнаграфічныя вандроўкі. Яўген меркаваў, што для папулярызацыі беларускай мовы трэба ствараць станоўчы вобраз беларускамоўнага, быць на пазітыве і не патрабаваць ад людзей шмат у гэтым рэчышчы. Пазней заснаваў сайт «Краязнаўства Гомля і Гомельшчыны», ачольваў гомельскае моладзевае грамадскае краязнаўчае аб’яднанне «Талака», якое дабівалася выкарыстання беларускай мовы ў садках і школах, арганізоўвала гістарычныя рэканструкцыі і ладзіла святы на важныя для беларускай гісторыі даты. Яўген быў таксама рэгіянальным каардынатарам грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма!», удзельнічаў у інтэлектуальных гульнях, быў вядоўцам шмат якіх праектаў – «Гомель offline», курсаў «Мова Нанова».

Атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове, якой дасканала валодае. Таксама Яўген выдатна размаўляе па-ангельску.

Яўген Меркіс мае выдатны музычны слых, ён вялікі аматар якаснай музыкі. У студэнцкія гады ён адмаўляў сабе ў неабходным, каб назбіраць грошы і набыць электрагітару.

Яўген Меркіс.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

У журналістыку Яўген прыйшоў у 2017 годзе, калі ў Гомлі ды іншых гарадах Беларусі праходзілі пратэсты так званых дармаедаў. Меркіс вёў стрымы з масавых акцый і стаў адным з самых пазнавальных рэгіянальных журналістаў-вядоўцаў. Ягоныя стрымы з Гомля і іншых гарадоў глядзелі сотні тысяч чалавек, яго пазнавалі на вуліцах. Тады Гомельскі рэгіён выбухнуў сваімі акцыямі, яны аказаліся больш шматлікімі, чым, напрыклад, у Менску альбо ў іншых абласных цэнтрах. Яўген вёў стрымы вельмі інтэлігентна і рашуча, не баяўся ісці і размаўляць з чыноўнікамі, міліцынтамі, даваў слова простым людзям. За гэта яго вельмі любілі гледачы, але зненавідзелі сілавікі.

Яўгена неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на содні. Напрыклад, за тое, што Яўген нібыта ішоў па вуліцы адзін і сам сабе лаяўся матам. Агулам за ўвесь час журналісцкай дзейнасці Меркісу прысудзілі 50 дзён арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў. Перад затрыманнем у крымінальнай справе сілавікі прыходзілі да Яўгена з вобшукамі ў лютым і ў ліпені 2021 года. У жніўні 2020 журналіста арыштавалі на 5 дзён.

Пасля прызнання шэрагу незалежных медыяў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» Яўген сышоў з журналістыкі і засяродзіўся на краязнаўстве. Аднак неўзабаве ягоны «Краязнаўчы сайт Гомля і Гомельшчыны», дзе размяшчалася багата ўнікальнай інфармацыі аб краязнаўстве і гісторыі рэгіёну, перастаў адкрывацца. Таксама быў выдалены тэлеграм-канал «Краязнаўства Гомля і Гомельшчыны».

«Дэпрэсіўны аптыміст»

Яўген вельмі любіць Гомель і нават марыў калісьці стаць мэрам гораду. Ён мае шмат планаў наконт развіцця Гомля, паляпшэння яго інфраструктуры і захавання гістарычнай спадчыны. Разам з іншымі актывістамі ён стварыў альтэрнатыўную мапу Гомля, на якой адлюстраваныя месцы, якіх у горадзе яшчэ няма, але якія маглі б зрабіць яго цікавейшым. Меркіс абараняў драўляную спадчыну Гомля ад чыноўнікаў, выступаў супраць інтэнсіфікацыі руху аўтамабіляў у цэнтры гораду, распавядаў пра «белыя плямы» гісторыі рэгіёну.

У асабістым жыцці Яўгена было шмат балючых стратаў. У 2012 годзе ён страціў каханую жонку – гісторыка і краязнаўцу Наталлю Маркевіч, якая доўга і пакутліва змагалася з анкалагічнаю хваробай. Журналіст цяжка перажываў гэтую трагедыю, а кожную паездку ў Бараўляны «за крэдытам на жыццё» называў трывожным, але шчасцем.

У 2017 годзе ў Яўгена памерла маці ад хваробы сэрца. Зараз у яго засталіся тата і брат з цяжкім захворваннем.

Да затрымання Яўген характарызаваў сябе гэтак: «Праваслаўны, прыхільнік заходніх каштоўнасцяў і патрыярхальнасці ў сям’і, люблю панк, рок і рэтра 1950-х – 1970-х, творчасць «трушных паэтаў» – Анатоля Сыса і Васіля Стуса. Люблю Гомель. У людзях цаню сапраўднасць. Але ідэя – галоўнае і першаснае. Дэпрэсіўны аптыміст. Выклікаюць захапленне персоны кшталту кіраўніка «Tesla Motors» Ілана Маска, якія сягаюць сваімі ідэямі і дзейнасцю ў далячынь, змяняюць свет».

Зараз Яўген адбывае прысуд у Шклове, адкуль паходзіць яго тата. Як распавядаў сам Яўген, у 90-я была такая традыцыя – усе тамтэйшыя хлопцы і мужчыны збіраліся на выходных пагуляць у футбол, калі прыязджалі да бацькоў. Гуляў там актыўна і Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі затрыманых журналістаў Меркіса і Мураўёва
2022.09.21 17:59

Адрас для лістоў: ПК № 17, вул. 1-я Заводская, 8, 213004, г. Шклоў

Яўген Аляксандравіч Меркіс

belsat.eu

Стужка навінаў