«Укрпошта» выпусціць паштовую марку з разбураным Крымскім мостам


«Укрпошта» анансавала выданне паштовай маркі «Крымскі мост на біс!», аб гэтым са спасылкаю на паштовага аператара паведамляе «Інтэрфакс-Украіна». Разам з маркай выдадуць паштовы канверт і іншыя паштовыя вырабы.

Выбух на Крымскім мосце, 8 кастрычніка 2022 года.
Фота: Алёна Папова / ТАСС / kavkazr.com

Паштовая марка «Крымскі мост на біс!» выйдзе ў першай палове лістапада. «Укрпошта» паведамляе, што тыраж марак складзе 7 млн экзэмпляраў. Намінальны кошт маркі М складзе 18 грыўняў за марку ці 126 грыўняў за аркуш з 7 марак. Да маркі будзе выпушчаны канверт «Першы дзень», не маркаваны мастацкі канверт і картка.

«Паколькі да тэатру ваенных дзеянняў ва Украіне прыкутыя погляды мільёнаў экспертаў, дыпламатаў, палітыкаў і звычайных людзей з усяго свету, і не ўсе яны разумеюць сакральную значнасць Крымскага моста для Расеі і важнасць яго пашкоджання для ходу ўкраінска-расейскай вайны, было вырашана для эскізу маркі выкарыстоўваць сцэну з вядомага фільму. Гэтак жа, як распаўсюджваўся міф аб непатапляльнасці карабля, так Расея выбудоўвала міф аб тым, што Крымскі мост – сімвал вечнай сувязі ўкраінскага Крыму з Расеяй», – гаворыцца ў паведамленні «Укрпошты».

Паведамляецца, што апроч асноўнага сюжэту, марка змяшчае некалькі «цікавых дэталяў і намёкаў»:

  • недапалак у руках у гераіні як сведчанне таго, што апошні час расейцы вельмі пакутуюць ад курэння ў забароненых месцах;
  • расейскі легкавы аўтамабіль, які едзе ў прорву, губляючы нарабаваныя пральныя машыны і іншае майно;
  • «Байрактар», які «выпадкова» пралятаў над мостам;
  • разбіты расейскі танк, які ў складзе калоны перапраўляўся на фронт.

Аўтар выпуску Юрый Шапавал – украінскі жывапісец, які працуе ў тэхніцы жывапісу, графікі і інсталяцыі. Дэталі адносна даты выхаду маркі і ўмоваў продажаў будуць апублікаваныя дадаткова.

Абноўлена
Шкода ад разбурэння Крымскага моста ацэненая на 500 мільёнаў расейскіх рублёў. Але гэта яшчэ не ўсё
2022.10.08 14:32

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў