У Беларусі яшчэ адзін смяротны выпадак ад укусу казуркі


У Маларыцкім раёне ад укусу невядомай казуркі памёр мужчына, паведамілі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз. Трагедыя адбылася, калі мужчына разам з сям’ёй адпачываў на возеры Лукава пад Маларытай (Берасцейская вобласць).

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паведамляецца, што беларус усталёўваў намёт, калі адчуў укус у шыю. Мужчына паклікаў жонку, паказаў месца ўкусу, і жанчына дастала джала казуркі. Аднак праз нейкі час мужчына адчуў сябе дрэнна, і жонка патэлефанавала ў хуткую.

Медыкі, якія прыбылі, паспрабавалі рэанімаваць мужчыну, але выратаваць яго не змаглі. Жонка загінулага распавяла, што летась яе мужа ўджгнула казурка і рушыла ўслед алергічная рэакцыя. З таго часу ён прымаў антыгістамінны прэпарат, але ў гэты дзень прыём таблеткі ён прапусціў.

Якая менавіта казурка ўкусіла мужчыну – невядома, аднак па словах мясцовых жыхароў паблізу возера часта сустракаюцца шэршні.

Разбор
Чаму шэршні нападаюць на чалавека і ці трэба іх баяцца? Распавядае навуковец
2023.09.02 10:35

Яшчэ адна смерць ад укусу казурак здарылася напрыканцы жніўня. У Талачынскім раёне пенсіянерка працавала на прысядзібным участку, як раптам на жанчыну напалі восы і пачалі джаліць. Самаадчуванне жанчыны хутка пагоршылася, яна забегла ў дом і расказала пра здарэнне мужу, пасля чаго тут жа страціла прытомнасць. Мужчына паспрабаваў прывесці жонку ў прытомнасць, выклікаў хуткую. Але да моманту прыезду медыкаў пенсіянерка ўжо памерла. Судова-медыцынская экспертыза паказала, што прычынай смерці пенсіянеркі стаў анафілактычны шок, выкліканы ядам восы.

А напрыканцы чэрвеня сотні шэршняў у Віцебскім раёне атакавалі адпачывальнікаў турбазы «Верасы», адзін чалавек ледзь не памёр, яго паспелі выратаваць ратавальнікі.

30 жніўня пенсіянер з Магілёва памёр ад укусу гадзюкі. Ён прыехаў разам з сынам на дачу, дзе яны прымалі лазню. Пенсіянер басанож накіраваўся ў парыльню і па дарозе яго за ступню ўкусіла змяя. Праз некалькі дзён яму стала дрэнна і сын выклікаў хуткую дапамогу, але пенсіянер адмовіўся ехаць у шпіталь і змоўчаў аб укусе змяі. Толькі праз тыдзень ён прызнаўся аб укусе лекарам і яго шпіталізавалі ў рэанімацыю, але выратаваць пенсіянера не ўдалося.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў