news
Аналітыка
Арменія развітваецца з Расеяй і АДКБ? Што адбываецца паміж Ерэванам і Масквой
Чым незадаволены Ерэван, і на якія крокі ён можа пайсці.
08.09.202307:15

На пачатку верасня паміж Арменіяй і Расеяй узнікла даволі гучная сварка ў публічным полі. Ерэван кажа пра сваю незадаволенасць расейскімі ўладамі і хоча збліжэння з Захадам, а з Масквы выказваюць заклапочанасць і нават прапаноўваюць абвясціць Арменію незаконнай. Карэспандэнты «Белсату» паспрабавалі разабрацца ў тым, што адбываецца.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін праходзіць побач з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашыньянам перад сустрэчай лідараў Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ) у Ерэване, Арменія. 23 лістапада 2022 года.
Фота: Vahram Baghdasaryan / Photolure / AP / East News

На пачатку верасня ў італьянскай «La Repubblica» выйшла інтэрв’ю прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыньяна, у якім ён назваў стратэгічнаю памылкаю залежнасць Арменіі ад Расеі ў сферы бяспекі.

«Архітэктура бяспекі Арменіі на 99,999 % была звязаная з Расеяй, у тым ліку і ў сферы набыцця зброі і боепрыпасаў. Але сёння, калі Расея мае патрэбу ў зброі і боепрыпасах, зразумела, што нават калі б яна захацела, РФ не змагла б забяспечыць патрэбы Арменіі ў сферы бяспекі. Гэты прыклад павінен паказаць нам, што ў сферы бяспекі залежнасць ці прывязка толькі да аднаго цэнтру сама па сабе ёсць стратэгічнай памылкай. І толькі пасля таго, як мы пастфактум спазналі горкі вынік гэтай памылкі, мы робім вельмі смутныя спробы дыверсіфікаваць нашую палітыку ў сферы бяспекі», – сказаў ён.

Больш за тое, паводле армянскага прэм’ера, «Расея сама сыходзіць з рэгіёну ў сілу тых крокаў, якія яна робіць ці не робіць», і «аднойчы мы проста прачнёмся і ўбачым, што Расеі тут няма». Ён адзначыў, што расейскія міратворцы не выконваюць сваёй місіі і не кантралююць лачынскага калідору, што злучае Арменію з непрызнанай армянскай рэспублікай у Нагорным Карабаху.

«Прычынаў можа быць дзве: або РФ не можа, або не хоча захоўваць кантролю над лачынскім калідорам. І адно, і другое, на наш погляд, праблематычна», – сказаў Пашыньян.

У Расеі былі «вельмі незадаволеныя апошнімі публічнымі заявамі армянскага кіраўніцтва», цытаваў дзяржаўны ТАСС неназваныя крыніцы ў МЗС РФ. Яны абвінавацілі Ерэван у «перакладанні на Расею адказнасці за памылкі».

«Расею спрабуюць штучна выцесніць з Паўднёвага Каўказу, прычым выкарыстоўваючы Ерэван як сродак рэалізацыі гэтай мэты. Расея як найбліжэйшы сусед і сябар Арменіі пакідаць рэгіён не мае намеру. Аднак гэта павінна быць вуліца з двухбаковым рухам: Арменіі таксама не варта было б рабіцца прыладай Захаду для выдушвання Расеі», – адзначала крыніца.

Затым нязгоду з «тэзісамі спадара прэм’ер-міністра» выказаў і прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

З АДКБ і да NATO?

Нарастала напружанасць і на лініі Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ), з якой Ерэван ужо пагражаў выйсці і вучэнні якой адмаўляўся праводзіць на сваёй тэрыторыі. 5 верасня Арменія адклікала пастаяннага і паўнамоцнага прадстаўніка краіны ў АДКБ Віктара Біягава, які займаў гэтую пасаду з 2018 года. А неўзабаве стала вядома, што ў Арменіі 11–20 верасня пройдуць супольныя армянска-амерыканскія вучэнні «Eagle Partner 2023». І хоць мэта вучэнняў – падрыхтавацца да ўдзелу ў міжнародных міратворчых місіях, а колькасць іх удзельнікаў складае толькі 260 асобаў, Пяскоў усё ж паспеў заявіць пра «насцярожанасць асабліва ў цяперашняй сітуацыі».

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян на сустрэчы лідараў АДКБ у Ерэване, Арменія. 23 лістапада 2022 года.
Фота: Karen Minasyan / AFP / East News

«Арменія – хаўруснік у АДКБ, мы зыходзілі і зыходзім з таго, што ў духу хаўрусніцтва трэба прытрымлівацца практыкі вучэнняў з тымі, хто ўваходзіць у гэты хаўрус. Вядома, мы звярнулі на гэта ўвагу. І звярнулі самую сурʼёзную ўвагу нашых армянскіх хаўруснікаў, хаўруснікаў у Арменіі, на тое, што гэта ўспрымаецца намі з элементам заклапочанасці», – сказаў намеснік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў.

А ягоны калега Міхаіл Галузін заявіў, што «збліжэнне з NATO наўрад ці абернецца для кагосьці пазітыўнымі вынікамі ў плане запэўнівання ўласнай бяспекі».

Тым часам з’явілася інфармацыя, што ўпершыню з пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту Арменія скіравала ва Украіну гуманітарную дапамогу. А 6 верасня ў Кіеў на Саміт першых лэдзі і джэнтльменаў прыехала жонка Пашыньяна Анна Гакап’ян. Там яна сярод іншага ўсклала кветкі ў памяць пра дзяцей, што загінулі ў выніку расейскай агрэсіі, ды выклала супольныя фота з Уладзімірам і Аленай Зяленскімі.

Пуціна арыштуюць?

Не падабаецца Маскве і тое, што 1 верасня ўрад Арменіі накіраваў у парламент на ратыфікацыю Рымскі статут – дакумент, які вызначае паўнамоцтвы Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Раней Канстытуцыйны суд Арменіі ўжо прызнаў, што абавязкі, закладзеныя ў статуце, адпавядаюць канстытуцыі. Урад Арменіі бачыць у ім магчымасць «перадухілення азербайджанскіх замахаў на суверэнную тэрыторыю Арменіі». Аднак для Расеі праблема ў тым, што гэты суд у сакавіку 2023 года выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. У выніку Масква запытала ў Ерэвану тлумачэнні.

«Будзем вызначацца з нашымі наступнымі крокамі, зыходзячы са зместу адказу Ерэвану», – паведаміла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Дарэчы, спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманьян днямі назваў Захараву «нейкай сакратаркай нейкага ведамства». Ён жа абвінаваціў Расею ў бяздзейнасці адносна блакады Азербайджанам Нагорнага Карабаху.

Аналітыка
«Тактыка салямі». Арменія прапанавала Азербайджану мір, але ёсць шмат нюансаў
2023.04.20 11:20

«Няхай будуць шчырымі і наўпрост скажуць: «Не можам, няма такой сілы». Іх уласнае ўяўленне пра імперыю гуляе з імі сёння злы жарт. Не Арменія пагаршае стасункі з Расеяй, Расея пакідае наш рэгіён, спрабуе з Турцыяй ператварыць рэгіён у прадмет гандлю для прасоўвання сваіх эканамічных інтарэсаў», – заявіў палітык 6 верасня.

Але далей за ўсіх у крытыцы армянскіх уладаў зайшоў дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Яўгеній Фёдараў. У інтэрвʼю азербайджанскаму выданню haqqin.az ён заявіў, што пасля кантактаў Ерэвану з NATO трэба ў судовым парадку прызнаць Арменію «незаконнай тэрыторыяй»:

«Яна будзе абвешчаная сепаратысцкім утварэннем, і Расея атрымае геапалітычны кантроль над Арменіяй. А ў такім выпадку жаданне армянскага боку аб размяшчэнні ў Гюмры расейскай базы не будзе ўлічвацца».

Тым часам Арменія заяўляе, што Азербайджан сцягвае буйныя калоны вайсковай тэхнікі, пазначаныя перавернутай літарай «А», у памежныя з Арменіяй і Нагорным Карабахам рэгіёны. Таксама туды перакідаюцца ўдарныя гелікоптары, а з Ізраілю і Турэччыны ляцяць транспартныя самалёты. І Арменія, і Азербайджан заяўляюць пра правакацыі і абстрэлы. Паведамляецца пра ахвяры.

«Відавочна, што Азербайджан сваймі дзеяннямі дэманструе імкненне да новых вайсковых правакацыяў супраць Арменіі і Нагорнага Карабаху», – заявіў Пашыньян, выказаўшы гатовасць падпісаць мірнае пагадненне з Азербайджанам.

«Папяровы тыгр» не абароніць Арменіі

У эфіры «Вось Так» расейскі палітолаг Аркадзій Дубноў назваў сітуацыю на мяжы Арменіі і Азербайджану кепскай, бо «менавіта так пачыналася мінулае абвастрэнне», што вылілася ў 44-дзённую вайну ўвосень 2020 года, «і цяпер ёсць усяму ўсе падставы». Пры гэтым, на думку Дубнова, у армянскага прэм’ера «няма добрых крокаў».

«Дамовіцца з Баку аб праблеме Нагорнага Карабаху не ўдаецца. Лачынскі калідор разблакаваць не ўдаецца. Расейскія міратворцы не здольныя выканаць свайго мандату і перашкодзіць азербайджанскім вайскоўцам фактычна блакаваць гэты калідор. І пагроза гуманітарным грузам увесь час робіцца ўсё большай», – адзначыў палітолаг, дадаўшы, што Расея прымушае Арменію пайсці на саступкі Азербайджану.

Hавiны
Новая Атаманская імперыя? Чаго шукае Турцыя ў новай армянска-азербайджанскай вайне?
2020.10.06 15:20

Як заявіў у каментары «Белсату» кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін, Расея, на якую ў 1990-я ў канфлікце з Азербайджанам за Нагорны Карабах вырашыла абаперціся Арменія, цяпер ператварылася ў «папяровага тыгра». І ў выніку Арменія ў 2020 годзе зазнала паразу ў новай вайне, а Азербайджан не толькі палепшыў свае пазіцыі ў Нагорным Карабаху, але і высунуў прэтэнзіі на зангезурскі калідор, што злучыў бы Азербайджан з Турэччынай праз армянскую тэрыторыю.

«Тут армяне вымушаныя былі шукаць новых саюзнікаў. І ледзь не трапілі наагул у кампанію кепскіх хлопцаў, калі пачалі наладжваць стасункі з Іранам. Але відавочна, што заходні свет, заходнія прапановы і перспектывы ўсё-такі пераважаюць. І каб запоўніць вакуум рэсурсу, які застаўся пасля аслаблення Расеі і яе фактычнага выхаду з Паўднёвага Каўказу, армяне вырашылі знайсці новае апірышча», – заявіў Красулін.

Дубноў мяркуе, што Пашыньян сваймі дзеяннямі адносна АДКБ і Рымскага статуту наўмысна «эскалюе сітуацыю» ў дачыненнях з Масквой і «ідзе да таго, каб так ці інакш фактычна перастаць быць сябрам АДКБ». Паводле расейскага палітолага, супольныя вучэнні з амерыканцамі – «гэта дэманстрацыя таго, што Арменія разлічвае на іншых партнёраў у сферы бяспекі замест Расеі». Да таго ж, заявіў эксперт, такім чынам Пашыньян можа спрабаваць ліквідаваць пагрозу сваёй прымусовай адстаўкі з боку прарасейскіх сілаў, як гэта ўжо адбылося 1 верасня з кіраўніком Нагорнага Карабаху Араікам Гарут’юньянам.

Ветэраны вайны і армейскія добраахвотнікі размаўляюць з супрацоўнікамі праваахоўных органаў на дарозе перад лачынскім калідорам пасля спробы яго разблакаваць. Лачынскі калідор – адзіная дарога, якая злучае сепаратысцкі рэгіён Нагорны Карабах з Арменіяй. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Karen Minasyan / AFP / East News

«Гэта значыць, цяпер сітуацыя настолькі напаленая. Я баюся, што можа сарвацца ў любы момант. І Расея ў гэтай сітуацыі пакуль няздольная перадухіліць самае небяспечнае развіццё сітуацыі, бо, нават мяркуючы з афіцыйных рэплік Пяскова ці Захаравай, у Расеі няма сурʼёзных рычагоў уплываць на Азербайджан», – падкрэсліў Дубноў.

Але і Захад не ёсць панацэяй для Арменіі, бо ўтрымаць Нагорны Карабах ім будзе вельмі цяжка, адзначыў Красулін. Паводле яго, заходняе падтрыманне яшчэ можа захаваць межы Арменіі 1991 года, але не Нагорна-Карабахскую Рэспубліку.

Дый Масква не збіраецца адпускаць Арменію, заявіў Дубноў, які чакае «нейкіх неардынарных рэакцыяў з боку Расеі на супрацьдзеянне гэтым планам Пашыньяна». Напрыклад, у эканоміцы, энергетыцы ці лагістыцы.

Пакуль жа армянскія ўлады ўсё ж пастанавілі суцішыць жарсці ў стасунках з Масквою. 7 верасня намеснік міністра замежных справаў Арменіі Паруйр Гаваннісьян заявіў, што паміж Ерэванам і Масквою няма напружанасці, а толькі «пэўныя разнагалоссі» ў «працоўных стасунках». Таксама, дадаў ён, у Арменіі няма планаў выйсці з АДКБ – «на нашым парадку дня такое пытанне не стаіць».

Аналітыка
Хто спрабуе «перавярнуць стол» у Закаўказзі? Што стаіць за канфліктам паміж Арменіяй і Азербайджанам
2022.09.13 18:00

Макар Мыш belsat.eu