Улады патрабуюць паведаміць пра замежнае грамадзянства або ВНЖ. Чаму гэтага не варта рабіць


З 11 ліпеня беларусаў абавязалі паведамляць уладам пра атрыманне замежнага грамадзянства, віду на жыхарства ды іншых дакументаў накшталт карты паляка. Адказнасці за непаведамленне яшчэ не прыдумалі, але прыдумалі сайт, куды на сябе даносіць. Юрыст тлумачыць «Белсату», чаму на той сайт не варта спяшацца.

Польскі падарожны дакумент для замежніка
Польскі падарожны дакумент для замежніка, пашпарт Рэспублікі Беларусь і від на жыхарства ў Польшчы.
Фота: Белсат

Абавязак падачы ў дзяржаўныя органы інфармацыі пра атрыманне замежнага грамадзянства, віду на жыхарства ці «іншага дакументу, які дае права на льготы і перавагі» замацаваны ў абноўленым «Законе аб грамадзянстве» Рэспублікі Беларусь, што набыў моц 11 ліпеня. Улады тлумачылі: за грамадзянамі Беларусі не прызнаецца іншага грамадзянства, таму трэба паведамляць і пра другое грамадзянства, і (чамусьці) пра ВНЖ.

8 жніўня ўлады зацвердзілі парадак падачы грамадзянамі такой інфармацыі, зрабілі  спецыяльны онлайн-сэрвіс на сайце Platform.gov.by, які на момант публікацыі быў недасяжны.

Арцём Праскаловіч
Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч у эфіры «Белсату». Скрыншот: Belsat News / Youtube

Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч тлумачыць «Белсату»: адносна Беларусі пад уладай Аляксандра Лукашэнкі «немагчыма разважаць пра адпаведнасць законаў Канстытуцыі, якую Лукашэнка згвалціў». Але Канстытуцыя Беларусі не забараняе ўводзіць такія абмежаванні.

Важна не тое, што існуе нейкае патрабаванне ў законе, а тое, як здабытую інфармацыю могуць скарыстаць улады і рэпрэсіўны апарат, працягвае ён. І дадае, што неаднаразова заклікаў прынамсі цяпер не паведамляць уладам пра свае замежныя дакументы:

«Пакуль няма ніякай адказнасці, гаворка пра якую, на жаль, ідзе, не варта даваць свае звесткі ў лапы рэжыму, – кажа Праскаловіч. – Бо як ён захоча іх скарыстаць, невядома. Як мінімум, гэта стварэнне базы нелаяльных асобаў».

Юрыст тлумачыць: калі чалавек мае замежныя дакументы, гэта значыць, што ён ездзіць за мяжу, ён бачыць, як развіваецца цывілізаваны свет. Адпаведна, ён не зможа пагадзіцца з тым, што адбываецца ўнутры краіны. Таму база тых, хто мае замежныя дакументы, можа быць скарыстаная як спіс для рэпрэсіяў.

Праскаловіч прадказвае, што людзям з гэтай базы могуць як мінімум увесці падвышаную аплату за камунальныя паслугі ў беларускіх кватэрах у іхнай уласнасці, якую ўвялі для людзей з базы «дармаедаў». З 2019 года тых, каго ўлады палічылі «незанятымі ў эканоміцы», абавязалі плаціць камуналку паводле «эканамічна абгрунтаваных тарыфаў».

Для ўладальнікаў замежных дакументаў могуць, лічыць юрыст, увесці і падвышаную аплату за адукацыю і медыцыну ў Беларусі – такі наратыў ужо прасоўваюць у сацыяльных сетках расейскія «ботафермы» і лукашэнкаўскія актывісты.

«Паводзіны Міністэрства ўнутраных справаў Лукашэнкі сведчаць пра пэўную істэрыку: яны разумеюць, што беларусы становяцца ўсё больш адукаванымі і смелымі. Яны разумеюць, што адным такім заклікам „нясіце, калі ласка, нам свае персанальныя звесткі, каб мы імі карысталіся, як захочам“, дамагчыся яны нічога не могуць, – зазначае Праскаловіч. – Таму і пужаюць адказнасцю. Але хутка гэтага не будзе, беларусы змогуць зарыентавацца».

На думку юрыста, каб неяк караць за неданясенне на сябе і свае замежныя дакументы, трэба ўнесці змены ў Адміністратыўны кодэкс, а гэта «самае малое тры тыдні і месяц працэдурных момантаў». Без вострай неабходнасці такога не стануць уводзіць «за тры дні».

З іншага боку, на практыцы і без законаў могуць узнікнуць праблемы на мяжы, засцерагае ён: «Дайце ваш дакумент» – «Не дам» – «Непадпарадкаванне законным патрабаванням». Караць могуць паводле іншых артыкулаў, таму Праскаловіч раіць у безвыходнай сітуацыі не пярэчыць сілавікам і не падстаўляць сябе пад удар, калі аддаць дакумент абавязваюць (пра патрабаванні аддаць карту паляка на мяжы беларусы ўжо расказвалі).

Агляд
За што беларусаў найчасцей затрымліваюць на мяжы?
2023.07.13 09:20

Яраслаў Сцешык, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў