Рыхтаванне да вялікага наступу ці проста тэрор? Якія ў Пуціна планы на Харкаў


Расея за апошнія тыдні значна ўзмацніла паветраны тэрор супраць Харкава. У медыях абмяркоўваюць, што гэта можа быць часткаю стратэгіі для рыхтавання вялікага наступу, разлічанага на захоп абласнога цэнтру. Праўда, ніякіх прыкметаў фармавання ўдарнай групоўкі ўкраінская выведка пакуль не фіксуе. Belsat.eu апавядае, пры якіх умовах Расея можа напасці на Харкаў і чаму наступны ўдар, хутчэй за ўсё, будзе нанесены ў іншым месцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі ДСНС працуюць на месцы ракетнага абстрэлу. У Харкаве былі нанесеныя авіяўдары па будынку Службы бяспекі Украіны і абласной Управы паліцыі. Харкаў, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Харкаў быў адною з асноўных цэллю расейскай арміі ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання. У лютым 2022 года падраздзяленні акупантаў выйшлі да ваколіцаў Харкава і нават прарваліся ў горад, але неўзабаве былі вымушаныя адступіць. Спробы атачыць абласны цэнтр таксама скончыліся няўдачаю. Да пачатку траўня 2022-га расейскія войскі былі выбітыя з усіх паселішчаў, адкуль яны маглі весці агонь па Харкаве са ствольнай артылерыі. Пагроза для гораду пасля гэтага значна знізіліся, хаця цалкам не знікла.

Размовы пра тое, што Расея можа зноў паспрабаваць захапіць Харкаў, аднавіліся з новаю сілаю пасля пераабрання Уладзіміра Пуціна. На брыфінгу пасля завяршэння прэзідэнцкіх выбараў у расейскага лідара спыталі пра абстрэлы Белгараду, а таксама нагадалі словы губернатара вобласці Вячаслава Гладкова, які аднойчы заявіў, што найлепшы спосаб абараніць Белгарад – гэта далучыць Харкаў да Белгародскай вобласці.

«Я цяпер не гатовы казаць наконт таго, што і як мы маем далучаць і калі. Але не выключаю, што, маючы на ўвазе трагічныя падзеі, якія адбываюцца сёння, мы вымушаныя будзем у нейкі момант, тады, калі палічым мэтазгодным, стварыць пэўную санітарную зону на сённяшніх тэрыторыях, падпарадкаваных кіеўскаму рэжыму», – заявіў у адказ Пуцін.

Тэрор супраць Харкава

Праз чатыры дні, 22 сакавіка, Расея ўчыніла самую маштабную з пачатку вайны атаку на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру. Найбольшыя страты зазнаў Харкаў, па якім запусцілі больш за 20 ракетаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паўночная Салтаўка ўначы. Праз сталыя абстрэлы інфраструктуры Украіны ў Харкаве дзеяў рэжым адлучэння электраэнергіі. Харкаў, Украіна. 11 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

У Харкаве адбыўся блэкаўт. Была разбураная ЦЭЦ-5 – найбуйнейшая станцыя ў рэгіёне, што генеравала асноўныя магутнасці цеплавой і электрычнай энергіі для гораду. Вода- і цеплазабеспячэнне было парушанае, спыніліся электратранспарт і метро. Улады былі вымушаныя ўвесці жорсткія графікі адлучэнняў электраэнергіі.

Наступныя два тыдні Расея працягвала наносіць па Харкаве новыя ўдары. Мэр Ігар Тэрэхаў прызнаў, што ў горадзе разбураная практычна ўся крытычная энергетычная інфраструктура. Мішэнню для расейскіх атак сталіся і жылыя дамы, лякарні, адукацыйныя ўстановы і г. д. Агрэсар б’е ўсімі відамі зброі: ракеты розных відаў, дроны-камікадзэ і нават кіраваныя авіяцыйныя бомбы (КАБ), якія раней не выкарыстоўваліся супраць буйных гарадоў па-за лініяй фронту. Выкарыстанне КАБаў супраць Харкава сталася вельмі сур’ёзным выклікам: гэта звышмагутныя бомбы, і іх нельга знішчыць сродкамі паветранай абароны. Адзіная магчымасць супрацьстаяць КАБам – збіваць самалёты, якія іх скідваюць. Але зрабіць гэта вельмі складана, бо расейцы скідваюць бомбы на далёкай адлегласці, з уласнай паветранай прасторы.

«Расейскі тэрор супраць гораду набывае асаблівую подласць, – заявіў 27 сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. – Спробы загнаць больш за мільён чалавек у блэкаўт, пастаянныя ўдары ракетаў і «Шагэдаў». Цяпер – авіябомбы».

Hавiны
Харкаў атакавалі беспілотнікамі: ёсць траплянні ў жылыя дамы, загінулі людзі
2024.04.04 09:49

Што задумаў Пуцін?

З чым звязаныя настолькі інтэнсіўныя атакі расейцаў на Харкаў?

Магчыма, гэта частка стратэгіі тэрору супраць цывільнага насельніцтва ва Украіне. Пад «санітарнаю зонаю» Пуцін мог мець на ўвазе стварэнне невыносных умоваў жыцця ў горадзе, каб людзі масава ўцякалі на захад і Харкаў застаўся пусты. Да гэтага цяпер адкрыта заклікаюць на расейскім тэлебачанні. Калі мэта менавіта такая, то выбар Харкава ў якасці мішэні лёгка зразумець: месціцца недалёка ад мяжы, яго лягчэй бамбіць (далёкасць КАБаў, хутчэй за ўсё, не перавышае 80 км).

Разам з тым павышаная інтэнсіўнасць паветранага тэрору супраць Харкава тэарэтычна можа быць звязаная з тым, што Расея рыхтуе наземны наступ на горад і паступова ізалюе будучую зону баявых дзеянняў.

Яшчэ 22 сакавіка выданне «Вёрстка» паведаміла са спасылкаю на крыніцы ва ўладных колах, што Міністэрства абароны рыхтуе «схаваную мабілізацыю», каб правесці аперацыю для атачэння Харкава. Нібыта набраць плануюць 300 тысячаў чалавек за кошт рэзервістаў і салдатаў тэрміновай службы, у якіх надыходзіць тэрмін дэмабілізацыі – іх будуць прымушаць падпісваць кантракты.

«Наступны паводле плану – Харкаў з захаваннем гораду. А гэта магчыма толькі ў выпадку атачэння. Бракуе 300 тысяч рылаў. Таму ўсё ўжо гатова да мабілізацыі 2.0», – сказаў адзін з суразмоўцаў выдання ў адміністрацыі прэзідэнта РФ.

Крыніцы выдання «Медуза» таксама кажуць пра магчымае рыхтаванне наступу на Харкаў. Расейскія сілавікі ўпэўненыя, што захапіць горад цалкам рэальна і гэта б сталася тою сімвалічнаю перамогаю, пасля якой можна будзе паступова завяршаць СВА. Праўда, ніхто з крыніцаў «Медузы» не сказаў, што наступаць на Харкаў ужо пастанавілі.

31 сакавіка Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве расейцаў на тэрміновую службу, які станецца самым маштабным за апошнія 8 гадоў: плануюць прызваць 150 тысячаў чалавек. Фармальна прызыўнікоў не маюць скіроўваць ва Украіну. Аднак гэта ў любым выпадку вялікі чалавечы рэсурс, які можна выкарыстоўваць і для далейшага вербавання на кантракт, і для прыкрыцця другасных кірункаў, адкуль можна зняць прафесійныя падраздзяленні.

Пра тое, што Расея ў канцы траўня – пачатку чэрвеня можа зарганізаваць новы маштабны наступ, кажуць вайскоўцы краінаў NATO, заходнія эксперты і кіраўніцтва Украіны. Яны не сцвярджаюць, што ўдар будзе нанесены менавіта на харкаўскім кірунку, аднак як адзін з магчымых варыянтаў летняга наступу ён разглядаецца.

«Калі расейцы адправяцца туды зноў, Харкаў станецца для іх фатальным горадам», – заявіў 29 сакавіка галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі.

На Харкаў – толькі пасля мабілізацыі

Калі Расея ўсё-ткі наважыцца на вялікі наступ на Харкаў, то, хутчэй за ўсё, будзе імкнуцца атачыць горад, а не штурмаваць яго ў лабавых атаках. Імаверна, галоўны ўдар нанясуць з Белгародскай вобласці. Ад Харкава да мяжы – каля 30 км. Фронту як такога на гэтым кірунку няма: баявыя дзеянні абмяжоўваюцца абстрэламі і дыверсійнымі рэйдамі ў памежжы. Паўнавартасная лінія фронту, якая праходзіць каля Купянску і Ліману, месціцца ад Харкава на адлегласці 90–100 км. Таму для Расеі было б лагічна стварыць новы фронт, чымся прабівацца праз стары, дзе акупанты беспаспяхова праводзяць абмежаваныя наступальныя аперацыі ўжо больш за год.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычныя работнікі дапамагаюць пацярпеламу мясцоваму жыхару пасля ракетнага абстрэлу ў Харкаве. У выніку авіяўдараў загінулі чатыры чалавекі і 11 атрымалі раненні. Харкаў, Украіна. 4 красавіка 2024 года.
Фота: Sergey Bobok / AFP / East News

Галоўнае пытанне ў тым, ці здольная Расея ажыццявіць такую маштабную аперацыю на цяперашняй стадыі канфлікту. Незалежная даследчая суполка «Conflict Intelligence Team» сцвярджае, што ў Расеі проста няма неабходнай колькасці тэхнікі і асабовага складу зрэалізаваць такую аперацыю. З гэтаю думкаю цяпер пагаджаецца бальшыня экспертаў як ва Украіне, гэтак і на Захадзе.

Каб зразумець маштабы праблемы, варта ўспомніць, як праходзіла нядаўняя аперацыя для захопу Аўдзееўкі. У яе штурме на піку былі задзеяныя 80 тысяч асобаў, актыўная фаза наступу трывала чатыры месяцы. Бітва за горад каштавала расейцам, паводле некаторых ацэнак, больш за 16 тысяч жыццяў і каласальных стратаў у тэхніцы. Аўдзееўка – невялікае паселішча, у 12 разоў меншае за Харкаў паводле плошчы і ў 35 разоў паводле колькасці насельніцтва. Адпаведна, каб захапіць Харкаў, Расеі спатрэбіцца ў разы болей рэсурсаў. Паводле найбольш кансерватыўных экспертавых ацэнак, расейская групоўка мусіць складаць 100–200 тысяч чалавек, а некаторыя эксперты ўвогуле кажуць пра паўмільёна.

Па-першае, сабраць столькі жаўнераў без поўнамаштабнай мабілізацыі наўрад ці ўдасца. За кошт больш актыўнага вербавання на кантракт гэтай праблемы не развязаць. А на яе правядзенне і рыхтаванне мабілізаваных спатрэбяцца мінімум 2-3 месяцы.

Па-другое, у сучасных умовах незаўважна сфармаваць вялікую групоўку проста немагчыма. Прыкметы фармавання сістэмы тылавога забеспячэння, перакідвання і разгортвання войскаў будуць бачныя задоўга да пачатку аперацыі. А ўкраінская выведка пакуль не фіксуе нічога падобнага.

Што будзе далей

Такім чынам, калі расейская армія ўсё-ткі пастановіць наступаць на Харкаў, то яна будзе гатовая да гэтага не раней за ліпень. І толькі ў выпадку, калі працэс рыхтавання будзе адбывацца максімальна хутка, без усялякіх збояў. Таму ў ГУР і ў Цэнтры супрацьдзеяння дэзынфармацыі думаюць, што цяперашнія паведамленні пра рыхтаванне наступу на Харкаў ёсць наўмысным укідам Расеі, каб пасеяць страх і паніку.

«Пагроза для Харкава была, ёсць і будзе, пакуль не скончыцца вайна. Але пагрозу варта ацэньваць рацыянальна і разумна, а не панічна і безразважна», – падкрэсліў вайсковы аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

Замест гэтага Расея можа нанесці ўдар на іншых кірунках. Інстытут вывучэння вайны (ISW) прагназуе актывізацыю агульнага тэмпу наступальных аперацыяў РФ ва Украіне. Імаверна, Пуцін захоча скарыстацца крызісам заходняй дапамогі і пастараецца не даць ЗСУ працяглай перадышкі.

Эксперты і на Захадзе, і ва Украіне схіляюцца да думкі, што Расея, хутчэй за ўсё, цяпер ударыць на Данбасе і паспрабуе выйсці да адміністрацыйных межаў Луганскай і Данецкай вобласцяў (на гэта, у прыватнасці, указвае актыўнасць агрэсара ў раёне заходней Аўдзееўкі). Задача куды менш амбітная, чымся захоп Харкава, аднак больш рэалістычная.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў