На выездзе з Беларусі ў ЕЗ не знікаюць вялізныя чэргі


Больш за 500 легкавых машынаў чакала заезду ў Польшчу 8 красавіка а 12:00. А аўтобусаў – больш за 40. Лічбы не мяняюцца гадзінамі, вынікае з дадзеных Дзяржпамежкамітэту.

мяжа Польшчы і Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга на беларуска-польскай мяжы.
Фота: myfin_news / Telegram

Пры гэтым чэргі на адзіным пакінутым пункце пропуску ў Польшчу («Берасце») растуць. Яшчэ ноччу чакала выезду больш за 460 легкавых машынаў і больш за 30 аўтобусаў. З шостай раніцы Дзяржпамежкамітэт паказвае ўсё той жа лік – больш за 500 легкавых аўтаў у чарзе. Аўтобусаў станавілася крыху менш да восьмай раніцы, аднак пазней іх ізноў стала больш за 40.

Аўтобусныя чэргі толькі стаяць на мяжы з Польшчаю. А легкавыя аўтамабілі чакаюць і на мяжы з Літвою. Перад памежнымі пераходамі «Беняконі» і «Каменны Лог» заезду а 12:00 чакалі 100 і 120 аўтамабіляў адпаведна. З 10:00 на «Каменным Логу» чарга скарацілася на 15 машынаў, а ў «Беняконях» не змянілася. Няма чаргі з легкавых машынаў толькі на адзіным беларуска-латвійскім памежным пункце «Грыгораўшчына».

«Чэргі грузавых аўтаў захоўваюцца перад усімі літоўскімі і латвійскім пунктам пропуску», – піша Дзяржаўны памежны камітэт.

У Латвію стаіць чарга з 830 грузавых аўтамабіляў, а ў Літву – 1635 аўтаў на два пункты пропуску.

Дзяржпамежкамітэт Беларусі сцвярджае, што закавыка ў павольнай працы калегаў з ЕЗ. Напрыклад, на мяжы з Польшчаю працаўнікі польскага пункту пропуску з пятніцы выканалі норму пропуску легкавых аўтамабіляў «усяго на 34 %».

«За выходныя дні ў Літву прайшло ў сярэднім 25 % грузавікоў ад нормы. Менш за ўсё аформілі праездаў працаўнікі Мядзінінкаю (Каменны Лог) – 16 % аўтаў. За два дні кантрольныя службы латвійскага пункту пропуску «Патэрніекі» (Грыгароўшчына) прынялі на сваю тэрыторыю 40 % велікагрузаў, – піша прэс-служба Дзяржпамежкамітэту.

Рэпартаж
«Вы ж разумееце, закрытыя ўсе межы». Беларусы едуць з Польшчы па 17 гадзінаў
2024.03.29 14:39

Фота вокладкі: Белсат

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў