Расея неўзабаве можа распачаць буйное наступленне. Што пра гэта вядома


Спецслужбы і аналітыкі ў адзін голас кажуць, што ў другой палове лютага расейскай армія пачне вялікі наступ: імаверна, галоўны ўдар будзе нанесены на Данбасе. Belsat.eu распавядае, чаго варта чакаць ад новага этапу эскалацыі.

ЗСУ прапускаюць ход

Пасля серыі перамог ЗСУ ўвосень 2022 года шмат хто чакаў, што ўзімку ўкраінскія вайскоўцы пойдуць у новае наступленне, каб не даць расейцам аднавіць сілаў і апрытомнець. На Захадзе выказвалі меркаванні, што ўкраінцы лепш падрыхтаваныя да баявых дзеянняў узімку і пастараюцца гэтым скарыстацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з рэактыўнай сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град» па расейскіх пазіцыях на лініі фронту блізу Мар’інкі, Украіна.
Фота: Marko Djurica / Reuters / Forum

Аднак у студзені 2023 года стала зразумела, што зімовага наступлення ЗСУ, хутчэй за ўсё, не адбудзецца. Прадстаўнікі афіцыйнага Кіева фактычна казалі пра гэта адкрыта. Кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў наракаў на нястачу рэсурсаў, а Аляксей Арэстовіч (на той момант – дарадца Офісу прэзідэнта) заявіў, што Расея перагуляла Украіну ў тэмпах падрыхтоўкі наступлення, і спачатку ЗСУ трэба вытрымаць расейскі ўдар. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі папярэдзіў, што Расея кіне «ўсё, што ў іх засталося», каб «паспрабаваць перавярнуць сітуацыю на вайне».

1 лютага сакратар РНБА Аляксей Данілаў заявіў, што сур’ёзная эскалацыя на фронце адбудзецца цягам найбліжэйшых 2-3 тыдняў. 2 лютага міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што Расея, імаверна, прымяркуе сваё наступленне да гадавіны ўварвання – 24 лютага. 5 лютага брытанскае выданне «Financial Times» паведаміла са спасылкаю на крыніцу ў кіраўніцтве ЗСУ, што Расея распачне новае маштабнае наступленне цягам найбліжэйшых 10 дзён, то бок да 15 лютага. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) таксама адзначае, што расейскага ўдару варта чакаць у сярэдзіне – другой палове лютага.

Імаверна, асноўная прычына таго, што Украіна пастанавіла адкласці наступ, – праблема рэсурсаў. Поспех ЗСУ ўвосень 2022 года ў значнай ступені тлумачыўся тым, што расейскія падраздзяленні не мелі падрыхтаванай лініі абароны і адчувалі востры дэфіцыт жывой сілы. Расейскае камандаванне зрабіла з гэтай сітуацыі пэўныя высновы: адбылася мабілізацыя, падрыхтавалі сістэму абарончых збудаванняў. Пры гэтым расейская армія захавала перавагу ў артылерыі, бранятэхнікі ды авіяцыі (хаця ў параўнанні з пачаткам вайны ЗСУ здолелі ў значнай ступені гэтую перавагу нівеляваць). Гэта не значыць, што новае наступленне Украіны стала немагчымым. Але паўтарыць восеньскі поспех у цяперашніх умовах было больш складана. Таму ўкраінскае камандаванне, імаверна, пастанавіла праявіць асцярожнасць: лепш падрыхтаваць сваіх вайскоўцаў і назапасіць рэзервы.

Пагатоў пачатак 2023 года адзначыўся прарывам у пытанні паставак зброі: нарэшце заходнія краіны пагадзіліся перадаць Украіне сучасныя танкі ды іншую бранятэхніку. Для Украіны цалкам лагічна будзе дачакацца атрымання і асваення хаця б часткі з абяцанай тэхнікі і толькі пасля гэтага нанесці ўдар. Паводле агенцтва «Reuters», Вашынгтон таксама параіў Кіеву адкласці наступ да моманту, пакуль на фронт не прыбудзе зброя з апошніх буйных пакетаў вайсковай дапамогі.

Чаканне маштабнага ўлівання ў ЗСУ заходняй зброі і тэхнікі ў сваю чаргу прымушае спяшацца Расею: ім важна пайсці ў прарыў да таго, як суадносіны рэсурсаў на фронце зменяцца, пры гэтым трэба паспець да вясновага бездарожжа.

Дзе можа нанесці ўдар Расея

З пункту гледжання Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны, Расея будзе наступаць у Данецкай і Луганскай вобласцях, а таксама, магчыма, у Запарожскай вобласці. Галоўнаю мэтай, імаверна, будзе Данбас: паводле ўкраінскай выведкі, Уладзімір Пуцін аддаў захад захапіць усю Данецкую і Луганскую вобласці да канца сакавіка. Эксперт амерыканскага Цэнтру вайскова-марскога аналізу Майкл Кофман таксама лічыць, што Расея цяпер засяродзіцца менавіта на Данбасе.

Раней агучваліся і іншыя варыянты. Напрыклад, Аляксей Данілаў у інтэрв’ю Sky News заявіў, што РФ можа атакаваць адразу з поўдня, усходу і поўначы (канкрэтных раёнаў ён не назваў). Былы камандуючы сухаземнымі сіламі польскай арміі Вальдэмар Скшыпчак у студзені ў размове з Бі-Бі-Сі выказаў меркаванне, што расейскае войска можа перайсці ў наступ з раёну Бранску, Курску і Варонежу ў напрамку Палтавы і Дняпра. Акрамя таго, галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны летась у інтэрв’ю «The Economist» казаў пра пагрозу новага наступлення на Кіеў з Беларусі прыблізна ў лютым –  сакавіку. Аднак украінскае кіраўніцтва і заходнія эксперты на гэтым этапе лічаць удар з боку Беларусі вельмі малаімаверным, бо прыкметаў фармавання магутнай наступальнай групоўкі пакуль не назіраюць. Больш за тое, паводле ацэнак украінскага боку, расейскія сілы на тэрыторыі Беларусі цягам апошняга месяца зменшыліся да 7,5 тысячы жаўнераў: 2-ую мотастралковую дывізію РФ перакінулі ў Луганскую вобласць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы 3-й асобнай штурмавой брыгады (падраздзяленне «Азоў») рыхтуюцца страляць з 152-мм гаўбіцы недзе каля Бахмуту, Украіна.
Фота: Marko Djurica / Reuters / Forum

Расея планамерна нарошчвае свае сілы ў Луганскай вобласці яшчэ са снежня 2022 года. Паведамлялі ў прыватнасці, што ў канцы 2022 года туды былі перакінутыя дэсантныя падраздзяленні з Херсонскага фронту і перафармаваныя часткі 1-й танкавай арміі. Усё гэта можа ўказваць на тое, што менавіта на Луганшчыне будуць адбывацца ключавыя падзеі новага расейскага наступу. Эксперт украінскага Цэнтру абаронных стратэгіяў Віктар Кеўлюк прагназуе, што расейскае групоўка, што цяпер разгортваецца на Луганшчыне, будзе наступаць з рубяжу Крэмінная – Сватава на Ліман і Купянск. На гэта ўказвае і ананімная крыніца «Financial Times».

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай распавёў у інтэрв’ю «Настоящему времени», што колькасць абстрэлаў і лакальных атак на лініі судакранання на Луганшчыне значна вырасла за апошні час:

«Гэта такая, можна сказаць, выведка боем: яны спрабуюць намаляваць сабе карціну, дзе ў нас стаяць якія падраздзяленні, якія падраздзяленні больш устойлівыя і максімальна падрыхтаваныя, дзе якія пазіцыі вытрымаюць абстрэл, а якіх пазіцыяў не варта атакаваць. Гэта ўжо пачатак нечага вялікага».

Акрамя таго, Расея нарошчвае свае сілы на поўдні Данецкай вобласці. Атакі на поўдні рэгіёну, у кірунку Вуглядару, актывізаваліся яшчэ з пачатку 2023 года. У звязку з гэтым аналітык Віктар Кеўлюк у артыкуле для выдання LB.ua выказаў меркаванне, што насамрэч першы этап расейскага наступу ўжо пачаўся, і цяперашняе абвастрэнне на Луганшчыне, а таксама ў раёне Бахмуту, Вуглядару і Арэхава (Запарожская вобласць) разлічанае на стварэнне ўмоваў для другога этапу аперацыі – контрнаступу на Ліман і Купянск. Аналагічнага пункту гледжання прытрымліваецца Майкл Кофман: ён мяркуе, што наступленне ўжо дэ-факта ідзе.

Чаго чакаць ад расейскага наступу

Здольнасць расейскага войска правесці паспяховае наступленне шмат хто ставіць пад сумнеў праз абмежаванасць рэсурсаў і недастатковую падрыхтоўку мабілізаваных вайскоўцаў. Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны мяркуюць, што гэта расейскае кіраўніцтва можа распачаць аперацыю для заваявання Данбасу «з нерэалістычнымі тэрмінамі і без дастатковай баявой моцы». Брытанская выведка таксама мяркуе, што Расея не здолее найбліжэйшымі тыднямі разгарнуць сілы, неабходныя для карэннага пералому ў вайне. Праз палітычны ціск з Крамля камандаванне патрабуе ад недаўкамплектаваных і недасведчаных падраздзяленняў дасягнуць нерэальныя мэты, мяркуюць брытанцы.

Нават у Расеі скептычна ставяцца да перспектываў новага наступлення. Паводле крыніцаў выдання «Важные истории», у Мінабароны РФ не вераць у поспех буйнога наступу і лічаць яго самагубствам. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) таксама ўпэўнены, што ў цяперашніх умовах сур’ёзныя поспехі расейскай арміі ў наступленні немагчымыя. Паводле яго, калі расейцы пяройдуць у шырокамаштабны наступ на адным ці некалькіх участках фронту, то з улікам нястачы сілаў і нізкага баявога духу ад паразы іх можа ўратаваць «толькі яшчэ горшы стан войскаў праціўніка».

«Сутыкнуўшыся са стойкім і ўмелым супрацівам ворага, такі наступ непазбежна згасне праз немагчымасць камандавання прымусіць свае войскі ісці ў бой з неабходнаю ступенню вайсковай доблесці. Што, у сваю чаргу, можа дазволіць праціўніку (калі ён здолее захаваць дастатковыя рэзервы) зарганізаваць контрудары і дамагчыся поспехаў. Быць можа, нават аператыўнага і стратэгічнага характару», – прагназуе Стралкоў.

Калі прагнозы экспертаў слушныя і галоўны ўдар сапраўды будзе нанесены па Данбасе, то гэта значыць, што Расея апрыёры ставіць перад сабою даволі абмежаваныя мэты. Безумоўна, поўная акупацыя Данбасу будзе мець важнае значэнне для Расеі з палітычнага гледзішча, яна павысіць маральны дух у войску і грамадстве, а таксама, магчыма, дазволіць перахапіць ініцыятыву на фронце. Аднак да паразы Украіны ў вайне гэта не прывядзе. Ад Кіева расейскую армію ўсё роўна будуць аддзяляць сотні кіламетраў, ад шляхоў заходніх паставак зброі – яшчэ больш. Вызначальныя бітвы ўсё роўна будуць наперадзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях на мяжы з Беларуссю.
Фота:

Прычым можна не сумнявацца, што расейскай арміі такое наступленне будзе каштаваць не танна. І калі страты ў асабовым складзе можна будзе яшчэ аднавіць за кошт новай хвалі мабілізацыі, то значных уліванняў тэхнікі, зброі і боепрыпасаў у расейскае войска не прадбачыцца. А вось ЗСУ можа разлічваць на заходнюю дапамогу. Імаверна, у канцы вясны – улетку 2023 года Украіна адчуе эфект ад паступлення заходняй бранятэхнікі, што створыць умовы для контрнаступу.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў