У Нямеччыне перадухілілі тэракт з ужываннем рыцыну і цыяніду


Паліцыя затрымала ў Рурскім раёне двух грамадзянаў Ірану, якія нібыта рыхтавалі ісламісцкі тэракт з ужываннем рыцыну і цыяніду, піша dw.com.

Спецыяльныя падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам затрымалі іранцаў уначы 8 студзеня ў горадзе Кастроп-Раўксэль. Абвінавачанаму 32 гады, другі затрыманы, як паведамляюць нямецкія СМІ, ягоны брат. Як вынікае з паведамленняў, абвінавачанне выставілі пакуль што толькі першаму.

«Абвінавачаны падазраецца ў падрыхтоўцы цяжкага гвалтоўнага дзеяння, якое ўяўляе пагрозу для дзяржавы», – паведамілі прадстаўнікі мясцовай пракуратуры.

Мужчыну вінавацяць у ты, што ён «здабыў баявое атрутнае рэчыва рыцын, а таксама высокатаксічны цыянід». Праваахоўнікі не паведамляюць, на якім этапе падрыхтоўкі тэракту мужчына быў затрыманы. Пра тое, каго і калі хацеў атруціць, таксама інфармацыі няма. Журналісты маюць інфармацыю, што нямецкія праваахоўнікі трымалі іранца ў полі зроку некалькі дзён.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, звесткі пра падрыхтоўку тэракту перадалі нямецкім сілавікам «спецслужбы дружалюбнай краіны».

Тэракт з ужываннем рыцыну можа прывесці да велізарнай колькасці ахвяр. У 2019 годзе ў Кёльне былі затрыманыя грамадзянін Тунісу і ягоная жонка, якія самастойна вырабілі рыцын і зрабілі тэставы выбух. Абодвум прысудзілі вялікія тэрміны зняволення. Эксперты падлічылі, што ахвярамі вырабленага тунісцам і ягонай жонкай рыцыну маглі стаць 13500 чалавек.

Hавiны
Расея рыхтуе тэракты на Беларускай АЭС і не толькі – украінская выведка
2022.11.20 16:56

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў