«MotolkoHelp»: На саміт у ААЭ вазілі дзяўчыну Колі Лукашэнкі, «Міс Беларусь» і гандляра зброяй


Рэсурс «MotolkoHelp» прадставіў спіс беларускіх удзельнікаў кліматычнага саміту ў Дубаі. Знайшліся ў ім гандляр зброяй, забойцы Рамана Бандарэнкі, «Міс Беларусь» і магчымая дзяўчына малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі, а таксама вялікая колькасць прапагандыстаў.

Поліна Жогла.
Фота: motolko.help

Агулам дэлегацыя Беларусі складалася з 48 удзельнікаў і аднаго госця. У спіс увайшлі Аляксандр Лукашэнка з двума сваімі сынамі: Віктарам і Мікалаем. Апошні быў прадстаўлены як «малады дэлегат» ад БДУ. Яшчэ адной прадстаўніцай БДУ была студэнтка юрфаку Паліна Жогла, якая летась атрымала статус дублёра аднаго з маладзёжных паслоў Мэтаў устойлівага развіцця. Аўтары «MotolkoHelp» мяркуюць, што яна з’яўляецца дзяўчынай Мікалая Лукашэнкі.

Таксама ў спісе ёсць «афіцэр» Уладлена Зайцава, 25-гадовая фіналістка «Міс Беларусь – 2021» з Магілёву. Яна скончыла той самы ўніверсітэт, што і Лукашэнка, і неаднаразова з’яўлялася ў ягонай кампаніі. Напрыклад у снежні 2021 года яна танчыла з ім на Рэспубліканскім балі для моладзі, а пазней і на балі выпускнікоў у 2023 года. Сядзела яна побач з Лукашэнка і на фестывалі ў Александрыі ў сёлетнім ліпені.

Уладлена Зайцава.
Фота: motolko.help

Апроч таго, у спісе былі прынамсі тры асобы, датычныя да забойства Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 года: «сенатар» Дзмітрый Баскаў, прэс-сакратарка Наталля Эйсмант і лекарка Алена Казак.

У якасці запрошанага госця ў ААЭ лятаў бізнесовец Аляксандр Зінгман, якога падазраюць у датычнасці да гандлю зброяй. Быў там і былы дыпламат Сяргей Зелянкевіч, які рэгулярна суправаджае Лукашэнкаў у Эміратах.

Апроч таго, у спіс увайшлі супрацоўнікі службы бяспекі Лукашэнкі Мікалай Арцюхоў, Андрэй Пархімовіч, Яўген Захаранка, Сяргей Жукоўскі і Аляксей Ляшкевіч. Ды вялікая колькасць прапагандыстаў і супрацоўнікаў лукашэнкаўскай прэс-службы: Аляксандр Бутрым, Наталля Голуб, Максім Гучак, Іван Мартыновіч, Мікалай Мацюшэўскі, Валерый Шульга, Юры Сасноўскі, Андрэй Стасевіч, Алена Сырава, Ігар Тур, Яўген Ваньшын, Сяргей Янкоўскі і Іван Міхайлаў. Апошнім можа быць старшыня БТ Іван Эйсмант, які мае такі сам псеўданім.

Таксама ў спісе былі міністры, дыпламаты і чыноўнікі.

Дэлегацыя Беларусі прыбыла ў ААЭ на двух урадавых самалётах. На «Boeing 767-300» 29 лістапада прыляцеў Лукашэнка старэйшы і Коля (магчыма, з Палінай Жогла), а на «Bombardier Challenger 850» 30 лістапада – усе астатнія.

Hавiны
З кім паспеў сустрэцца Аляксандр Лукашэнка на кліматычным саміце ў Дубаі
2023.12.01 18:04

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў