НАУ перадаў у МКС новыя доказы датычнасці Лукашэнкі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей


7 лістапада Павел Латушка і прадстаўнікі каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падчас сустрэчы ў офісе пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе перадалі дадатковыя матэрыялы аб датычнасці Аляксандра Лукашэнкі і ягоных памагатых да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародны крымінальны суд.
Фота: United Nations Photo / flickr.com

Як паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, новыя матэрыялы дапаўняюць перададзеную 27 чэрвеня 2023 года камунікацыю ў адпаведнасці з артыкулам 15(2) Рымскага статуту.

Сярод перададзеных у Міжнародны крымінальны суд матэрыялаў ёсць дадатковыя доказы ўдзелу Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Згодна з заявай НАУ, на вяршыні іерархіі, у якую ўваходзяць беларускія службовыя і іншыя асобы, датычныя гэтага злачынства, стаіць менавіта Аляксандр Лукашэнка.

НАУ прыводзіць факты таго, што Аляксандр Лукашэнка ў сваёй заяве фактычна сам прызнаў сваю ролю ў злачынствах у дзень перадачы ў МКС камунікацыі ў адпаведнасці з артыкулам 15(2) Рымскага статуту – 27 чэрвеня.

«11 жніўня ён яшчэ раз публічна паўтарыў заявы аб сваім асабістым рашэнні аказаць усебаковую падтрымку фонду Талая ў арганізацыі вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь для так званай рэабілітацыі. Лукашэнка асабліва адзначыў, што выдзяленне сродкаў на гэтую дзейнасць з бюджэту т.зв. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі было яго асабістай ініцыятывай», – гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, у МКС былі перададзеныя доказы і раней нявядомыя факты датычнасці цэлага шэрагу беларускіх і расейскіх арганізацый, такіх як «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і іншыя, а таксама іх кіраўнікоў і шэрагу сяброў да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

Сярод доказаў ёсць падрабязныя сведчанні аб праграме перавыхавання, якую арганізавалі ўлады Беларусі для ўкраінскіх дзяцей пад выглядам так званай рэабілітацыйнай праграмы ў лагеры «Дубрава» ў Беларусі, што знаходзіцца ва ўпраўленні дзяржкампаніі «Беларуськалій».

Так, сярод іншага прыводзяцца доказы таго, што дзеці не былі накіраваныя ў лагер на лячэнне або медычнай рэабілітацыі, а замест гэтага бралі ўдзел у праграме мерапрыемстваў, якая была прасякнутая «элементамі палітычнага, а менавіта антыўкраінскага, пралукашэнкаўскага і пракрамлёўскага перавыхавання, а таксама мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей». Сюды ўваходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі Рускай праваслаўнай царквы, мотаклубаў «Начныя валькірыі» і «Начныя ваўкі», прадстаўнікамі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, рэжыму Лукашэнкі, прадстаўнікамі маладзёжнай арганізацыі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», прапагандыстамі, у тым ліку артыстамі, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, антыўкраінскую і прарасейскую ідэалогію.

НАУ адзначае, што ў матэрыялах, перададзеных у МКС, маюцца асабістыя дадзеныя 37 украінскіх дзяцей, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны. Усяго, па дадзеных НАУ, з больш як 20 часова акупаваных гарадоў і населеных пунктаў Украіны ў Беларусь было вывезена звыш 3 тыс. украінскіх дзяцей, з іх больш за 2100, уключаючы дзяцей-сірот, з відавочнымі парушэннямі нормаў міжнароднага гуманітарнага права.

Працягваючы пошукі і ўсталяванне ахвяраў вышэй прыведзеных злачынстваў, каманда НАУ ставіць перад сабой тры ключавыя мэты: дамагчыся спынення здзяйснення злачынстваў у адносінах да ўкраінскіх дзяцей, спрыяння вяртанню дзяцей ва Украіну, а таксама прыцягнення да адказнасці і выдачы ордараў на арышт Лукашэнкі і ягоных памагатых за здзейсненыя ваенныя злачынствы.

Нагадаем, што 27 чэрвеня НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе доказы ваенных злачынстваў, здзейсненых Лукашэнкам, Мезенцавым, Галаватым, Талаем і Волкавай.

Hавiны
НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі
2023.06.27 22:26

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў