Беларуска Крысціна Ціманоўская атрымала допуск да міжнародных спаборніцтваў


Беларуска Крысціна Ціманоўская, якая з’ехала ў Польшчу і атрымала грамадзянства гэтай краіны, атрымала допуск да міжнародных спаборніцтваў. Пра гэта спартоўка напісала на сваёй старонцы ў Instagram.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Крысціне Ціманоўскай дазволілі выступаць за лёгкаатлетычную зборную Польшчы. Яна можа паехаць на найбліжэйшы чэмпіянат свету, які пройдзе ў Будапэшце з 19 да 27 жніўня.

«Афіцыйна з 6 жніўня магу рэпрэзентаваць Польшчу, і ёсць шанец, што паеду на чэмпіянат свету ў Будапэшце», – распавяла яна ў сваім Instagram.

Ціманоўская паведаміла, што Польскі лёгкаатлетычны звяз атрымаў афіцыйны ліст ад міжнароднай федэрацыі, у якім паведамляецца пра скасаванне «каранціну» для беларускай атлеткі з польскім пашпартам. Такі «каранцін» уводзіцца для спартоўцаў, якія выступалі за адну краіну, а потым пастанавілі атрымаць грамадзянства іншай краіны ды выступаць за яе. У Ціманоўскай акурат такі выпадак – на Алімпіяду ў Токіа ў 2021 годзе яна ездзіла яшчэ як прадстаўніца Беларусі.

«Я вельмі шчаслівая, хаця перажываю дзіўныя эмоцыі, бо ўсё гэта адбылося так хутка і раптоўна», – напісала Крысціна.

Допуск на міжнародныя спаборніцтвы адкрывае перад ёю магчымасць пазмагацца за ўдзел у Алімпійскіх гульнях.

Беларуская спартоўка ўжо з мінулага года паспяхова выступае на польскіх спаборніцтвах. Так, напрыканцы ліпеня яна здабыла два срэбныя медалі на чэмпіянаце Польшчы па лёгкай атлетыцы, а ў траўні Крысціна Ціманоўская здабыла золата на студэнцкім чэмпіянаце ў Познані.

Шчыра кажучы
Заробак $ 15 000, месца ў вар’ятні, спецаперацыя на Алімпіядзе. На паліграфе – Ціманоўская
2023.05.02 17:18

Нагадаем: у 2021 годзе Крысціна Ціманоўская брала ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа, яна ўваходзіла ў склад беларускай нацыянальнай зборнай. Калі спартоўка адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю, а яшчэ і распавяла пра гэта ў сацыяльных сетках, раскрытыкаваўшы беларускіх спартовых чыноўнікаў, яе паспрабавалі сілаю вярнуць у Беларусь. Аднак бягуння звярнулася ў мясцовую паліцыю ды медыі і заявіла, што баіцца вяртацца ў Беларусь праз пагрозу рэпрэсіяў. Пасля гэтага Крысціна паехала ў Польшчу, дзе атрымала гуманітарны від на жыхарства, а пазней і грамадзянства. Польскі пашпарт Ціманоўская атрымала 28 чэрвеня 2022 года асаблівым указам прэзідэнта Анджэя Дуды.

Цяпер беларуска выступае і заваёўвае медалі на спаборніцтвах як польская спартоўка.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў