Калі вы чытаеце замежныя медыі, вы наўрад ці сустрэнеце там добрыя навіны пра Беларусь. Затое скандальная навіны – ці не штомесяц.
«Белсат» прааналізаваў, якія беларускія навіны стварылі найбольшы розгалас. Добрых сярод іх няма.
Асноўная хваля цікавасці да Беларусі была за мяжою ў канцы лета і на пачатку восені 2020 года – аб пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў напісала ці не кожнае выданне, што піша пра замежжа. Але і пасля здушэння вулічных пратэстаў улады Беларусі не далі свету забыць пра сябе.
Перанос хакейнага чэмпіянату. Чэмпіянат свету ў хакеі меў прайсці ў 2021 годзе ў Менску і Рызе. Але шэраг палітыкаў раскрытыкавалі магчымасць правядзення першынства ў Беларусі з увагі на гвалт сілавікоў у дачыненні мірных грамадзянаў і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека. Адмовіліся фінансаваць спартовыя спаборніцтвы і буйныя кампаніі. Міжнародная федэрацыя хакею ўрэшце перанесла спаборніцтвы цалкам у Рыгу.
Навіна пра гэта на «Clarín» (Аргентына)
Прысуд журналісткам «Белсату». Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову абвінавацілі ў тым, што яны не проста рабілі жывую трансляцыю з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі, а нібыта бралі ў ёй актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Вырак абедзвюм журналісткам – 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Навіна пра гэта на «La Repubblica» (Італія)
Адхіленне Беларусі ад «Еўрабачання». Дзяржаўная тэлевізія ў закрытым рэжыме выбрала песню на конкурс «Еўрабачанне-2021» – «Я научу тебя» баранавіцкага гурта «Галасы ЗМеста». У песні пачулі відавочны (і пагрозлівы) палітычны кантэкст. Еўрапейскі трансляцыйны звяз вырашыў, што песня супярэчыць непалітычнай прыродзе конкурсу, а іншага твору беларускі афіцыйны бок не прапанаваў.
Навіна пра гэта на «ABC» (Аўстралія)
Смерць Вітольда Ашурка. На 51-м годзе жыцця памёр палітвязень Вітольд Ашурак, які адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі. Прычынаю смерці назвалі «спыненне сэрца». Блізкія не вераць у негвалтоўную смерць Ашурка: цела ім аддалі толькі праз пяць дзён, з перабінтаванай галавою. У Вітольда быў зламаны нос. Незалежны эксперт агледзеў цела і сказаў, што нос зламаны дакладна не ад падзення. Ашурка пахавалі пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
Навіна пра гэта на «Bild» (Нямеччына)
Пасадка рэйсу «Ryanair». Пасажырскі рэйс з Афінаў у Вільню, якім ляцеў вядомы журналіст і блогер Раман Пратасевіч, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску. Дыспетчар менскага аэрапорту паведаміў пілотам пра бомбу на борце. На загад Аляксандра Лукашэнкі ў неба нават паднялі самалёт-знішчальнік. Самалёт развярнуўся перад самаю мяжой і сеў у Менску. Блогера затрымалі спецслужбы.
Навіна пра гэта на «The Guardian» (Вялікая Брытанія)
Спроба самагубства ў судзе. Палітычны зняволены Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла асадкай падчас судовага паседжання. Ён казаў, што перад судом правёў 51 дзень у «прэс-хаце» – адмысловым памяшканні для катаванняў. Латыпаў – абаронца муралу на плошчы Пераменаў, яго схапілі 15 верасня 2020 года ў двары, калі ён прасіў людзей у масках назвацца. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта «планаваў атруціць сілавікоў», аднак цяпер судзяць за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «супраціў пры затрыманні» і «махлярства ў асабліва буйным памеры».
Навіна пра гэта на CNN (Злучаныя Штаты)
«Прызнанні» Рамана Пратасевіча. Блогер, захоплены падчас прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair», з’явіўся спачатку на відэа сілавікоў, потым на дзяржаўным тэлеканале ОНТ. «Інтэрв’ю» са зняволеным і ягоныя «прызнанні» выклікалі хвалю каментароў як у Беларусі, так і за мяжою. На дзяржаўнай тэлевізіі было добра відаць сляды ад кайданкаў ці вяровак на руках блогера, які «каяўся».
Навіна пра гэта на «Bild» (Нямеччына)
Прысуд Віктару Бабарыку. Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка стаў відавочна папулярным праціўнікам Лукашэнкі перад выбарамі-2020. Аднак яго не дапусцілі да кампаніі, затрымалі перад рэгістрацыяй кандыдатаў і асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі нібыта за карупцыйныя злачынствы.
Навіна пра гэта на «El Mundo» (Іспанія)
«Антытэрарыстычная аперацыя». Заявы Лукашэнкі аб выкрыцці нейкай суперзмовы – звыклая рэч. Была і «справа Белага Легіёну», і «прарыў мяжы», і «змова Зянкевіча, Кастусёва, Фядуты»… Але ў ліпеньскай заяве Лукашэнкі аб чарговай «антытэрарыстычнай аперацыі» быў адзін нюанс: за каардынацыю гэтых «ячэек тэрарыстаў» ён паабяцаў выставіць прэтэнзіі канцлерцы Нямеччыны Ангеле Мэркель.
Навіна пра гэта на «Le Figaro» (Францыя)
Міграцыйны крызіс на мяжы з Літвой. Лукашэнка заявіў, што больш не будзе выдаткоўваць сродкаў на тое, каб стрымліваць плынь мігрантаў у Еўразвяз. Пасля гэтага плынь мігрантаў сапраўды з’явілася: у Літве на мяжы з Беларуссю затрымлівалі ў дзясяткі разоў больш мігрантаў з Іраку ды іншых паўднёвых краінаў, чым у ранейшыя гады. Частка мігрантаў кіруецца таксама ў Польшчу. Літоўскія палітыкі не раз заяўлялі, што хваля міграцыі арганізаваная Лукашэнкавым рэжымам. Цяпер Літва вырашыла не прымаць мігрантаў, а вяртаць іх назад у Беларусь.
Навіна пра гэта на «Index» (Вугоршчына)
Спроба вывезці атлетку з Алімпіяды. Бягуння Крысціна Ціманоўская абурылася ў Instagram тым, што яе паставілі на эстафету, да якой яна не рыхтавалася, бо чыноўнікі наблыталі з допінг-пробамі эстафетніц, якія не паехалі на Алімпіяду. Атлетка ў аэрапорце звярнулася да паліцыі і Міжнароднага алімпійскага камітэту: сказала, яе вывозяць з Токіа супраць ейнай волі. Потым з’явіўся аўдыязапіс, на якім, як сцвярджаецца, спартовыя функцыянеры пагражаюць Ціманоўскай за яе пост. Атлетку абаранілі ад вывазу ў Беларусь, цяпер яна ў Польшчы.
Навіна пра гэта на CNN (Злучаныя Штаты)
Смерць кіраўніка Беларускага дому ва Украіне. Раніцай 2 жніўня Віталь Шышоў выправіўся на прабежку і знік. А зранку 3 жніўня яго знайшлі павешаным на ўскраіне Кіева. Паліцыя разглядае як версію суіцыду, так і тое, што гэта было забойства, замаскаванае пад суіцыд. Знаёмыя Шышова ў самагубства не вераць – і кажуць, што за кіраўніком «Беларускага дому» сачылі невядомыя.
Навіна пра гэта на «VnExpress» (В’етнам)
Асноўная ўвага да Беларусі ў замежных медыях была звязаная з пратэстамі другой паловы 2020 года. На пачатку 2021-га Беларусь згадвалі пераважна ў сувязі з аналізам тых пратэстаў і рэпрэсіямі супраць пратэстоўцаў. У некаторым сэнсе з тымі рэпрэсіямі былі звязаныя і перанос хакейнага чэмпіянату (гледачам і спартоўцам не змаглі б гарантаваць бяспекі), і адхіленне ад «Еўрабачання» (песня была выразна адрасаваная апанентам Лукашэнкі).
Ды з другой паловы траўня Беларусь стала трапляць у скандалы, да якіх была надзвычайная ўвага, якія мелі некалькі этапаў і шмат наступстваў. Усе гэтыя скандалы маюць агульную рысу: гэта не стыхійныя бедствы ці сенсацыйныя расследаванні. Улады лёгка маглі пазбегнуць гэтых скандалаў і шырокага розгаласу.
З гэтых скандалаў замежныя медыі найбольш увагі надавалі захопу самалёта «Ryanair». І сам выпадак амаль беспрэцэдэнтны (бывала, што самалёты прымусова садзілі, але не здаралася, каб садзілі пад пагрозаю бомбы дзеля арышту блогера), і наступстваў было шмат (скасаванне палётаў над Беларуссю, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, «прызнанні» зняволенага Пратасевіча).
Мяркуючы са звестак сэрвісу «Google Trends», карыстальнікі пошуку «Google» пасля захопу самалёта сталі гугліць, што ж такое Беларусь, амаль гэтак жа шмат, як падчас пратэстаў. Цяпер сэрвіс прагназуе новы скачок увагі да краіны – падобна, у сувязі з алімпійскім скандалам.
Насамрэч скандалаў было нашмат больш за тузін, але не ўсе набылі такі шырокі розгалас. Мы вырашылі праверыць, якія навіны часцей траплялі ў выданні з далёкага замежжа, якія рэдка пішуць пра Беларусь.
У прыватнасці, мы аналізавалі 10 сайтаў замежных выданняў: аўстралійскі ABC, нямецкі «Bild», аргентынскі «Clarín», амерыканскі CNN, французскі «Le Figaro», брытанскі «The Guardian», вугорскі «Index», іспанскі «El Mundo», італьянскі «La Repubblica» і в’етнамскі «VnExpress».
У топ не трапілі шмат якія беларускіх скандалы: «зачыстка» няўрадавых арганізацыяў, галадоўка Ігара Лосіка, разгром TUT.by, спыненне вяшчання «Euronews», рэпрэсіі супраць палякаў, прысуд журналістцы Кацярыне Барысевіч і доктару Арцёму Сарокіну, вырак Паўлу Севярынцу і актывістам «Еўрапейскай Беларусі», выхад Беларусі з «Усходняга партнёрства» ды шмат іншых. Пра гэтыя падзеі шэраг прааналізаваных выданняў згадваў у пазнейшых публікацыях і аналітыцы, але не публікаваў адразу навінаў.
Ды некаторыя з прааналізаваных выданняў напісалі пра адносна малазаўважныя рэчы. Напрыклад, в’етнамскае выданне «VnExpress» піша пра Беларусь даволі рэдка, але публікавала навіны пра закрыццё амбасады Беларусі ў Канадзе і пра вайсковую машыну, якая пратараніла дом пад Асіповічамі.
АА belsat.eu