Вайна ва Украіне: ці прывядзе яна да дэфіцыту харчоў і голаду


З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны шматлікія эксперты і палітыкі пачалі пужаць чалавецтва перспектывай надыходу голаду, панічныя прагнозы падтрымліваюць і ўлады Беларусі. Паспрабавалі разабрацца, што насамрэч адбываецца на сельскагаспадарчых рынках.

Украінскія сяляне звозяць расейскую вайсковую тэхніку. Скрыншот: Хоробрий Київ / Twitter

Куды ідзе ўкраінскае збожжа, і які прагноз для Еўропы

Як сведчыць статыстыка, Украіна не ёсць асноўным экспарцёрам збожжа ні свету, ні нават Еўропы. У 2021 годзе яна давала толькі 10 % сусветнага экспарту збожжа, тады як Расея – 17 %, Еўразвяз – 16 %, Аўстралія – 14 %, ЗША – 11 %. У Еўропу збожжа імпартавалі менш, чым экспартавалі, і хоць Украіна была галоўным экспарцёрам зерневых у Еўразвяз, гаворка ішла толькі пра 6,5–6,6 млн тонаў усіх зерневых (збожжа, кукурузы і бобу) на год, тады як з Еўразвязу зерневых экспартавалі ў пяць разоў больш.

Імпарт у краіны Еўразвязу ўсіх «cereals» – зерневых – склаў у 2021-22 маркетынгавым годзе 15,3 млн т, з якіх 43 % былі з Украіны. Але экспарт быў удвая большым: 33,2 млн т. Гэтым словам «cereals» называюць не толькі пшаніцу, але і кукурузу, і рыс, і сою, і гарох, і фасолю. Выява: europa.eu

Эканаміст і эксперт у сферы сельскагаспадарчых рынкаў Пётр Марозаў у каментары «Белсату» адзначае, што менавіта ў Еўропе ў сэнсе паставак харчоў не будзе нічога страшнага:

«На вытворчасць збожжа і іншых сельскагаспадарчых культураў для нашага рэгіёну ўплываюць збольшага ўмовы надвор’я: колькі будзе вільгаці, будзе засуха ці не будзе, ці будуць высокія тэмпературы і гэтак далей, – тлумачыць Марозаў. – Рэгіён ёсць экспартавым і самазабяспечаным.

Нават калі скароціцца выкарыстанне ўгнаенняў праз іх дарагавізну, гэта хутчэй адаб’ецца на экспартавым патэнцыяле, чым на забяспечанасці самога рэгіёну. Для сябе хопіць і збожжа, і іншага».

Што з Афрыкай?

Галоўныя спажыўцы ўкраінскага збожжа, як вынікае са статыстыкі, не ў Еўропе. Ці азначае гэта, што праз вайну ва Украіне народам Афрыкі пагражае голад?

Экспарт пшаніцы з Украіны паводле краінаў у 2021 годзе (агулам – 20 млн т). Крыніца: Укрстат. Выява: Белсат

Пётр Марозаў кажа, што народам Афрыкі было б кепска і без вайны – праз рост у апошні час цэнаў на энерганосьбіты і ўгнаенні, праз інфляцыю ў час постковіднага аднаўлення (калі рэзка вырас попыт), парушэнне ланцужкоў паставак і праблемы з рабочымі рукамі мігрантаў праз закрытыя межы. Вайна пагоршыла пагрозы ад таго, што вытворчасць зніжалася, попыт падвышаўся, цэны раслі.

Ці пашырыцца зараз голад у бедных краінах Афрыкі і Азіі, залежыць ад таго, ці змогуць гэтыя краіны закупіць харчы ва Украіны або ў іншых крыніцах. А гэта ў сваю чаргу залежыць ад таго, як пастаўнікі харчоў збяруць ураджаі і па якіх цэнах будуць прадаваць харчы. Пакуль гучаць толькі прагнозы і засцярогі, але наступствы вайны ва Украіне яшчэ не бачныя ў поўным маштабе.

Прагнозы на ўраджай

Тым часам, нягледзячы на вайну, ва Украіне пасяўная прайшла нармальна: засеялі тры чвэрці ад таго, што было летась, а з улікам таго, на якой плошчы ідзе вайна, можна казаць, што засеялі ўсё, дзе не ідуць баявыя дзеянні. Украінскія аграрыі толькі наракаюць, што іхныя патрэбы не забяспечаныя цалкам: толькі 78 % патрэбнага насення, толькі 55 % сродкаў абароны раслінаў.

«Улічваючы, што большую частку таго, што вырастае, Украіна экспартавала, можна ўпэўнена казаць, што ёй самой усяго гэтага хопіць – і што яна зможа нешта экспартаваць», – упэўнены Марозаў.

Экспарт леташняга (дарэчы, рэкордава высокага) ураджаю ідзе з Украіны дагэтуль. За тры тыдні чэрвеня Украіна адгрузіла за мяжу 907 тыс. тонаў збожжа, а за цэлы год (з 1 ліпеня 2021-га) пастаўкі склалі 48 млн тонаў збожжа. Марозаў адзначае, што статыстыкі аб пастаўках з пачатку вайны не было, але параўнанне з ранейшымі лічбамі паказвае, што пасля 24 лютага за мяжу выправілі каля 5,5 млн тонаў збожжа. Вываз даражэйшы, цяжэйшы, але трывае.

Праблема Украіны менавіта ў лагістыцы: не проста ў лічбе сабраных мільёнаў тонаў збожжа, на якія звяртаюць увагу, а ва ўстойлівасці і дасяжнасці маршрутаў для экспарту гэтых тонаў, кажа Марозаў. Напрыклад, на чыгунцы аграрная прадукцыя канкуруе за месца ў вагонах з рудой. Таксама пытанне можа быць у тым, як ад ліпеня пойдзе ўборачная кампанія – і як будуць вывозіць ужо наступны ўраджай.

Аналітыка
Каго насамрэч падтрымлівае Кітай у расейска-ўкраінскай вайне?
2022.06.22 20:04

У 2022-23 маркетынгавым годзе Міністэрства сельскай гаспадаркі Злучаных Штатаў чакае сусветнай вытворчасці збожжа памерам 2,768 млрд тонаў, тады як у 2021-22 маркетынгавым годзе было 2,794 млрд тонаў. Гандаль збожжа чакаюць на ўзроўні 404 млн тонаў: украінскія 20 млн тонаў, якія трэба вывезці, – гэта не крытычныя лічбы для свету.

Разам з тым чакаюць і далейшага падзення цэнаў, і змяншэння спажывання збожжа. Гаворка пакуль аб пагрозах у больш далёкай перспектыве. Рынак застаецца дэфіцытным, спажываюць больш за «свежыя» прапановы, але прадаюць запасы.

Ці пагражае дэфіцыт харчавання Беларусі

Беларусь у імпарце з Украіны залежыць не ад збожжа, а ад корму для жывёлы: соевага бобу, макухі і іншых цвёрдых адходаў вытворчасці сланечнікавага і соевага алею.

Імпарт з Украіны ў Беларусь у 2021 годзе: топавыя пазіцыі паводле кошту – соевы боб, адходы вытворчасці соевага алею, стальны пракат, адходы вытворчасці іншых раслінных алеяў, запчасткі для чыгункі, медны дрот, насенне рапсу… Збожжа з Украіны імпартавалі ўсяго на 11, 9 млн долараў, што далёка ад топавых пазіцыяў. Выява: Белстат

Сваёй соі ў Беларусі амаль не вырошчваюць (а могуць), але соевага бобу ў дзясятак разоў больш імпартавалі з Расеі, удвая больш з Кітаю і амаль столькі, колькі з Украіны, імпартавалі з Нямеччыны.

Макуха і шрот – танныя складнікі корму для жывёлы, у Беларусі шроту і макухі вырабляюць амаль столькі ж, колькі імпартуюць. У імпарце макухі са сланечніку Украіну амаль дагнала Расея, у соевай макусе – абагнала Аргентына (яшчэ крыху прывозілі з Бразіліі і Расеі).

Збожжа, тлумачыць Марозаў, Беларусь будзе закупляць, калі не вырасціць 9 млн тонаў свайго (як атрымалася летась і як сёлета патрабуе Лукашэнка), і закупіць лішні мільярд тонаў збожжа, які патрэбны для глыбокага перапрацоўвання ў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, можна будзе ў Расеі.

Што са сланечнікавым алеем?

Што да цэнаў на алей, знікненне якога заўважылі ў Беларусі, яны могуць раптоўна і моцна ўпасці, кажа Марозаў. У Азіі (Малайзіі, Інданезіі і г. д.) пасля скасавання ковідных абмежаванняў развязваюць праблемы з рабочай сілай для збору пальмавага алею. Марозаў расказвае, што менавіта пальмавы алей «задае планку» цэнаў на іншы алей – яны могуць збіць цэны і на сланечнікавы алей, які мала папулярны па-за ўсходнееўрапейскім рэгіёнам.

Аналітыка
Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі
2022.06.19 09:05

У свеце чакаюць і росту вытворчасці соі і рапсу – і соевага, і рапсавага алею будзе больш, а вайна закранула вытворчасць толькі адной з 10 асноўных алейных культураў, і тая культура не дамінуе ў свеце. Цэны на сланечнікавы алей паступова зніжаюцца нават ва Украіне.

Што з беларускімі ўгнаеннямі?

Ад беларускіх харчоў Украіна мала залежыць (малочных прадуктаў і гародніны туды экспартавалі ў грашовым выяўленні менш, чым шкла або апонаў, у агульным экспарце з Беларусі ва Украіну яны давалі менш за адсотак), але часткова залежала ад беларускага паліва і ўгнаенняў.

У апошніх дзвюх падсанкцыйных пазіцыях звесткі аб беларускім экспарце засакрэцілі ў 2021 годзе. Але звесткі ўкраінскага Дзяржстату пацвярджаюць, што імпарт з Беларусі нікуды не знік у 2021-м, а толькі вырас: нафты, нафтапрадуктаў і паліва – з 2,37 млрд долараў у 2019 годзе да 2,86 млрд у 2021-м, згодна ўкраінскай статыстыцы; угнаенняў – з 291,2 млн да 571,7 млн долараў.

За студзень 2022 года Украіна імпартавала з Беларусі паліва на 336,5 млн долараў (агульны імпарт паліва складаў 1,59 млрд долараў), угнаенняў – на 84,8 млн (пры іх агульным імпарце на 234 млн).

Імпарт з Беларусі ва Украіну – у асноўным паліва і ўгнаенні. Статыстыка за студзень 2022 года. Крыніца: Укрстат. Выява: Белсат

У 2021 годзе Украіна купляла значную частку ўгнаенняў менавіта з Беларусі. Але сумарна столькі ж, колькі Беларусь, тады прадавалі Украіне ўгнаенняў Літва, Польшча і Казахстан. Цяпер закупкі ўгнаенняў пераарыентавалі, імпарт не спыніўся, але калі за студзень-люты 2022 года ён склаў 414,8 млн долараў, то сумарна за першыя чатыры месяцы года склаў 483,6 млн долараў. Цяпер 40 % імпарту калію ва Украіну ідуць з Нямеччыны, ёсць пастаўкі таксама з Польшчы і Сербіі.

Паліва для Украіны ва ўмовах вайны – асаблівая праблема. Мала таго, што яно патрэбнае для вайсковай тэхнікі і што асноўнымі пастаўнікамі былі Расея і Беларусь, дык яшчэ і Расея рэгулярна абстрэльвае сховішчы паліва ва Украіне. Міністр інфраструктуры Украіны нядаўна казаў, што паліва даводзіцца закупляць літаральна «ўсюды, дзе можна дастаць», але цяпер увесь імпарт паліва ідзе з Еўразвязу. Стабілізацыю на ўнутраным рынку паліва чакаюць хіба ў верасні.

Экспарт беларускіх угнаенняў у іншыя краіны ў абыход санкцыяў можа быць праблематычны, але не немагчымы. На думку Марозава, на парушэнні санкцыяў у экспарце беларускіх калійных угнаенняў могуць нават ціха «заплюшчыць вочы» дзеля харчовай бяспекі. «Беларуськалій» хваліўся новай лініяй фасавання – значыць, экспарт кудысьці добра ідзе.

Марозаў звяртае ўвагу на тое, што і без санкцыяў цэны на рынку ўгнаенняў раслі, але вытворцы спрабавалі развязаць гэтую праблему, зніжаючы выдаткі. Ні Міжнародная збожжавая рада, ні Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША, адзначае ён, «не малююць нічога катастрафічнага ў сваіх прагнозах».

Аналітыка
Летась беларускія фермеры зарабілі столькі, як ніколі раней, але сёлета могуць атрымаць толькі страты
2022.05.06 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў