Альянс расследавальнікаў Беларусі пры падтрыманні кіберпатызанаў атрымаў унутраныя дакументы МУС, якія сведчаць аб тым, што ў Беларусі міліцыянты дзесяцігоддзямі паўсюдна парушаюць закон і не нясуць за тое ніякай адказнасці. Кіраўніцтва МУС на супрацьпраўныя дзеянні асабовага складу заплюшчвае вочы. Вінаватых супрацоўнікаў прыцягваюць да адказнасці толькі ў выпадках, калі хаваць правіны немагчыма або здарэнні атрымоўваюць шырокі розгалас у грамадстве.
Альянс прааналізаваў статыстыку аператыўных зводак МУС аб асобах, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, і робіць выснову, што супрацоўнікі МУС даволі часта сядаюць нецвярозыя за стырно, але да адказнасці іх не прыцягваюць.
У МУС да язды «пад мухай» ставяцца як да нечага звыклага, гэта зрабілася нормай, нечым, што само сабой разумеецца. Усе праблемы развязвае службовае пасведчанне.
У аператыўных зводках МУС нямала згадак пра затрыманне нецвярозых супрацоўнікаў, але, як высвятляецца, ільвіная доля з іх – гэта адміністратыўныя матэрыялы, аформленыя пасля таго, калі схаваць відавочнае было немагчыма. Напрыклад, нецвярозага міліцыянта за стырном затрымалі грамадзяне або пʼяная язда скончылася ДТЗ, і вінаваты быў настолькі пʼяны, што не паспеў або папросту не змог уцячы. Ва ўсіх іншых выпадках ДАІ не заўважае на дарогах нецвярозых калегаў.
Альянс расследавальнікаў Беларусі займаецца расследаваннем і фіксацыяй злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. У папярэдніх расследаваннях Альянс распавёў пра супрацоўнікаў шклоўскай калоніі № 17, якія маюць дачыненне да забойства Вітольда Ашурка, і кіраўніцу медычнай часткі калоніі, якая хацела ўцячы са службы, напалоханая наступствамі за суўдзел; пра банду супрацоўнікаў-педафілаў КДБ-МУС-пракуратуры, якія некалькі гадоў гвалтавалі няпоўнагадовых дзяўчатак. Гэтыя сілавікі дагэтуль не прыцягнутыя да адказнасці. Адзінкавыя выпадкі застаюцца выключэннем і вынікам «войнаў» паміж МУС і КДБ. Пра адзін з такіх выпадкаў можна даведацца тут.
17 студзеня 2021 года на спецлінію «102» паступіла паведамленне, што на скрыжаванні вуліцаў Шаранговіча і Фёдарава аўтамашынай «Шкода Актавія» кіруе асоба ў стане алкагольнага ап’янення. Нарад ДАІ Фрунзенскага РУУСу Менску затрымаў кіроўцу. Ім аказаўся старшы оперупаўнаважаны ГУУС Менгарвыканкаму маёр міліцыі М. Журыч.
У той жа дзень інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Савецкага РУУСу Менску старшы лейтэнант міліцыі У. Петрачкоў ехаў нецвярозы на чужым аўтамабілі, не справіўся з кіраваннем і заехаў у дзве прыпаркаваныя машыны.
Пʼянства ў МУС мае шырокае распаўсюджванне. Выпіваюць не толькі генералы і палкоўнікі, але і звычайныя сяржанты і прапаршчыкі, шараговыя кіроўцы-супрацоўнікі. Пʼянства адбываецца як ў службовы, так і непрацоўны час. Таму ў сістэме МУС стала нормай кіраванне службовым транспартам у службовы час у стане алкагольнага апʼянення.
23 сакавіка 2021 года па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Дубаўляны Менскага раёну кіроўца Аўтагаспадаркі МУС РБ С. Бабёр у службовы час ехаў п’яны на службовай «Джылі GE».
Утрыманне алкаголю ў яго крыві склала 3,01 праміле (ад 3,0 да 5,0 праміле – цяжкое алкагольнае атручванне). Паколькі пʼяны рухаўся па невялікай вёсачцы, дзе ўсё навідавоку, у ДАІ не было выйсця, акрамя як зафіксаваць у пратаколе відавочнае.
Праблемы з камплектаваннем сілавікі адчуваюць увесь час, а пасля падзей 2020 года прэстыж службы ў літаральным сэнсе абрынуўся. Для закрыцця кадравых дзірак у міліцыю сталі набіраць усіх ахвотных – з умоваю: не быць заўважаным на пратэстах-2020 і быць гатовым выканаць любы загад. Практычна адразу, як толькі наваспечаны супрацоўнік або курсант Акадэміі МУС атрымлівае сваё першае службовае пасведчанне, ён лічыць, што разам з ім набыў нейкую індульгенцыю, з якой можна і п’яным за стырно, а для кіравання аўтамабілем зусім не абавязкова вучыць ПДР, бо з «ксівай» можна і без пасведчання кіроўцы ездзіць.
1 ліпеня 2020 года ў вёсцы Задворʼе Стаўбцоўскага раёну прапаршчык міліцыі У. Булаш у стане алкагольнага апʼянення кіраваў квадрацыклам «Хорс-125» без рэгістрацыйнага нумара.
3 студзеня 2021 года ў Ваўкавыскі РАУС паступіла паведамленне жыхара Ваўкавыску С. Чарняка, што ён спыніў кіроўцу з прыкметамі алкагольнага апʼянення. Затрыманым аказаўся нецвярозы курсант 2 курсу факультэту міліцыі Акадэміі МУС шараговец міліцыі К. Ярмак, які не меў пасведчання кіроўцы.
Верагодна, гісторыя з курсантам Ярмаком не сталася ўрокам для яго аднакашнікаў ,або ў Акадэміі МУС вучаць чамусьці дзіўнаму: 10 траўня 2021 года ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму затрымала на вуліцы Інтэрнацыянальнай курсанта выпускнога курсу следча-экспертнага факультэту Акадэміі МУС шарагоўца міліцыі, які ў нецвярозым стане кіраваў арандаванай машынай. Уласнікі аўтамабіля ТАА «Зорка сталіцы» вельмі асцерагаліся за сваю новенькую «Шкоду Рэпід» 2020 года вытворчасці.
28 траўня 2020 года на плошчы Леніна ў горадзе Паставы міліцыянт-канваір сяржант міліцыі К. Якаўлеў, кіруючы ў нецвярозым стане «Аўдзі-А3», не справіўся з кіраваннем і наехаў на прыдарожную агароджу.
Альянс расследавальнікаў Беларусі
Іншыя расследаванні АРБ тут і ў тэлеграм-канале
Дзякуем кіберпартызанам за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.