Не толькі збожжа. Літва прапануе павялічыць мыта на рыбу і гародніну з Беларусі ды Расеі


У Бруселі 5 красавіка пачаўся разгляд прапановы Еўрапейскай камісіі пра павышэнне імпартных мытаў на расейскае і беларускае збожжа. У сваю чаргу Літва прапанавала павысіць іх таксама на агародніну і рыбную прадукцыю з гэтых краінаў, перадае 15min.lt.

Садавіна і агародніна на Кальварыйскім кірмашы ў Вільні, Літва. 11 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

«Мы прапануем распаўсюдзіць адпаведныя захады хаця б на тыя катэгорыі, якія ў асноўным імпартуюцца ў Еўрапейскі Звязу – гародніну, рыбную прадукцыю. Мы лічым, што амаральна імпартаваць прадукцыю гэтых краін і дапамагаць акумуляваць прыбытак агрэсару, які фінансуе вайну ва Украіне, і ў той жа час наносіць шкоду мясцовым вытворцам Еўразвязу», – заявілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Літвы.

Аналітыка
Беларусь можа страціць сотні мільёнаў еўраў ад збожжавых санкцыяў ЕЗ. Але ці гэта балюча?
2024.03.22 18:46

Еўракамісія 22 сакавіка афіцыйна апублікавала свае прапановы адносна ўвядзення павышанага імпартнага мыта на збожжа, алейныя культуры і прадукты іх перапрацоўкі з Беларусі і Расеі. Згодна з імі, мыта мусіць быць у памеры 95 еўраў за тону, або 50 % ад кошту тавару. У ЕК лічаць прапанаванае мыта дастаткова высокім, каб спыніць імпарт збожжавых і алейных у Еўразвяз.

У Еўракамісіі адзначылі, што Расея ў 2023 годзе скіравала ў Еўразвяз 4,2 млн тонаў збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі на € 1,3 млрд. З Беларусі паступіла 610 тысяч тонаў гэтых тавараў на € 246 млн. Сумарна гэта складае 6,3 % ад леташняга імпарту Еўразвязам збожжавых і алейных.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў