Кіраўнік NATO заявіў, што аўтарытарны альянс Расеі, Кітаю, Ірану і КНДР набірае моц


Кіраўнік NATO Енс Стольтэнбэрг у інтэрв’ю BBC папярэдзіў, што «альянс аўтарытарных дзяржаваў» усё больш шчыльна супрацоўнічае супраць заходніх дэмакратый. Паводле яго, Расея, Іран, Кітай і КНДР усё больш актыўна аб’ядноўваюць намаганні, аказваючы адно аднаму практычную падтрымку.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусэль, Бельгія. 3 красавіка 2023 года.
Фота: Nato.int

«Кітай падтрымлівае расейскую ваенную эканоміку, пастаўляючы ключавую прадукцыю для абароннай прамысловасці, а ўзамен Масква аддае сваю будучыню ў заклад Пекіну», – сказаў кіраўнік NATO.

Таксама, дадаў ён, Расея пастаўляе тэхналогіі Ірану і Паўночнай Карэі ў абмен на боепрыпасы і ваенную тэхніку.

Паводле Енса Стольтэнбэрга, NATO давялося працаваць з іншымі краінамі, як то Японія і Паўднёвая Карэя, каб «супрацьстаяць гэтаму альянсу аўтарытарных дзяржаў, які стаў больш моцным».

Ці дадуць грошай Украіне?

Стольтэнбэрг выказаў упэўненасць, што саюзнікі ў NATO да ліпеня прымуць доўгатэрміновае пагадненне пра фінансаванне Украіны, якім можа быць створаны пяцігадовы фонд у 100 млрд еўраў. Тым не менш, ён прызнаў, што некаторыя краіны выказвалі ў гэтым сумневы.

Паводле яго, доўгатэрміновае падтрыманне Украіны жыццёва важнае і цяпер для стрымлівання Расеі, і пазней для аднаўлення краіны пасля канфлікту. У тым ліку «для стрымлівання будучай агрэсіі».

Пры гэтым кіраўнік NATO не выключыў, што Кіеву, магчыма, урэшце давядзецца пайсці на саступкі Расеі. Тым не менш, Стольтэнбэрг падкрэсліў, што «сапраўдны мір» будзе дасягальным, калі «Украіна пераможа».

Адносна магчымага вяртання Доналда Трампа ў Белы дом у ЗША, ён заявіў, што ўпэўнены, што ЗША і надалей будуць заставацца важным саюзнікам Украіны, хто б ні быў ва ўладзе ў краіне.

А што на Блізкім Усходзе?

Кажучы пра канфлікт на Блізкім Усходзе, Стольтэнбэрг адзначыў, што «вельмі важна», каб ЗША і іншыя краіны NATO далі дакладна зразумець Ізраілю, што той павінен зрабіць «значна больш» для абароны грамадзянскага насельніцтва і супрацоўнікаў гуманітарных арганізацыяў у святле нядаўняй гібелі ў Газе гуманітарных работнікаў, якія падвергліся нападу з боку ізраільскіх сілаў.

Аналітыка
Ці могуць Расея і Украіна сесці за стол перамоваў?
2024.03.28 06:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў