«Які транспартны цэх гэта прыдумаў?» Улады зрабілі беларускую лацінку сімвалам пратэсту


Цяперашнія ўлады змянілі правілы транслітарацыі тапонімаў, дазволіўшы перадаваць лацінскімі літарамі назвы геаграфічных аб’ектаў не толькі на беларускай, але і на расейскай мове. «Не бяда, абы іншых праблемаў не было», – кажуць некаторыя. Аднак адмыслоўцы абураюцца: гэта чарговы крок у русіфікацыі краіны. «Белсат» разабраўся, што такое беларуская лацінка, навошта яна нам і чаму два алфавіты – гэта норма.

Шыльды з беларускай лацінкай.
Фота: https://newgrodno.by/

Цяпер пры транслітарацыі назваў геаграфічных аб’ектаў не будуць выкарыстоўвацца адметныя літары беларускай лацінкі з «птушачкамі»: ž, š, č, ń, ś, ŭ ды іншыя. Больш ніякіх «паланізмаў» і «чэхізмаў»: ч = ch, ш = sh, ў = w.

Пастанова Дзяржаўнага камітэту маёмасці, што набыла моц 4 красавіка, прадугледжвае, так бы мовіць, экспартны варыянт транслітарацыі: калі нейкая мапа ці іншыя матэрыялы прызначаныя для міжнароднага выкарыстання, тапонімы абавязкова мусяць перадавацца з беларускай мовы. У іншых выпадках – можна і з расейскай.

Як стала вядома «Белсату», у менскім метрапалітэне ўжо рыхтуюцца мяняць навігацыйныя паказальнікі, дзе назвы станцыяў і вуліцаў транслітаруюць паводле новых правілаў. Што праўда, пакуль невядома, якую мову абяруць першакрыніцай: беларускую ці расейскую.

Hавiны
«Паступова будзем мяняць». У менскім метро з’явяцца паказальнікі без беларускай лацінкі
2023.04.07 14:42

Можна меркаваць, што перавешваць табліцы і паказальнікі пачнуць па ўсёй краіне. І грошай не пашкадуюць. Абы «інфаказачка» Бондарава была задаволеная.

«Нічога выдумляць не трэба: у нас усё ёсць!»

Беларуская лацінка – гэта не толькі нашая культурная каштоўнасць, гэта яшчэ і практычна, бо бальшыня ўсясветнай інфармацыйнай прасторы функцыянуе на грунце лацінскага алфавіту, заўважыў у інтэрв’ю «Белсату» мовазнаўца і журналіст Вінцук Вячорка.

«Менавіта на аснове лацінкі фармуюцца рознага кшталту міжнародныя базы звестак, дакументальныя базы, спісы, бібліяграфіі, спісы геаграфічных назваў. Вось чаму тыя мовы, якія не маюць лацінскага алфавіту ў сваім арсенале, выпрацоўваюць адмысловыя табліцы транслітарацыі. А беларуская мова мае свой уласны лацінскі алфавіт, і нам не трэба выдумляць нейкую штучную табліцу транслітарацыі», – адзначыў Вячорка.

Ён назваў недарэчнымі заўвагі, што замежнікі, прыязджаючы да нас, не даюць рады з беларускай лацінкай, маўляў, ніякай карысці для турыстаў. Суразмоўца «Белсату» адказвае: няхай чытаюць як заўгодна, сэнс лацінкі не ў гэтым.

Навігацыя ў пераходзе станцыі менскага метро «Пушкінская».
Фота: minsknews.by

«Галоўны прынцып зберажэння моўнага першаўзору ў лацінапісьмовай прасторы – не вымаўленне. Ніхто не можа паўтарыць вымаўленне тысячаў моваў свету, яны ўсе адрозніваюцца гукамі. А вось графічнае аблічча слова, асабліва калі гэта мае дакументальную вартасць, скажам, асабовае імя, прозвішча, тапонім, – вось напісанне павінна захоўвацца нязменна», – сказаў філолаг.

Ён адзначыў, што шмат якія мовы маюць свой лацінскі алфавіт, і ў кожнай мовы свае правілы вымаўлення асобных літараў ці іх спалучэння. І ніхто не скардзіцца на польскую, напрыклад, лацінку ці латышскую – толькі на беларускую.

Раздзельчык «Лацінка» ў школьнай праграме

Вінцук Вячорка ўпэўнены, што беларусам не трэба выбіраць адзін алфавіт з двух, як гэта зрабілі, напрыклад, у Казахстане. Там проста цяпер трывае паэтапны пераход казахскай мовы на лацінскую графіку, які мусіць завершыцца да 2025 года. Эксперт кажа: і кірылічныя першадрукі Скарыны, і кнігі Багушэвіча ды рукапісы Купалы на лацінцы – усё нашае.

«Нам трэба мець у школьнай праграме раздзельчык «Лацінка» (ён, дарэчы, яшчэ ёсць у падручніках, не ведаю, ці ён выжыве ў наступным навучальным годзе) з тым, каб выпускнікі школаў прынамсі ўмелі прачытаць слова лацінкай. Гэтая біскрыптуальнасць – дзве графікі – гэта нармальна, не адны мы такія. Няхай будзе такая магчымасць выбару для кожнага чалавека», – падкрэсліў Вячорка.

Ён мяркуе, што ў аглядны гістарычны час кірыліца будзе асноўнай, а лацінка – дапаможнаю графікаю.

«Mogiljov» замест «Mahilioŭ»

Моўную «рэвалюцыю», як пазначана ў пастанове камітэту маёмасці, узгаднілі з Міністэрствам культуры і Нацыянальнай акадэміяй навук. Паводле звестак Вінцука Вячоркі, профільны Інстытут мовазнаўства да гэтага дачынення не меў:

«Тады ўзнікае пытанне, які там транспартны цэх ці якая ключніца гэты прадукт стварыла ў межах Акадэміі навук, бо наогул за гэта мусіць быць сорамна. Не начавала тут ні навука, ні сістэмнасць».

У выніку «інтэлектуальных» высілкаў уладаў будзе «Mogiljov», а не «Mahilioŭ», «Gomel» замест «Homieĺ» ды «Molodechno» замест «Maladziečna».

«Тыя, хто гэта тварыў, насамрэч не думалі ні пра беларускую фанетыку, ні пра зручнасць карыстальнікаў, ні пра пазнавальнасць – яны думалі пра тое, што перадавацца тапонімы Беларусі будуць з расейскай мовы. Беларускі першаўзор проста не будзе ляжаць у аснове новых транслітарацыяў. Беларуская мова саступіць месца расейскай – вось іхны план», – падсумаваў філолаг.

Паказальнікі ў Менску.
Фота: Onliner / onliner.by

«Беларусы сапсаваныя савецкай транслітарацыяй»

Беларуская лацінка сапраўды незразумелая вялікай колькасці беларусаў, прызнае праблему іншы наш суразмоўца, гісторык, краязнаўца, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» на «Белсаце» Цімох Акудовіч:

«Беларусы сапсаваныя лацінскай транслітарацыяй, створанай, я так разумею, яшчэ за савецкім часам на базе англійскай мовы. Гэтая лацінка вельмі нязручная, яна няправільная, там процьма памылак, але ёю прывыклі пісаць эсэмэскі ў свае часы, калі яшчэ нельга было пісаць кірыліцаю, на пэйджарах пісалі – ну і навучыліся няправільнай лацінцы».

Акудовіч згадаў, што ў свой час слушную транслітарацыю прасунуў Інстытут мовазнаўства НАН – і паступова пачало ўводзіцца выкарыстанне беларускай лацінкі ў геаграфічных назвах.

«Лацінка для гэтага патрэбная, каб абазначаць назвы сваіх населеных пунктаў у міжнародным фармаце. Бо міжнародны фармат – лацінка. Працэс ішоў, зараз ён прымусова згорнуты і з часам трэба да яго вяртацца», – канстатаваў гісторык.

«Сімвал змагання са злом»

Цяперашнія ўлады самі стварылі новы сімвал барацьбы з ёю, адмяніўшы лацінку, мяркуе Цімох Акудовіч:

«Гадоў 10 таму на беларускую лацінку з гачыкамі глядзелі сапраўды падазрона. Цяпер, мне падаецца, у грамадстве да яе значна больш пазітыўнае стаўленне таму, што гэта адзін з сімвалаў змагання супраць зла. Наколькі ўлада звузіла выкарыстанне лацінкі, настолькі яна спрыяе яе легалізацыі ў вачах беларусаў».

Суразмоўца «Белсату» не лічыць вялікаю бядою касаванне літараў з гачкамі. «Калі па-беларуску пішацца лацінкай, то якая розніца, якімі літарамі», – сказаў ён. Галоўнае тут, з якой мовы будуць транслітараваць.

«Паглядзім, як гэта будзе ўжывацца. Тут галоўнае пытанне мовы. Памяняць выгляд гука «ч» з двух літар на адну з гачкам – хуткае пытанне і дробязь», – упэўнены Акудовіч.

Ён аптымістычна падсумаваў, што навучыць беларусаў ужываць лацінку – вырашальная задача: «Трэба проста прывыкаць, вучыцца, і праблема мусіць развязацца».

Hавiны
Як пачаць уласную дэрусіфікацыю?
2022.09.24 17:28

Siarhiej Krot belsat.eu

Стужка навінаў