news
Інтэрв'ю
Сяргей Пукст – пра эміграцыю, запатрабаванасць, постсавецкасць і гідкае альтэр-эга. Вялікае інтэрв'ю
Аўтар найлепшага альбома 2013 года толькі ў эміграцыі зразумеў, што ён запатрабаваны ў беларусаў.
07.03.202410:10

Ветэран беларускага музычнага падполля і аўтар лепшага альбома 2013 года толькі ў эміграцыі зразумеў, што ён запатрабаваны ў беларусаў. «Белсат» пагаварыў з Сяргеем Пукстам пра пераезд, «экстрэмізм» і Георгія Дабро –другую асобу, якая задумвалася як агідная, але спадабалася слухачам.

Музыка Сяргей Пукст. Варшава, Польшча. 3 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Хто таки Сяргей Пукст

Сяргей Пукст з тых, пра каго кажуць «шырока вядомы ў вузкіх колах»: не збіраў поўных стадыёнаў, але мае дастаткова прыхільнікаў у шэрагу тусовак. Грае з 1990-х гадоў. «Апошні альбом» яго гурта Pukstband атрымаў у 2013-м узнагароду «Альбом года» на прэміі Experty.by. Зараз выступае рэінкарнацыя гэтага гурта ў складзе самога Пукста і бубнача – так, як і пачынаўся Pukstband.

Сяргей Пукст у «Belsat Music Live», 2017 год:

На пытанне, што ж ён грае, адказвае: «А я не ведаю». Пукст заяўляе, што не ўмее граць паводле стандартаў, не можа нават падабраць на гітары гурт «Кіно». Самы першы свой альбом ён апісваў як «нігілістычны джаз». Цяпер разважае, што грае «нешта паміж панкам, сэрфам і рывайулам» з адсылкамі да поп-музыкі 1970-х і шмат чаго іншага, але не абмяжоўваецца жанрамі. Грае паводле прынцыпу «што ідзе, тое ідзе».

Пукст таксама мае альтэр-эга – расейскага шансанье Георгія Дабро, ад імя якога часам выступае і запісвае песні. Акрамя таго, ён раней граў таксама ў праекце True Litwin Beat, запісваў у праекце «Тузін. Немаўля» музыку для нямога фільма «Кастусь Каліноўскі» 1927 года.

Бліжэйшы канцэрт дасць як раз не Сяргей Пукст, а Георгі Дабро: выступіць 8 сакавіка ў варшаўскім клубе Scena Chmielna з праграмай «Жанчына мая».

Чаму не з’ехаў раней

Сяргей Пукст пакінуў Беларусь у жніўні 2023 года. На першы час яго прытуліў музычны журналіст Аляксандр Чарнуха, але жыллё і працу Пукст ужо знайшоў.

Пра абставіны ад’езду ён распавядаць не хоча, але кажа, што было напруга, у якой усе ў Беларусі жывуць, «назапасілася сума ўражанняў», вось і вырашыў паехаць – якраз каб у верасні адправіць дзяцей у школу ў Польшчы. Да таго ж, сына праз чатыры гады могуць забраць у войска – так ці інакш лепш было з’ехаць.

Музыка Сяргей Пукст на рэпетыцыі.
Фота: Белсат

Але цяпер беларусы часцей пытаюцца адзін у аднаго не чаму з’ехаў, а чаму не з’ехаў раней. Пукст разважае:

«Знаходзячыся ў кантэксце, ты не адчуваеш яго настолькі востра, як гледзячы звонку. У Беларусі ты не даводзіш да свядомасці, у якой небяспецы знаходзішся. Як зачараванасць людзей, якія сядзяць і думаюць: а каго з нас, двух-трох мільёнаў людзей, якія маюць падставы баяцца, зараз выхапяць. І ўвесь час думаеш, што гэта не ты. Табе ўвесь час здаецца, што ты праскочыш».

«Калі махавік раскручваецца, ён не тое што не можа спыніцца, ён ужо выскрабае там, дзе няма чаго выскрабаць. Бруд з-пад пазногцяў, наогул усё з-пад усяго. Такія механізмы самі сабой не спыняюцца».

Было і тое, што Пукст называе «маячкамі». Яму не давалі так званае гастрольнае пасведчанне, а без гэтага нельга прадаваць квіткі і нават фігураваць на афішах – можна хіба што граць за ахвяраванні. У тым жа пабе «Графіці», дзе апошнім часам выступаў Пукст, гэта было нават больш выгадна: данатаў, бывала, давалі больш, чым каштавалі б квіткі.

Этап эйфарыі ад пераезду прайшоў, кажа Пукст: «Пачынае накрываць эмігранцкі сплін».

«Гэта не звязана з нейкай тугой, – адзначае ён. – Зразумела, што ты не вернешся ў Беларусь нават 2019 года».

Ён разважае аб стварэнні спрыяльных умоў для вяртання эмігрантаў, якіх ён у хуткім часе не чакае. Але калі ў эмігрантаў будзе магчымасць вярнуцца, то ў Беларусь вернуцца людзі з еўрапейскім светаадчуваннем, а краіна пазбавіцца ад «кляйма постсавецкай рэспублікі».

Паразважаўшы, ён пытаецца: «На колькі я нагаварыў цяпер – гады на тры, на пяць, на сем, на дзевяць?»

Не былі «экстрэмістамі», хоць…

Гэтую фразу Пукст кажа, успамінаючы выступы ў «Графіці» ягонага праекта True Litwin Beat: гурт не быў «экстрэмісцкім» у разуменні сілавікоў, у эстэтыцы закладзеная апалітычнасць, хоць «дакалупацца» маглі. Успамінаем песню «Менск» – а хіба гэта не «экстрэмізм»?

Пукст не згаджаецца: здзівіўся б, калі за такую песню прад’явілі прэтэнзіі. Песня даволі «накіраваная» і крытычная адносна горада і працэсаў у ім. Там няма палітыкі, хіба што развагі пра болевыя кропкі Менску, ад архітэктуры да назваў у гонар савецкіх, як ён іх называе, «упырей». Свае ж песні лічыць не надта прыкметнымі:

«Я ўмею як ніхто саскокваць з любога хайпу, з любой хвалі».

А як зразумець, што можна ў Беларусі? Пукст адказвае, што многія гэта абмяркоўваюць, тым больш пасля затрымання групы Nizkiz. Але пра гэта шмат расказаць не можа: «Проста ўсё ў здранцвенні».

Фота: Белсат

Для музыкаў вельмі важны фактар рэгулярнага заробку. У Польшчы, адзначае ён, ужо можна граць на беларускую аўдыторыю: з Беларусі з’ехалі сотні тысяч чалавек. Але зусім не ў кожнага атрымаецца зарабіць. Ды і эмігранты, хутчэй за ўсё, сходзяць на канцэрт адзін раз, «паставяць галачку» і больш не пойдуць. З іншага боку, ён ведае і чалавека, які свядома сышоў з «беларускай тусоўкі» і працуе з польскімі музыкамі – як мінімум, прэцэдэнты ёсць.

Сам Пукст зарабляе выкладаннем англійскай мовы – і ўсё жыццё не можа вырашыць, ці ён музыка ў першую чаргу. Сумняваецца, што адной музыкай змог бы зарабіць, пакоькі не змог бы нават зграць у кавер-бэндзе. Але ўспамінае, што на нядаўнім канцэрце былі палякі, якія выказвалі ўдзячнасць за песні на незразумелай ім мове. Думае, гэта таму, што яму проста пашанцавала знайсці ўдарніка, які заводзіць натоўп харызмай і пазітывам.

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

У Варшаве знайшоў сябе ў статусе вядомага чалавека

Пукст здзіўляецца: у эміграцыі аказалася, што яго рады бачыць і прыняць. Лічылі: «Ну, раз ужо Пукст пераехаў, якога можна было абвінаваціць хіба што ў любові да мастацтва і сумнеўнага роду правакацыяў…» І нават на спліт-інтэрв’ю з Лявонам Вольскім запрасілі! Ён успамінае, што раней толькі чытаў пра такую атмасферу, у якой прайшоў мінулы варшаўскі канцэрт: усе вішчаць, сябе не чуеш, чыёсьці цела плыве да сцэны на руках натоўпу…

Але хіба гэта было так ужо нечакана для аўтара найлепшага беларускага альбома 2013 года?

«Я чалавек даволі ценявы, – прызнае Пукст. – Я камусьці магу павярнуць мазгі, калі хтосьці ў мяне ўваткнецца. Але я ніколі не быў масавым, ніколі мае песні не спявалі на маршах, прама скажам».

Пукст тлумачыць: «Альбом года» – гэта была прэмія Experty.by, ледзь не адзінага выдання, якое адсочвала і заўважала музычны працэс у Беларусі.

Фота: Белсат

Успамінае, як сам пісаў рэцэнзіі для Experty.by як няштатны эксперт, І бачыў, колькі музыкі  «сыходзіць у пустэчу». Выступаў на «Belsat Music Live» – паколькі з боку тэлебачання толькі там была цікавасць да яго.

«У Беларусі ты можаш існаваць у такім дзіўным паўдонным, падлёдным існаванні ўсё жыццё, – кажа ён. – Не моцна выходзячы на афіцыйную тэрыторыю, якая аглядальная дзяржавай вельмі дрэнна. Яны не бачаць, што ў іх адбываецца ўнутры».

Нават для «напаўафіцыйнага прызнання нефарматных герояў» не стваралася канструкцый, не было чагосьці «паміж абсалютным забыццём і чыстым фокусам». Нават Менск, сталіца, гэта «горад намінальнай культуры», дзе доўгі час была ледзь не адна галерэя «Ў» на ўсю сучасную культуру, ледзь не адзін прадзюсар на ўсю нефарматную музыку, культавы паб «Графіці» – адна такая каморка на двухмільённы горад. Гэта не прытча пра жабу ў малацэ, якая здолела ўзбіць масла і выбрацца: ўзбіваць даводзіцца ваду.

У Варшаве ж, сярод эмігрантаў, Пукст адчуў сябе ў фокусе. Цяпер думае, ці не запісаць песню пра Варшаву: напрыклад, пра тое, як «душыць Жабка» (Żabka – польская сетка крамаў крокавай даступнасці). І, як у мінулую песню пра Менск, «укласці ў яе ўсё сваё ныццё». У слухачах, заўважае ён, «гарыць агонь эмігранцкага неспакою», таму яшчэ адна эмігранцкая песня не будзе лішняй.

Інтэрв’ю
Вялікая размова з Вольскім: беларуская траўма, «Эмігранты» і «Лісты палітвязням»
2023.10.19 11:15

Георгій Дабро – гэта мілае зло для тых, хто мае патрэбу ў іроніі

Пра Георгія Дабро Сяргей Пукст выказваецца як пра гідкага чалавека: гэта «сямейны ўнутраны паразіт», маскуліннасць у горшым сэнсе. Гэта, тлумачыць ён, была рэакцыя на папулярнасць расейскага спевака Стаса Міхайлава. Хацеў выклікаць ванітавы рэфлекс, насыціўшы такую музыку самым непрыемным накшталт слоў «зая», «моя половинка», «мой человечек».

Ён апісвае, як нарадзіўся герой: калі ў сям’і былі фінансавыя праблемы, з жонкай прыдумалі вінаватага – ўяўнага чыхуахуа Гуфі, які «пражыраў усё бабло». З Гуфі вырас Георгій Дабро. Жонка прапаноўвала Сяргею прыдумаць які-небудзь вобраз для Георгія, хоць бы мультыплікацыйнага сабачку, але Пукст вырашыў, што «гэта магу быць проста я». Спадабалася ідэя існавання дзвюх асобаў у адным целе:

«Цябе хапаюць за руку, а ты кажаш, што гэта не я, гэта ён».

Ад таго, як Пукст пра гэта распавядае, узнікае пытанне: а што такі агідны чалавек робіць у Варшаве сярод беларускіх эмігрантаў? Хіба Георгій Дабро не павінен быў цяпер выступаць для расейскіх войскаў на Данбасе? Пукст рашуча адмахваецца: усё ж персанаж атрымаўся мілым. Хоць прызнае, што Дабро трапіў нават у адну з анлайн-энцыклапедый расейскага шансона: быццам і напісалі, што гэта іронія, але глядзелася арганічна.

«Ты-то хацеў усё гэта дэструктурыраваць, а сам трапіў у найбольш вострую фазу шансона, апынуўся на яго цэнтральным піку, перамалоўся гэтым Малохам, і гэты Сатурн зжэр цябе, – разважае Пукст. – Але Георгій Дабро натуральным чынам пакарыставаўся мной, маім абаяннем, калі яно ёсць. Атрымаўся такі змяшаны жанр, дзе нават калі ў цябе закладзены яд, то ўкладаеш яго ў карамель ўласнай абаяння».

Фота: Белсат

Ён адзначае, што ніколі не лічыў такога роду сэксісцкі гумар магчымым у Варшаве. Бо гэта нават не сітуацыя, у якой смяюцца над тым, што не смешна: ужо ж і не смяюцца… Атрымаўся «Шчыры чувак, які спявае ад сэрца да сэрца».

Пукст успамінае, як адзін са слухачоў спытаў, ці не здзіўляе яго, што для маладых слухачоў, якія танчаць пад Георгія Дабро, гэта постіронія, а для выканаўцы – метаіронія, гэта значыць іронія над іроніяй. Сам смяецца: ноч не спаў, думаў над гэтым.

Ён упэўнены, што беларусы ў эміграцыі памятаюць, чаму там апынуліся, не забываюць 2020 год. Але пасля тых пратэстаў пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, нядаўна яшчэ і вайна ў Газе – як запалкавыя галоўкі, якія запальваюцца адна ад адной у скрыначцы. У канчатковым выніку Георгій Дабро – гэта патрэба ў лёгкасці і іроніі:

«Сэрца можа гарэць, але калі ў нейкі момант не адхілішся іранічна, яно можа згарэць дашчэнту», – уступаецца ён за слухачоў Георгія Дабро.

Людзі, якія з’язджаюць, гэта людзі, якія «нешта разумеюць» – таму і эмігруюць, рэзюмуе ён. Такіх людзей не натхніш на мізагінію песнямі Георгія Дабро.

Агляд
Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея
2024.01.02 12:00

Алесь Наваборскі / ВВ belsat.eu