news
Інтэрв'ю
«Калі птушкі ўсяго свету на голас мой прыляцяць». Спявачка Кетэван – пра свой лунацізм, закаханасць у музыку і няўтульнасць Варшавы
Сны Кетэван Асраташвілі
07.03.202417:00

«Так прыгожа і так балюча», – кажа пра апошнія песні сваёй дачкі маці спявачкі Кетэван Асраташвілі. Гэтай вясной Кетэван абяцае падарыць слухачам шмат новых песень. У іх – не толькі прыгажосць і боль. Яшчэ – надзея і сіла. Размаўляем з Кэці ў яе сонечнай варшаўскай кватэрцы пра самае патаемнае – сны, музыку і цішыню.

Кетэван Асраташвілі. Варшава, Польшча. 22 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Белсат»: – Кэці, зноў рызыкую нарвацца на абвінавачванні ў «male gaze» і аб’ектывацыі, але твае прыгожыя сінія вочы – ад мамы-беларускі?

Кетэван Асраташвілі: – Так, маміны вочы. Блакітныя. Але якога колеру – залежыць ад надворʼя. Бываюць проста шэрыя. Ведаеш, я вельмі люблю кветкі, для мяне важна, каб былі такія яркія, прыгожыя моманты. І калі сонейка – вельмі люблю. Адчуваю гэта тады як пераключэнне з «ціха» на «гучна» – «volume». Вжжык – і падʼём. Была ніякая, а сонейка выйшла – і ўсё па-іншаму. Думаю, што і вочы мае тады сінеюць (смяецца).

– Ці калі закахаешся?

– Так рэзка: упс – і блакітныя! Блін, гэта цікавая суперсіла. Хочацца думаць, што так. Насамрэч вочы ў мяне троху большыя, чым у мамы. Едзем неяк у ліфце, яна глядзіць на мяне, такая спалоханая. «Ты чаго?» – пытаюся. «У цябе такія страшныя вочы, глянь!». Я смяюся: «Ну дзякуй, мам, вельмі прыемна». Паказалася ёй, што яны аж завялікія.

«Я прачынаюся – і паехалі! Змагаемся далей»

– Вось цяпер і распавядзі, як чалавек з такімі блакітнымі і «завялікімі» вачыма перажыў у эміграцыі чарговую зіму?

– Цяжка. Цяжкая зіма была, калі толькі пра гэтую казаць. Але яшчэ ўвосень стала цяжка, нават напрыканцы лета. Я паехала ў Гданьск, бо не разумела, дзе я, у якім вымярэнні, дзе ўвогуле знаходжуся. Пайшла на гэтую паўвыспу ў Гданьску – на Вэстэрплятэ (Westerplatte). Маё любімае месца. Вельмі змрочнае і ў той жа час прыгожае. Люблю туды прыязджаць у шторм. І якраз так выпала, што ў мяне суперзмрочны настрой, а там – шторм. Моцны вецер дзьме, а я сяджу паўтары гадзіны – і гэтыя хвалі мяне амаль накрываюць. Тыя цяжкія хвалі… Гэта было вельмі балюча, але я ўсё сядзела, і сядзела, і сядзела…

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Потым прыехала дамоў і адразу напісала псіхатэрапеўту, якога мне параілі. «Вы мне патрэбныя», – напісала. Ну і мы займаліся з ім. Таму такая зіма. Плюс антыдэпрэсанты. Яны не перарабляюць тваё жыццё, гэта больш – пра падтрымку твайго стану. У цябе зʼяўляецца трошкі больш моцы, каб усё перажыць. І нармалёк. Я прачынаюся – і паехалі! Змагаемся далей.

Ведаеш, дах едзе таму, што шмат вельмі розных пачуццяў адначасова, а я чалавек вельмі эмацыйны. У дзяцінстве ўсім суперажывала і перажывала за ўсё. А тут зараз у цябе вайна, табе не можна дадому, і людзі ў турме сядзяць. І ты мог бы быць таксама за кратамі, але ты на моры ў Гданьску, вы з сябрамі ідзяце ў нейкае прышпільнае месца. І што? Ну як? Як гэта назваць? Гэта нейкі лімб, і я вось у гэтым лімбе сябе зараз адчуваю. Таму няпроста, але ж вось – вясна…

«Так прыгожа і так балюча»

– Але ў гэтым лімбе, як ты кажаш, і нараджаецца музыка?

– Ага, так адбываецца. Адна з апошніх песень, якая даступная ўжо на ютубе, была якраз напісаная на Вэстэрплятэ. Мы яе запісалі пад клавішы ў Вільні. У бліжэйшыя месяцы закіну яе і на «Spotify», але троху ў іншым выглядзе, дадалі крыху эмбіэйтных гукаў. Песня называецца «Нявеста».

– «Я нявеста ветру і паветра»?..

– Так-так, калі я адчуваю вецер – я нібы станаўлюся ім. Бо не ведаю, хто я. Кшталту – забяры мяне, лепей буду лётаць з табой, чым вось гэтае ўсё…

– Гэтая песня – развітанне з зімой і цемрай?

– Не, проста момант. Не развітанне. Гэта стан. Маці мне сказала, калі пачула: «Так прыгожа і так балюча». Я кажу: так яно і ёсць, і класна, што ты гэта адчула. Значыцца, удалося перадаць тое, што адчуваю.

– «Нявеста ветру і паветра» – гэта і пра твой грамадзянскі стан, пра тваё прыватнае жыццё, выбачай?

– Прыватнае жыццё? Яго няма (смяецца). Я не ведаю, як гэта атрымалася, ну… хаця чаму. Вельмі часта, калі чалавек, актор, выбірае сабе матэрыял, то бярэ тое, што яму адгукаецца. І я нездарма рабіла монаспектакль пра Мэрылін Манро. Я рэдка яго граю. Вось у Лявона Халатрана, калі ён яшчэ працаваў у «БэкДоры», паказвала яго. Спектакль заснаваны на дзённіках Манро і аднайменнай паэме Вазнясенскага. Мне вельмі блізкія адчуванні любові і закаханасці гераіні, тое, што яна заўсёды ў жыцці шукала гэтыя пачуцці. Камусьці магло здавацца, што яна проста сэксі, такая «прым-пым-пым». Але ўсярэдзіне было зусім іншае…

Даведка
Кетэван Асраташвілі – беларуская спявачка, кампазітарка, акторка. Нарадзілася ў Тбілісі ў 1994 годзе ў сямʼі беларускі і грузіна. Скончыла ў Менску акадэмію мастацтваў (БДАМ), куды ў 2014 годзе перавялася з універсітэту культуры. У 2021 годзе была вымушаная зʼехаць з Беларусі. Жыве ў Варшаве. Аўтарка і выканаўца шматлікіх песень на беларускай мове, удзельніца музычных (у тым ліку – «Эмігранты» Лявона Вольскага) і тэатральных праектаў.

Я ж малодшая дачка ў сямʼі, мяне вельмі любілі. І потым, калі пачалося самастойнае жыццё, я заўсёды шукала людзей, якія мяне будуць падтрымліваць, закаханасці. Пры гэтым я была тым дзіцём у школе, якому ніколі не дарылі валянцінак. У мяне нікога не было вельмі доўгі час. Першыя адносіны – у 24 гады. Вось. І яны не так даўно скончыліся. І ўсё. Нібы я заўсёды ў кагосьці закаханая – заўсёды проста! – але не маю адказу.

– Адказнага за вецер?

– Так (смяецца). Нешта не адбылося. Але мне мой даўні сябар, таксама музыка, казаў, што калі знаёміцца з дзяўчынай, заўсёды яе папярэджвае, маўляў, прабач, але ты заўсёды будзеш другой – першай будзе музыка. І ў гэтым штосьці ёсць.

Нават калі закахаюся, яно спачатку моцна, моцна, моцна, а потым – усё прасцей і прасцей. А з музыкай – не. Яна назаўсёды – моцна! І сцэна – гэта мой свет, у якім я адчуваю ўпэўненасць. Бо ў звычайным жыцці я не вельмі ўпэўненая. А калі ты на сцэне – у цябе іншыя стасункі з самой сабой. Я люблю гэтыя моманты.

«Іду па вуліцы – і прылятае тэкст»

– Няхай іх будзе больш. Якія маеш планы на вясну?

– Нядаўна сталася: я засынала і падумала, што пражыла класны дзень. Такіх момантаў мала бывае, на жаль. А тут усё проста: я ўзяла і 20 хвілінак патраціла на тое, каб купіць нарэшце падпіску на «DistroKid» – на сэрвіс для дыстрыбуцыі музыкі. Трэба было зрабіць гэта гадоў 5 таму. А тут усяго 20 хвілінак – і ўжо ёсць мэтанакіраванасць.

Кетэван Асраташвілі са сваім сабакам.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Дарэчы, песню «Засынай», якая ўжо год была на ютубе, можна ўжо слухаць не толькі там. Справа ў тым, што я маю шмат твораў, але іх нідзе няма. Песень 10 няма нідзе. Але я люблю гэтыя творы. Некаторыя мы перарабляем. Прыкладам, дзве песні, якія былі на расейскай мове, напісаныя хіба ў 2018 годзе яшчэ. А яны, здаецца, вельмі крутыя! Я папрасіла Андрэя Хадановіча перакласці іх. І вось: яны загучалі зараз так крута, што я аж усцешылася, што не выпусціла іх раней. Таму, безумоўна, я планую, што да лета гэтыя песні можна будзе паслухаць ужо на ўсіх пляцоўках.

– Працытуй пару радкоў, калі ласка, з якой-небудзь з іх.

– «Калі птушкі ўсяго свету на голас мой прыляцяць, мы будзем доўга маўчаць, а потым гучна крычаць». Мне здаецца, што мы пракрычалі і крычым дагэтуль, але… вельмі доўга маўчалі.

– Таму «птушкі ўсяго свету» пакуль не прыляцелі? Гэта быў твой тэкст, так? Сама пішаш?

– Часам сама. Часам – гэта тэксты Дашы Бялькевіч, якую вельмі люблю. Вось пра птушкі акурат разам з маёй сяброўкай і напісалі. Але шмат песень маіх.

– Спачатку зʼяўляецца музыка – потым вершы?

– Па-рознаму. Часцей за ўсё я іду па вуліцы – і прылятае тэкст. Падабаецца нейкая фраза. О! Цікава, думаю, трэба з ёй папрацаваць. Прыйшла, штосьці напісала. А потым саджуся за клавішы. Я іх усюды цягаю, а я вельмі шмат дзе пацягалася за гэтыя тры гады. Вось, саджуся і – па адчуванні – пішу музыку.

Такі цікавы момант: нядаўна ў мяне знайшлі, як гэта правільна сказаць, дыслексію. І я з ёй жыла, аказваецца. Думала пра сябе, што я проста тупая (смяецца). А аказалася, што проста з самага пачатку па-іншаму ўспрымала свет. Па-іншаму ўспрымаю музыку. Наагул – сэнсы. З чытаннем было цяжка ў школе, ды і зараз цяжка. І гэта таксама, на маю асабістую ацэнку, вельмі ўплывае на тое, што я раблю.

Але ў той жа час я саджуся за клавішы і сходу прыдумляю. То бок маю вушы і нейкае адчуванне музыкі. Я ж не проста блямкаю, а падбіраю – і яно сходу атрымліваецца. Гэта цікава, што там у галаве адбываецца, але – атрымліваецца ж.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Вось так. Ну а калі ў мяне няма новых тэкстаў, то бяру кніжачку, каб трымаць сябе ў тонусе. Мне нядаўна кніжку Сергія Жадана з Украіны прывезлі. Ух! Спачатку начытваеш, начытваеш – і раптам запелася! Тады проста сядаю за клавішы і запісваю. Вельмі крутыя ў яго вершы.

І стала яшчэ часцей публікаваць свае такія чарнавікі ў «Інстаграме», гэта таксама матывуе. Таму што маю мала канцэртаў. А канцэртаў мала, бо мала творчасці, якую магу паказаць. Пакуль што, спадзяюся. Толькі той, хто ведае, што ў мяне шмат чаго ёсць, спакойна мяне запрашае. У «Інстаграме» яшчэ і кантакт з аўдыторыяй, гэта важна для мяне, каб разумець, што ты робіш гэта не проста так, а – з сэнсам. Бо мае песні, здаецца, не для таго, каб проста патанчыць…

«І ў гэтым дзіўным сне я сумую па табе…»

– Засынаў учора пад тваю «Засынай». Як яна напісалася?

– О, тут цэлая гісторыя. Посткавідны час. Я вельмі кепска спала тады, у 4 гадзіны раніцы прачыналася. Паўгода такое было. А калі ноччу штосьці ў галаву прыходзіла, усё адразу на дыктафон запісвала. Часцей – трызненне нейкае. Але аднойчы ўстаю, слухаю і думаю: ого, як цікава! З калыханкамі было заўжды цікава, таму што яны ўсіх абʼядноўваюць. Гэта я потым дазналася, што калыханкі пелі раней з думкай, што можна ўжо не прачнуцца і сустрэцца са смерцю.

– У тваёй «Засынай» хіба пра гэта?

– Так! І я не ведала пра смерць, калі пісала яе. Аж мурашкамі ўся пакрылася, калі даведалася пра гэты схаваны сэнс калыханак. А думкі былі пра тое, што ўсім іх спяваюць, а хто кім вырасце – невядома. Амапаўцу калыханкі таксама спявалі, і байцу за незалежнасць спявалі. І адначасова мне хацелася, каб заснулі ўсе. Таму што ўсе змучаныя.

Маці апавядала, што калі мне было 4 гады, я ў Грузіі ўбачыла чалавека з інваліднасцю, села на зямлю і пачала плакаць, казала: я не хачу тут жыць! І вось гэтае адчуванне засталося. Мне сапраўды хочацца, каб усе заснулі, таму што ўсё надакучыла, проста ўсё надакучыла. І ў маёй калыханцы дзве лініі: адна цёплая, мяккая, пра добрае, каб заснуў, а другая – каб наогул замерз і пакрыўся лёдам. Засынай!..

– «І ў гэтым дзіўным сне я сумую па табе…»

– Так, гэта пра дом. І цікавы яшчэ момант. Мы запісалі яе 20 лютага 2022 года. У студыі тут. І мне 22-га ці 23-га даслалі музыку. А 24-га пачалася вайна. І ў мяне проста ну… Яна стала не толькі пра мой край, а – пра ўвесь свет. Мы былі ў творчай рэзідэнцыі тады. І… Канечне, яна мае для мяне вялікі сэнс (плача)…

«Менавіта Грузію лічу сваёй радзімай»

– А давай пра вясёлыя сны! Былі смешныя? Цябе будзіць мама, а ты – рагочаш?

– Ува сне? Не! Былі сны, калі мама прачыналася і крычала, таму што я лунаціла заўжды. Часцей было так: яна адкрывала вочы, а я стаю над ёй, нахіліўшыся над яе тварам, як у фільме жахаў (смяецца)! Але была і смешная гісторыя. Я неяк прачнулася на падлозе. Мне было недзе дзесяць гадоў. Халодна, гляджу на ложак, а там нічога няма. Бужу маму і пытаюся, дзе мая пасцель? Шукалі па ўсім доме. Ведаеш, дзе знайшлі? У лазенцы! Я заслала там усё, як на ложку: прасціна, падушка, коўдра і цацкі. Ува сне. Усё проста ў ванне ляжала.

– Кэці – лунацік? Ты, можа, і зараз ходзіш тут па кватэрцы ўначы? Не лавіла сябе?

– А я гэтага не ведаю (зноў смяецца)! Прачынаюся ў адным месцы заўсёды. А дзе бываю, немаведама. Ну але я сплю па ўсім ложку заўсёды.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– Я думаю, сны – самая важнае і глыбокае ў чалавеку…

– Так. Але ў мяне ўсё ж такі больш не вельмі прыемных сноў было. Быў яшчэ адзін, які добра запомніла. У 2019 годзе прысніла. Нібы я ў паліклініцы, разам са знаёмым, якога ведаю толькі адзін дзень. Ён паказвае на плінтус, на якім намаляваны аловак, і гэты аловак ажывае і пачынае маляваць. Усё ператвараецца. Я раптам бягу ўжо па дарозе, па баках – палі, шмат людзей. І мы бяжым, бяжым… Вельмі моцныя колеры. Пытаюся, што тут адбываецца? Сябар кажа: глядзі, зараз будзе гамон. Я гляджу наперад – і там вялікае сонца і яшчэ адна планета, яны сустракаюцца – і адбываецца выбух, зноў усё пачынае змяняцца. Пачынаем бегчы назад і выходзім у такі суперкампʼютарны лес: аднолькавыя залатыя дрэвы, усё кампʼютарнае…

Гэта быў вельмі даўгі і дзіўны сон, увесь не распавяду. У нейкі момант хлоп – і я зноў у паліклініцы, з якой усё пачыналася. Такое вельмі рэдка бывае, што сон як пачаўся, тым жа і скончыўся. Мне насустрач ідзе мая знаёмая акторка, якая мяне ў тэатр прывяла, перадае мне тэксты і кажа: «Усё пачынаецца проста зараз». І тут я прачынаюся. Праз некалькі дзён нас папрасілі зʼехаць з кватэры. Праз тыдзень – пачынаецца ковід. І ўсё пачалося! Проста зараз…

– Сны Кетэван Асраташвілі… А грузінскія сны сніліся?

– Калі была меншая, то так: размаўлялі са мной па-грузінску ўва сне.  Цяпер, калі мне трэба супакоіцца, я ўяўляю сябе ў адным месцы. Але гэта з рэальнасці. Я была зусім маленькая, у люльцы мяне вазілі. І была каменная царква ў гарах, у якой не праводзіліся ўжо службы. Каб я спала ціхенька, мяне ў гэтай царкве маці пакінула. І вось дзіўны ўспамін: я адна ляжу ў нейкім памяшканні і разумею, што гэта царква… І калі ў цябе едзе раптам дах і трэба супакоіцца – я прыгадваю той момант і ўяўляе гэтае сваё месца і тую цішыню…

– Утульная ціхая царква…

– І Грузія менавіта. Менавіта Грузію я лічу ўсё ж такі сваёй радзімай. А Беларусь я адчуваю каранямі. Вельмі моцныя карані беларускія. Думаю, што вось гэтая грузінская частка ў мяне дзеля таго, каб змагацца і рабіць гэта адкрыта, не баяцца нічога. Яна мне дапамагае.

Кетэван паказвае здымкі сваіх продкаў беларускага (чарнігаўскага) паходжання і такія ж здымкі па грузінскай галіне продкаў таго ж перыяду.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– А грузінскай царквы тут у Варшаве не шукала? Нейкім чынам з грузінскай супольнасцю тут кантактуеш?

– Не, толькі з таксістамі. Яны вельмі любяць са мной паразмаўляць, а я ў той час сваю грузінскую практыкую трошкі. Але з дыяспарай не падтрымліваю сувязь. Занадта шмат усяго. Я і да польскай мовы дайшла вось толькі праз год.

«У Варшаве не адчуваю віленскай утульнасці»

– А якія маеш стасункі з цішынёй?

– Часам моцна люблю яе. І самоту. Я вырасла ў вялікай сямʼі і потым заўсёды с кімсьці жыла, але не жыла адна. Таму заўсёды знаходзіла час выехаць у які-небудзь горад, пахадзіць там адной, заўжды мела ў гэтым патрэбу. Тата мяне не разумеў. Не, не таму што экстраверт, таму што – грузін: у Грузіі ўсе ходзяць разам (смяецца)! Напрыклад, зʼездзіла я ў Горадню. Тата пытаецца: «З кім?». «Адна», – кажу. А ён такі: «Ты што, хворая?..». Ну, такі ў мяне тата.

А я люблю быць на самоце. Ведаеш, вельмі важна правільна марыць. Мы ўсе, магчыма, проста няправільна марылі. Таму што мне хацелася жыць адной, хацелася пажыць у Еўропе, хацелася выступіць у еўрапейскім тэатры, музыкай займацца, выступаць. Усё ж ёсць! Усё спраўдзілася! Вось толькі ўмовы не тыя, якія б хацелася…

Мы тут з Віталём Карабанем паставілі на тэатральнай рэзідэнцыі спектакль пра эмігрантаў. Ён напісаў дакументальную пʼесу з нашых размоваў. Я там нібы сябе граю, але не зусім. У Познані нядаўна гралі. У Варшаве будзем 10-го сакавіка ў «Карме» паказваць. І нас так класна прымалі палякі! У Познані беларусы цудоўна прынялі, яны плакалі, і мы разам паплакалі там і паразмаўлялі.

Палякі ўспрымаюць гэта так: ого, у вас такія праблемы, а мы нічога не ведалі? Украінцаў, беларусаў часта ўспрымаюць так, што вось, маўляў, ходзяць тут па дыскатэках, танчаць, напіваюцца. А чаму хочацца вытанчыць усё? Чаму хочацца напіцца?

Інтэрв’ю
Пісьменніца Ева Вежнавец – пра магчымасць шчасця і карысць алкаголю падчас шпацыраў па Варшаве
2024.02.10 07:30

Пра гэта ніхто ні думае. Пра гэта расказваем у спектаклі. Там такі рэп, і мы танчым. І расказваем: я як беларуская грузінка, а Віталь – па-ўкраінску. З польскімі субцітрамі. Я напісала тэкст на музыку Мікіты Залатара. «Сам на сам я ёсць чужынкай». Пра тое, што, колькі б ты тут ні быў, ты чужынец, чужы. І мы зараз тут – кожны па сваіх куточках.

– Слухай, але эміграцыя ў Польшчы многім падаецца не такой ужо і цяжкай, бо мы нечым падобныя да палякаў, не?

– А я не лічу так. Я пажыла і ў Вільні, пажыла ў Варшаве.  Для мяне беларусы-эмігранты дзеляцца зараз на «віленцаў» і «варшавякаў». І я – Вільня (пасміхаецца). У чым адрозненне? Вільня – гэта пра штосьці спакойнае, суперінтэлігентнае, павольнае, стылёвае, утульнае. Тут, у Варшаве, гэта таксама ёсць. Але я не адчуваю тут віленскай утульнасці. Варшава вельмі вялікая і розная, а ў Вільні – усё ў адным месцы, усё разам. І вось мне не стае гэтага адчування, калі – разам. У Вільні я пражыла тры ці чатыры месяцы, прыехала сюды, бо ў Польшчы было лягчэй з дакументамі. Такая гісторыя.

– У Варшаве ты атрымала працу на «Белсаце». Як табе ўдаецца спалучаць музыку і працу ў медыях?

– Ух, вельмі няпроста. Я больш за год не мела ніякай працы і вельмі ўдзячная, што мяне ўзялі, навучылі, дапамаглі, бо я нічога не ведала. Калі шчыра, даецца вельмі няпроста. Наконт спалучаць з музыкай – першыя часы было зусім цяжка. Спрабавала на выходных штосьці творчае рабіць, але часцей за ўсё – проста валілася на канапу і засынала. Але спрабую, і ўжо лягчэй.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Я ні ў чым не расчаравалася»

– Спакой раўняецца шчасцю?

– Не, шчасце – гэта момант. Імгненне.

– Як і боль. Музыка можа быць без болю?

– Вось не ведаю. Можа. Можа быць. І вясна таксама. І я ведаеш што пажадаю ўсім беларусам на вясну? Быць шчырымі. Перад сабой. Калі ўжо дзесьці штосьці вырашылі – рабіце, і рабіце гэта з адкрытым тварам. Гэты заклік, вядома, не да тых, хто зараз у Беларусі і застаецца ў небяспецы. Да эмігрантаў. Бо шмат ад каго чую зараз: «Вось я расчаравалася ў дэмсілах, я расчаравалася ў тым і ў тым».

А я ні ў чым не расчаравалася. Бо гэта быў мой асабісты выбар – выходзіць на пратэсты ў 2020 годзе. Ішла са свайго жадання і са свайго шчырага меркавання. І ні ад кога нічога не чакала. І вось у гэтай шчырасці і павазе до свайго выбару, адкрытасці да жыцця нам зараз трэба неяк думаць пра добрае. Бо мы так часта думалі пра дрэннае, што яно і намалявалася нам усім адначасова. Хочацца, каб мы паспрабавалі намаляваць новыя рэальнасці, дзе не ўсё так дрэнна. Веру, што ў нас атрымаецца.

– Гучыць як песня! Дзякуй табе і чакаем новых твораў гэтай вясной! І клянуся: твае вочы пасінелі…

– Заўважыў, так (смяецца)? І вам вялікі дзякуй!

Агляд
14 беларускіх песень на 14 лютага – Дзень святога Валянціна, які забараняюць у Беларусі
2024.02.14 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu