Гуманізм са зброяй. Як Аляксей Талай вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь


Яго называюць беларускім Нікам Вуйчычам. Матывацыйны спікер, грамадскі дзеяч, бізнесовец, паралімпійскі спартовец, шматдзетны бацька і апантаны прыхільнік Лукашэнкі. Усё гэта пра Аляксея Талая. Ён мог пахваліцца пэўнымі дасягненнямі ў сваіх пачынаннях. Але ўсё перакрэсліў удзелам у злачынствах супраць Украіны. Менавіта Талай іграе ледзьве не ключавую ролю ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, нібыта на лекаванне. Гэтую справу ён намагаецца выдаць за гуманізм, але ў праўдзівасць і шчырасць цяжка паверыць. Бо ці можа быць гуманізм са зброяй?

Грамадскі дзеяч і паралімпійскі спартовец Аляксей Талай падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Сваёй дзейнасці на часова акупаваных тэрыторыях Украіны Аляксей Талай не хавае. Актыўна распавядае ў сацыяльных сетках ды ў інтэрв‘ю дзяржаўным медыям пра гуманітарныя грузы для пацярпелых ад абстрэлаў і ўкраінскіх дзяцей, якіх гасцінна прымаюць у Беларусі.

«Мы, як родныя людзі, зрабілі ўсё магчымае, каб аблегчыць жыццё гэтых людзей. Мы арганізавалі адпачынак іх дзяцей на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – кажа Талай.

Інтарэс да акупаваных тэрыторыяў у Талая з‘явіўся з пачаткам развязанай Расеяй вайны ва Украіне. Маўляў, да яго яшчэ ў 2014 годзе пачалі звяртацца бацькі скалечаных бамбаваннямі дзяцей. Але асмеліўся паехаць на Данбас ён толькі ў 2021 годзе. Пазней, распавядаючы пра свой візіт Аляксандру Лукашэнку, атрымаў ад яго афіцыйную згоду на ўсебаковае наладжванне сувязяў з акупаванымі Расеяй тэрыторыямі Украіны.

У каментары «Белсату» Талай пацвердзіў, што пачаў займацца дзецьмі з Данбасу да пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. «Першая група дзяцей, дарэчы, дзетак-інвалідаў, прыехала да нас у Беларусь ужо ў 2021 годзе на рэабілітацыю ў Астрашыцкі гарадок. У наш рэабілітацыйны цэнтр. І так паціху пачалася глабальная падтрымка Данбасу», – распавёў Талай.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ўсё большую колькасць дзяцей пачалі вывозіць у Беларусь нібыта на рэабілітацыю. Намагаліся пераканаць у гэтым і праўладныя СМІ, ствараючы прыгожую карцінку са шчаслівымі дзецьмі Данбасу. Вось толькі ў сеціва прасочваліся відэа, з якіх вынікала, што не толькі забавы і адпачынак прапануюць падлеткам у нашай краіне – але і ідэалагічнае апрацоўванне.

Грамадскі дзеяч і паралімпійскі спартовец Аляксей Талай падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»
Грамадскі дзеяч і паралімпійскі спартовец Аляксей Талай і спартовец-геравік Яўген Назарэвіч падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Найбольш вядомым стала відэа, дзе сёстры Груздзевы кажуць: «Каб Байдан здох, прабач мяне госпадзі, Зяленскі таксама, а Пуцін – квітнеў».

Паводле Міколы Кулэбы, экс-упаўнаважанага прэзідэнта Украіны ў справе правоў дзіцяці, дзейнасць Талая носіць усе прыкметы дэпартацыі. Бо іншая краіна спрыяе вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. І, насуперак міжнароднаму праву, не паведамляе ўкраінскаму боку, што гэта за дзеці, адкуль яны, на які тэрмін, чаму і дзе яны будуць. «Мы не ведаем, колькі дзяцей засталося ў Беларусі і ці ёсць такія дзеці. Такім чынам, украінскі бок, а гэта ўкраінскія дзеці, не мае ніякай інфармацыі, – кажа Кулэба.

Такая актыўнасць не засталася без увагі. Сёлета вясною Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю, што прызнавала ґвалтоўны вываз дзяцей у Расею – генацыдам. Лукашэнку ж і ягоны ўрад назвалі датычнымі да злачынства. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне сабрала пакет дакументаў з доказамі і спісам асобаў, якія непасрэдна ці ўскосна прымалі ўдзел у перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, і перадало яго ў Міжнародны крымінальны суд. З заклікам на выдачу ордару на арышт Лукашэнкі ў сувязі з дэпартацыяй выступіў і Камітэт замежных справаў Еўрапейскага парламенту.

Грамадскі дзеяч і паралімпійскі спартовец Аляксей Талай падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

«З пункту гледжання юрыстаў НАУ, а таксама міжнародных юрыстаў, экспертаў, якіх мы запрашаем для аналізу тых назапашаных матэрыялаў, у нас ёсць упэўненасць, што мы сабралі дастаткова доказаў дзеля таго, каб рашэнне аб ордары было выдадзенае. Але ўсё ж гэта незалежны орган і толькі ён будзе прымаць рашэнне на падставе сабраных матэрыялаў», – кажа кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Аднак ні магчымы міжнародны пераслед, ні нават персанальныя санкцыйныя захады не спынілі дзейнасці Талая. У тым ліку ў наведванні акупаваных тэрыторыяў. Гэтак, адная з апошніх ягоных паездак адбылася сёлета ў ліпені, падчас якой актывіст пабываў у Марыупалі і Данецку. Суправаджалі яго: адданы паплечнік і валанцёр фонду Талая, спартовец-геравік Яўген Назарэвіч, карэспандэнтка дзяржаўнага тэлеканалу АТН Настасся Бенедысюк і кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Дзмітрый Шаўцоў сярод іншага заявіў, што Беларускі Чырвоны Крыж спрыяў і далей будзе дапамагаць у перамяшчэнні дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.

Грамадскі дзеяч і паралімпійскі спартовец Аляксей Талай фатаграфуецца з расейскімі баевікамі падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»
Грамадскі дзеяч і паралімпійскі спартовец Аляксей Талай фатаграфуецца з баявіком Ільяс з пазыўным Ірландзец падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

«Нават пасля таго, як Беларускі Чырвоны Крыж быў абвінавачаны, яны працягваюць казаць, што мы рабілі, робім і будзем рабіць. То бок ён не прызнае, што парушае заканадаўства. І гэта кажа пра тое, што Міжнароднаму Чырвонаму Крыжу трэба сёння прымаць рашэнне і даць дакладныя тлумачэнні, што, на іхную думку, адбываецца. І прыняць рашэнне», – кажа Мікола Кулэба, упаўнаважаны прэзідэнта Украіны (2014–2021) у справе правоў дзіцяці.

А наколькі місія ў Марыупалі гэтым летам мела выключна гуманітарны характар, можна меркаваць з фотаархіву, які нам перадала ініцыятыва «Белпол». Гэтак, на здымках бачым Дзмітрыя Шаўцова ў мілітары-адзенні з шэўронамі зэт, здымаецца ён на фоне зруйнаваных абстрэламі дамоў. А вось Аляксей Талай фатаграфаваўся не толькі на рэштках будынкаў, але і з прарасейскімі баевікамі і са зброяй. Праўда што, гэтага моманту чамусьці прыгадаць не змог у размове з намі.

«Я не памятаю, дзе гэта такія здымкі былі. Не памятаю. Можа быць, нейкія вайскоўцы падыходзілі фатаграфавацца са мной як з паралімпійцам, са сваёй зброяй. І там, напэўна, нават цяжка было зарыентавацца і забараніць ім», – кажа Талай у размове з «Белсатам».

На фотаздымках – не выпадковыя вайскоўцы. Прынамсі, адзін з іх – вядомы баявік Ільяс з пазыўным Ірландзец, які мае беларускія і чачэнскія карані ды працяглы час жыў у Еўропе. Але ў 2020-м паехаў ваяваць на Данбас. Праз гэта пуцінскія і лукашэнкаўскія прапагандысты любяць распавядаць ягоную гісторыю. Магчыма, Талай і забыўся, што рабіў з баевіком цэлую фатасесію.

Пакуль адказнасці за перамяшчэнне дзяцей ніхто так і не панёс, але дзейнасць Талая мела свае наступствы для беларускай паралімпійскай зборнай, чальцом якой ён ёсць. Як падкрэслівае Анатоль Котаў, Міжнародны камітэт фактычна адразу ж адхіліў ад удзелу ў спаборніцтвах спартоўцаў з Расеі і Беларусі. Гэткія рашучыя меры былі абумоўленыя падыходамі арганізацыі, бо акурат праз вайну людзей з траўмамі і калецтвамі робіцца болей.

«Па вялікім рахунку, тое становішча, у якім апынулася беларуская алімпійская зборная і Беларускі паралімпійскі камітэт – гэта пэўная заслуга спадара Талая», – кажа Анатоль Котаў, кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Фонду спартовай салідарнасці.

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў (пасярэдзіне) падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»
Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Цяпер жа Народнае антыкрызіснае ўпраўленне рыхтуе чарговую заяву і дадатковы пакет доказаў ваенных злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Неўзабаве яго перададуць Міжнароднаму суду. Але, зазначае Павел Латушка, чакаць імгненнага выраку не выпадае, бо, як паказала практыка расследаванняў злачынстваў супраць мірных пратэстоўцаў, ён можа займаць як тры, так і болей гадоў.

Пастанова Саўміна саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі аб дапамозе дзецям Данбасу прынятая 16 верасня 2022 года. Тады размова ішла аб прыездзе ў Беларусь 1050 украінскіх дзяцей.

На мінулым тыдні ў Беларусь прывезлі новую групу дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны. 40 дзяцей з Марыупалю і Дакучаеўску накіравалі ў Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Колас» у Кобрынскім раёне.

Марыля Дакуцька belsat.eu

Стужка навінаў