Еўракамісія зацвердзіла прапанову аб спыненні дзеяння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Расеяй


Еўракамісія зацвердзіла прапанову аб поўным спыненні дзеяння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Расеяй. Аб гэтым паведаміла ў аўторак на прэс-канферэнцыі ў Бруселі еўракамісарка ва ўнутраных справах Ільва Югансан.

Ільва Югансан.
Фота: POOL / Reuters / Forum

Еўракамісарка чакае зацверджання Радай ЕЗ гэтага рашэння цягам тыдня.

«Я ўпэўненая, што Рада ЕЗ хутка зацвердзіць гэтую прапанову, і ў панядзелак раніцой у нас будзе новы візавы рэжым у адносінах Расеі», – адзначыла Югансан.

Паводле яе, для грамадзянаў РФ стануць больш складанымі і дарагімі працэдуры атрымання візаў у ЕЗ. Югансан мяркуе, што Балгарыя, Румынія і іншыя краіны ЕЗ, якія не ўваходзяць у Шэнгенскае пагадненне, таксама паменшаць колькасць візаў, што выдаюцца расяянам. Краіны ЕЗ атрымаюць права адмаўляць у візах грамадзянам РФ, якія «могуць пагражаць бяспецы гэтых краінаў і ЕЗ». Пры гэтым Еўракамісія мае намер спрасціць выдачу візаў «студэнтам, журналістам, дысідэнтам і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці» Расеі.

«Грамадзяне Расеі не павінны мець лёгкі доступ у Еўразвяз, і, вядома, быць турыстамі ў ЕЗ не ёсць фундаментальным правам. Еўракамісія сёння прыняла прапанову цалкам спыніць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Расеяй», – паведаміла Ільва Югансан.

Еўракамісія таксама ўнесла ў Раду ЕЗ прапанову аб непрызнанні расейскіх замежных пашпартоў, выдадзеных на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Антон Тачняк belsat.eu

 

 

 

Стужка навінаў