«Мы толькі абмяркоўвалі супраціў у выпадку расейскай агрэсіі». Дапыталі сведку ў «справе Аўтуховіча»


У Горадні працягваецца разгляд крымінальнай справы «групы Аўтуховіча». Судовы працэс ідзе над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу і вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме. Сёння ў судовым паседжанні быў дапытаны Віктар Снегур, паведамляе прапагандыстка Людміла Гладкая.

Судовы працэс над «групай Аўтуховіча». Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

У гучнай палітычнай справе працягваецца допыт абвінавачваных. Сёння дапытвалі Віктара Снегура, які нібыта дапамагаў Мікалаю Аўтуховічу нелегальна пераходзіць беларуска-ўкраінскую мяжу і займаўся кантрабандай. Снегур – нарадзінец Украіны, з бацькамі пераехаў у Беларусь. Праходзіў вайсковую службу. У 2014-м годзе ён быў асуджаны за «арганізацыю незаконнай міграцыі», 2 гады правёў у зняволенні.

Віктар Снегур заявіў у судзе, што не ведае нічога пра зброю або пра акцыі, якія праводзіў, планаваў Аўтуховіч.

Таксама абвінавачваны заявіў, што ён выступае супраць курсу ўлады, але не ненавідзіць яе. Мужчына дадаў, што заўжды з падазрэннем ставіўся да інтэграцыйных працэсаў з Расейскай Федэрацыяй, бо краіна на гэты момант праводзіць варожую палітыку ў дачыненні Беларусі.

«Зыходзячы з гісторыі, Расея заўсёды была ворагам для Беларусі», – заявіў Снегур.

Таксама абвінавачваны дадаў, што яны размаўлялі з Аўтуховічам пра магчымую агрэсію з боку Расеі.

«Калі пачала ўзрастаць імавернасць ваеннай агрэсіі, паглынання нашай дзяржавы Расеяй, мы пачалі разважаць, што трэба арганізаваць супраціў», – заявіў Снегур.

Мужчына дадаў, што размова ішла аб стварэнні патрыятычных групаў, якія б супрацьстаялі магчымым правакацыям на тэрыторыі Беларусі. У выпадку, калі б сталі захопліваць адміністрацыйныя будынкі, трэба было б здзяйсняць супраціў.

Аб’ектыў
У Горадні пачаўся суд па «справе Аўтуховіча». Што вядома на дадзены момант?
2022.05.18 23:04

Абвінавачваны дадаў, што яны толькі абмяркоўвалі сілавыя метады абароны і ўжывання зброі.

«Я не кажу, што я збіраўся ўжываць зброю, я кажу, што мы абмяркоўвалі такія тэмы. Да гэтага не дайшло, сітуацыя нармалізавалася», – падсумаваў Снегур.

Нагадаем, што ў справе праходзяць 12 асобаў: Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы, а таксама Ірына і Антон Мельхеры.

Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачванне паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Паводле гэтага артыкулу Аўтуховічу пагражае смяротнае пакаранне.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў