Суд Савецкага раёну Менску прызнаў Вольгу Гарбунову вінаватай і асудзіў да трох гадоў «хатняй хіміі». Былую кіраўніцу цэнтру дапамогі жанчынам, якія перажылі хатні гвалт вызвалілі з-пад варты наўпрост у судовай залі, – паведамляе тэлеграм-канал «Girls Power Belarus».
Вольгу Гарбунову абвінавачвалі па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Раней заставалася верагоднасць, што Гарбунову хацелі абвінаваціць яшчэ і паводле трох частак артыкулу 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках»)
Нагадаем, што Вольгу Гарбунову затрымалі 9 лістапада 2021 году і да суду змясцілі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Вядома, што пасля затрымання Вольга амаль два тыдні трымала галадоўку. Родныя некалькі дзён не ведалі, дзе яна знаходзіцца. Яна правяла ў СІЗА паўгода.
У сакавіку 2022 года Менскі гарадскі суд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне «Радзіслава».
ЗХ belsat.eu