У Польшчы зноў пратэстуюць фермеры: дайшло да сутычак з паліцыяй


6 сакавіка ў Варшаве праходзіць чарговая акцыя польскіх аграрыяў. Сёння да іх далучыліся шахтары, леснікі і паляўнічыя. Аб гэтым паведамляе выданне «Rzeczpospolita».

Польскія фермеры спалілі імправізаваную труну з надпісам «Фермер. Жыў 20 гадоў. Яго забіў зялёны курс».
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Прычынай для пратэстаў стала рашэнне Еўрапейскай камісіі аб працягу бяспошліннага гандлю з Украінай да 2025 года, а таксама так званая палітыка «Зялёнага курсу», якая робіць больш жорсткімі патрабаванні ў галіне сельскай гаспадаркі.

Пратэст пачаўся аб 11-й гадзіне па польскім часе каля Канцылярыі прэм’ер-міністра краіны. Паколькі ўлады забаранілі праезд трактароў у Варшаву, то фермеры пакінулі іх па-за межамі гораду. Да канцылярыі пратэстоўцы прыгналі вялікі трактар з надпісам «Аграабрамс».

На месцы збору пачалі падрываць петарды, паліць шыны, таксама тут падпалілі сімвалічную труну з надпісам «Фермер. Жыў 20 гадоў. Яго забіў зялёны пераход». Абгарэлыя дошкі пратэстоўцы кінулі ў паліцыю – пасля чаго тая адціснула пратэстоўцаў далей ад канцылярыі, але, паводле карэспандэнтаў «Rzeczpospolita», не праводзіла затрыманняў.

Пазней калона з пратэстоўцамі рушыла ў бок польскага Сейму. Тут пачаліся сутычкі з паліцыяй: пратэстоўцы кідалі ім пад ногі петарды. Паліцыя стала прымяняць пярцовы газ і адцясняць пратэстоўцаў.

У выніку сутычак было паранена некалькі паліцыянтаў, таксама паведамляецца пра некалькі дзясяткаў затрыманых пратэстоўцаў.

У паліцыі Варшавы падкрэслілі, што ўсе інцыдэнты рэгіструюцца і будуць прааналізаваныя. У выпадку парушэння закону, да парушальнікаў будуць прынятыя адпаведныя меры.

Аналітыка
Чаму польскія фермеры не перакрылі мяжу з Беларуссю і колькі Польшча купляе беларускага збожжа?
2024.03.05 16:21

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў