Расейскія войскі атакавалі Адэсу, калі ў ёй быў прэм’ер Грэцыі


6 сакавіка расейскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Адэсе – у гэтым момант у горад разам з Уладзімірам Зяленскім наносіў візіт прэм’ер-міністр Грэцыі Кірыякіс Міцатакіс. Мэтай расейскіх войскаў, як сцвярджае «Еўрапейская праўда», быў картэж прэзідэнта Украіны.

Прэм’ер-міністр Грэцыі Кірыякіс Міцатакіс і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Адэсе. 6 сакавіка 2024 года. Крыніца: president.gov.ua

Ракеты ўпалі непадалёк ад месца, дзе была грэчаская дэлегацыя. Пацярпелых сярод чальцоў дэлегацыі ў выніку выбухаў няма.

«Мы ўсе ў парадку», – прыводзіць выданне словы дзяржаўнага міністра Грэцыі Стаўраса Папастаўру.

Украінскія афіцыйныя ўрадавыя крыніцы заявілі, што ніякіх праблем з бяспекай прэм’ер міністра і грэчаскай дэлегацыі няма.

Пазней Уладзімір Зяленскі пракаментаваў атаку на горад:

«Мы бачылі сёння гэты адпаведны ўдар. Вы бачыце, з кім мы маем справу, ім усё адно, куды біць. Я знаю, што сёння былі ахвяры, усіх яшчэ дэталяў не ведаю, але ведаю, што ёсць ахвяры, ёсць загінулыя і параненыя».

У сваю чаргу Кірыякіс Міцатакіс падзяліўся сваімі эмоцыямі пасля ўдару: «Мы не паспелі пайсці ў абароненае месца, гэта вельмі ўражальны досвед». Ён таксама адзначыў, што Уладзімір Зяленскі паказаў і патлумачыў дэлегацыі значэнне порту для ўзмацнення марскога шляху. Пасля гэтага ўсе пачулі гукі сірэн і выбухі, якія раздаліся вельмі блізка ад чальцоў дэлегацыі і прадстаўнікоў украінскіх уладаў.

Узброеныя сілы Расеі паведамілі пра тое, што раніцай нанеслі ракетны ўдар па ангары ў партовым раёне Адэсы, дзе «ішла падрыхтоўка да баявога прымянення ўкраінскіх безэкіпажных катараў». Як сцвярджае Мінабароны РФ, мэта ракетнага ўдару дасягнутая.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў